Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь — дзяржаўная ўстанова Беларусі ў галіне падрыхтоўкі законапраектаў, заснаваная ў 1992 годзе.
Паводле 4-га пункта Палажэння аб НЦЗПД 2007 года, «цэнтр з’яўляецца юрыдычнай асобай, падпарадкаванай прэзідэнту Рэспублікі Беларусь». На 2018 год НЦЗПД Беларусі ўключаў: 4 упраўленні — а) заканадаўства аб грамадзянскіх, фінансава-эканамічных і экалагічных адносінах; б) заканадаўства аб нацыянальнай бяспецы і праваахоўнай дзейнасці; в) канстытуцыйнага і міжнароднага права; г) сацыяльнага заканадаўства; 2 аддзелы — а) арганізацыйнага і тэхнічнага забеспячэння, б) фінансава-эканамічны; Інстытут прававых даследаванняў.
Гісторыя 23 красавіка 1992 года Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь зацвердзіў Пастанову № 1610-XII «Аб стварэнні Беларускага інстытута дзяржаўнага будаўніцтва і заканадаўства» (БІДБЗ). 5 лістапада 1992 г. Вярхоўны Савет Беларусі ўхваліў Пастановай № 1915-XII Статут і колькасць работнікаў БІДБЗ у памеры 64 адзінак. 28 ліпеня 1997 г. А. Лукашэнка падпісаў Указ № 407 «Аб стварэнні Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь» з 1 лістапада 1997 года. Паводле 1-га пункта Указа, прадугледжвалася «ажыццяўляць прыём на працу ... цягам 1997—1999 гадоў пры ўмове адначаснага скарачэння штатнай колькасці Беларускага інстытута дзяржаўнага будаўніцтва і заканадаўства (БІДБЗ) ... на колькасць адзінак, якая ўдвая перавышае лік работнікаў» Цэнтра. Згодна з 2-м пунктам, пастанаўлялася «падпарадкаваць БІДБЗ Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», якая мела да 1 студзеня 1998 г. ліквідаваць яго. Паводле 4-га пункта Указа, Адміністрацыі прэзідэнта даручалася «да 1 лістапада 1997 г. правесці атэстацыю службовых асоб і іншых супрацоўнікаў БІДБЗ і па яе выніках прыняць адпаведных асоб (да паловы ад штату) на працу ў цэнтр» (НЦЗД).
13 снежня 2007 г. А. Лукашэнка падпісаў Указ № 630, паводле якога пераўтварыў НЦЗД у Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь «шляхам далучэння да яго дзяржаўнай навуковай установы „Інстытут дзяржавы і права Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі“». Паводле 3-га пункта Указа, «колькасць навуковых работнікаў і работнікаў, якія забяспечваюць дзейнасць дадзенага Цэнтра, складае 40 адзінак». На 8 лістапада 2017 г. НЦЗПД Беларусі падрыхтаваў каля 1000 заканадаўчых актаў за 20 гадоў.
1 ліпеня 2024 года арганізацыя спыніла сваё існаванне. Правапераемнікам па ўсіх правах і абавязках Нацыянальнага цэнтра заканадаўства стаў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававой інфармацыі Рэспублікі БеларусьВ Беларуси начал работу Национальный центр законодательства и правовой информации.
Паўнамоцтвы Паводле 7-га пункта Палажэння аб НЦЗПД 2007 года, Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь мае паўнамоцтвы: «запытваць і атрымліваць ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку ад дзяржаўных органаў, іншых арганізацый і фізічных асоб дакументы, неабходныя для ажыццяўлення сваёй дзейнасці; выкарыстоўваць дзяржаўныя (у тым ліку ўрадавыя) сродкі сувязі і камунікацыі; заключаць у межах сваёй кампетэнцыі дагаворы з дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі і фізічнымі асобамі, а таксама з органамі і арганізацыямі замежных дзяржаў, міжнароднымі арганізацыямі і міждзяржаўнымі ўтварэннямі; фармаваць пры Цэнтры аналітычныя і іншыя групы для правядзення навуковых даследаванняў у галіне права і рэалізацыі іншых паўнамоцтваў».
