Генадзь Мікалаевіч Мажэйка (нар. , Мінск, БССР, СССР) — беларускі журналіст «КП у Беларусі», палітычны зняволены. 1 кастрычніка 2021 года быў арыштаваны ў сувязі з прафесійнай дзейнасцю, беларускія і расійскія журналісты і праваабаронцы заклікалі вызваліць яго.

Біяграфія Нарадзіўся 11 мая 1982 года ў Мінску. У 2004 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. З 2009 года працаваў у газеце «Комсомольская правда в Белоруссии», беларускай версіі газеты «Камсамольская праўда». У 2011 годзе заняў другое месца ў фотаконкурсе «Belarus Press Photo». Пісаў на тэмы, звязаныя з транспартам, тэхналогіямі, гісторыяй, арміяй і ваеннай тэхнікай.

У жніўні 2020 года Мажэйка асвятляў падзеі першых дзён масавых пратэстаў. У ноч з 11 на 12 жніўня 2020 года па заданні рэдакцыі працаваў у мікрараёне Серабранка ў складзе групы з чатырох журналістаў «КП у Беларусі». Нягледзячы на наяўнасць камізэлькі з надпісам «Прэса» і белай каскі, быў лёгка збіты невядомымі сілавікамі. Пазней ён успамінаў: «Увесь наш „дыялог“ суправаджаўся крыкамі і пагрозамі, штурхлямі дубінкамі па нагам, па рукам. Больш усяго дасталася нашаму кіроўцы. Ён адвярнуўся, каб адкрыць багажнік, нахіліўся, а яго пачалі біць па руках і нагах».

28 верасня 2021 года ў кватэры на захадзе Мінска адбылася перастрэлка паміж супрацоўнікамі спецпадраздзялення КДБ «Альфа» ў цывільным і мінаком Андрэем Зельцэрам, у выніку якой загінулі Зельцэр і адзін з супрацоўнікаў КДБ. Мажэйка аператыўна падрыхтаваў заметку для сайта «КП у Беларусі», якая была апублікавана а 22 гадзіне. У працэсе напісання матэрыялу ён узяў каментар у аднакласніцы Зельцэра, якая ахарактарызавала яго станоўча. Ранкам 29 верасня сайт выдання быў заблакаваны Міністэрствам інфармацыі Беларусі без папярэдняга апавяшчэння, і верагоднай прычынай блакіроўкі называўся артыкул Мажэйкі. Таксама сайт выдання стаў недасяжны з-за мяжы. Пасля беларуская рэдакцыя «Камсамольскай праўды» адрэдагавала нататку, а затым і зусім выдаліла яе..

30 верасня 2021 года Мажэйка знаходзіўся ў Маскве, адкуль тэлефанаваў маці. 1 кастрычніка ў яго кватэры ў Мінску адбыўся ператрус, а вечарам стала вядома, што Мажэйка знаходзіцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Мінску. Праваабарончы цэнтр «Вясна», які першым паведаміў пра арышт Мажэйкі, заявіў, што яго затрымалі ў Маскве. Пастаянная камісія па правах чалавека ў інфармацыйнай сферы заклікала вызваліць Мажэйку. 4 кастрычніка 2021 года прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў пракаментаваў затрыманне, заявіўшы, што не можа адобрываць арышт журналіста за яго прафесійную дзейнасць. 4 кастрычніка 2021 года заклікаў вызваліць Мажэйку.

6 кастрычніка 2021 года сумеснай заявай шасці арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр "Вясна", Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЕН-цэнтр, Мажэйка быў прызнаны палітычным зняволеным. 11 кастрычніка стала вядома, што Мажэйку прад’явілі абвінавачанні па двух артыкулах КК РБ за распальванне сацыяльнай варожасці (арт. 130) і абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369).

23 сакавіка 2023 года Генадзя Мажэйку асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі.

Спасылкі Пишет о технологиях, призёр Пресс-фото Геннадий Можейко: «Никогда не думал, что такое может происходить в моей стране»  — Press Club Belarus Старонка Генадзя Мажэйкі на сайце Праваабарончага цэнтра «Вясна»

Катэгорыя:Асобы, прызнаныя палітычнымі зняволенымі праваабарончым цэнтрам «Вясна» Катэгорыя:Журналісты Беларусі