Задачы Паводле 6-га пункта Палажэння аб НЦЗПД 2007 года, задачамі Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў з’яўляюцца: «распрацоўка штогадовых планаў падрыхтоўкі законапраектаў, канцэпцыі праектаў законаў, унясенне іх ва ўстаноўленым парадку на зацвярджэнне (адабрэнне, узгадненне) прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ажыццяўленне кантролю за рэалізацыяй планаў падрыхтоўкі законапраектаў; ажыццяўленне арганізацыйна-мэтадалагічнага забеспячэння падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў, а таксама распрацоўка, абагульненне і ўкараненне перадавых тэхналогій падрыхтоўкі праектаў прававых актаў; непасрэдная распрацоўка праектаў законаў, за выключэннем праектаў, падрыхтоўка якіх ускладзена на іншыя дзяржаўныя органы (арганізацыі); непасрэдная распрацоўка праектаў нарматыўных прававых актаў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь і іншых міжнародна-прававых актаў, падрыхтоўка якіх ускладзена на цэнтр; падрыхтоўка праектаў прававых актаў, міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь і іншых міжнародна-прававых актаў на аснове заключаных дагавораў; правядзенне абавязковай юрыдычнай экспертызы праектаў законаў, якія ўносяцца ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, змяненняў і дапаўненняў, унесеных у законапраекты ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь; распрацоўка прыярытэтных напрамкаў навукова-прававых даследаванняў, а таксама самастойнае правядзенне ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, навуковых даследаванняў і распрацовак у галіне права, уключна з фундаментальнымі і дастасоўнымі даследаваннямі, эксперыментальнымі работамі, накіраванымі на павелічэнне аб’ёму ведаў у галіне права і павышэнне эфектыўнасці выкарыстання гэтых ведаў, у тым ліку з мэтай забеспячэння нарматворчай дзейнасці; правядзенне аналітычных і навуковых даследаванняў стану, тэндэнцый развіцця і практыкі прымянення заканадаўства, выпрацоўка прапаноў аб напрамках яго ўдасканалення ў адпаведнасці з зацверджанымі планамі, па даручэнні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ці Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або на аснове заключаных дагавораў; садзейнічае развіццю юрыдычнай навукі, унясенне адпаведным арганізацыям прапановы па тэматыцы даследаванняў у галіне права; распрацоўка рэкамендацый па выкарыстанні вынікаў навуковых даследаванняў і спрыянне іх практычнаму ўкараненню; правядзенне параўнальна-прававых даследаванняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь і замежных дзяржаў у адпаведнасці з зацверджанымі планамі, па даручэнні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ці Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або на аснове заключаных дагавораў; ажыццяўленне на 1-й ступені пасляўніверсітэцкай адукацыі (аспірантура) падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі па юрыдычных спецыяльнасцях; выступленне ва ўстаноўленым парадку ў якасці галаўной арганізацыі па дзяржаўных праграмах навуковых даследаванняў; каардынаванне навуковых даследаванняў, якія ім праводзяцца, з іншымі арганізацыямі, ўзаемадзеянне з навуковымі арганізацыямі і ўстановамі вышэйшай адукацыі ў развіцці навуковых даследаванняў і ў падрыхтоўцы навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі па юрыдычных спецыяльнасцях; узаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі, навуковымі арганізацыямі, іншымі юрыдычнымі, а таксама фізічнымі асобамі Рэспублікі Беларусь і замежных дзяржаў, з міжнароднымі арганізацыямі і міждзяржаўнымі ўтварэннямі па пытаннях, што ўваходзяць у кампетэнцыю Цэнтра; узаемадзеянне з Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй Рэспублікі Беларусь і саветамі па абароне дысертацый па юрыдычных спецыяльнасцях; удзел у выкананні міждзяржаўных навуковых праграм і праектаў, ажыццяўленне міжнароднай супрацы па пытаннях, якія ўваходзяць у кампетэнцыю Цэнтра; правядзенне мерапрыемстваў па сістэматызацыі заканадаўства, а таксама забеспячэнне фармавання і вядзення Збору законаў Рэспублікі Беларусь; арганізацыя мерапрыемстваў па павышэнні кваліфікацыі работнікаў дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый па пытаннях нарматворчай дзейнасці, а таксама канферэнцыі (сімпозіумы, семінары і інш.) па актуальных навуковых праблемах у галіне права; тлумачэнне ва ўстаноўленым парадку пытанняў прымянення заканадаўства, якое рэгулюе нарматворчую дзейнасць; удзел у падрыхтоўцы навукова-практычных каментарыяў да кодэксаў і іншых законаў, у выданні навуковых часопісаў».
Кіраўнікі Антон Матусевіч (1994—1997) Ігар Андрэеў (1 кастрычніка 1997 — 1 лютага 2005) Валерый Міцкевіч (11 сакавіка 2005 — 4 чэрвеня 2009) Вадзім Іпатаў (з 13 кастрычніка 2009 г.)
Спасылкі
Старая старонка
Катэгорыя:Дзяржаўныя арганізацыі Беларусі Катэгорыя:Маскоўскі раён (Мінск) Катэгорыя:Права Беларусі