«Рыцар Янка і каралеўна Мілана» — фэнтэзійна-прыгодніцкая трылогія, серыя прыгодніцкіх гісторый юнакоў у іншасвеце, які нагадвае беларускае Сярэднявечча. Фэнтэзі на падставе беларускай міфалогіі. Аўтар кнігі — Алег Грушэцкі, ілюстратар — Віктар Козел, выдавецтва — «Чатыры чвэрці». Для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.
Першая частка — «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства» (рэд. Аксана Спрынчан) — пабачыла свет у 2021 годзе, другая частка — «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героі» (рэд. Марыя Ліпніцкая) — выйшла ў 2022 годзе, трэцяя частка «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд» (рэд. Марына Варабей) была выдадзена ў 2023 годзе.
Сюжэт
«Таямнічае каралеўства» thumb|справа|«Таямнічае каралеўства». Юныя брат і сястра, Янка і Мілана, прыязджаюць на летнія вакацыі ў вёску і выпадкова знаходзяць у дзедавай каморы загадкавае старажытнае люстэрка, упрыгожанае шляхецкім гербам, праз якое трапляюць у таямнічае каралеўства Сварга, якое нагадвае беларускае Сярэднявечча і адначасова казачны свет, дзе ўсё жывое размаўляе чалавечай мовай, дзе ёсць рыцары, Цмок, міфічныя істоты з беларускіх паданняў: волат Вярнігара, вужалкі, гарцукі і злыдні, ваўкалакі, лясун, багнік Кадук… Але тое, калісьці шчаслівае ды славутае каралеўства, падманам і падступствам захапіў злы чараўнік Волх, які ўтрымліваецца на троне пры дапамозе чарадзейства і бязлітасных чорных ваўкалакаў, ды трымае ўсіх мірных жыхароў каралеўства ў спалоху.
Згодна са старажытнай легендай, якая захавалася ў мудрага Пугача, менавіта гэтым юнакам належыць выратаваць каралеўства. Яны бяруцца за справу і выпраўляюцца ў небяспечнае падарожжа — праз страшны Чорны Лес і праз топкае балота брыдкага багніка Кадука. Юныя героі аб’яднаюць вакол сябе просты люд, парэшткі ваяроў і рыцараў, а яшчэ мужных баявых мядзведзяў і дужых бясстрашных зуброў. Нават сапраўднага Цмока перавабліваюць на свой бок. У барацьбе ім дапаможа дух еднасці, гатоўнасць ахвяраваць сабою за іншага, дабрыня і арыентаванасць у бок святла.
Юнакоў чакаюць неверагодныя прыгоды, рыцарскія бітвы, таямніцы, складаныя загадкі-галаваломкі, барацьба за волю і вызваленне краю ад злога чарадзея і ненавісных чорных ваўкалакаў. Але прыгоды і бітвы, пераадоленне ўласных страхаў і перашкод толькі гартуюць, і зробяць са звычайных хлопчыка і дзяўчынкі сапраўдных герояў.
«Каралеўству патрэбны героі» thumb|справа|«Каралеўству патрэбны героі». Да канца летніх вакацый застаецца зусім нядоўга, але перад ад’ездам дадому юнакі Янка і Мілана жадаюць яшчэ раз наведаць таямнічае каралеўства Сварга. Толькі за гэты час адбыліся ў ім жахлівыя змены — Цмок быў забіты, Вярнігара знік, а каралеўства захапіў яшчэ больш магутны і злы вядзьмак, якім рухае толькі помста. Юныя героі ізноў выпраўляюцца ў небяспечнае падарожжа праз гіблыя мясціны — Чорны Лес і Паганае Балота. І задача перад імі зараз стаіць больш складаная. Але найперш давядзецца адшукаць волата Вярнігару і ўратаваць з вязніцы караля Мацея, якога змогуць вызваліць толькі таямнічыя веды прыгажунь-вужалак, якія, апроч усяго, яшчэ пакажуць і свой ваяўнічы характар на поле бітвы.
Юнакам належыць ізноў узначаліць барацьбу, толькі цяпер змагацца давядзецца куды з больш страшным і магутным злом, здольным вынішчыць усё на сваім шляху. Падчас прыгод юныя героі нават у такіх цяжкіх умовах завядуць сабе новых сяброў і спазнаюць прыгожае пачуццё закаханасці. А іх сябры, мужныя рыцары і ваяры, прымуць удзел у сапраўдных рыцарскіх спаборніцтвах. У цяжкай барацьбе за волю юнакам дапамогуць як старыя, так і новыя знаёмыя — брат Вярнігары асілак Вярнідуб, сёстры спрытных гарцукоў, здольныя страляць маланкамі, і іншыя міфічныя істоты. Янка і Мілана прымуць удзел у бітвах яшчэ больш гучных і слаўных. Але ці дадуць рады юныя героі тым выпрабаванням — залежыць толькі ад іх саміх, ад іх смеласці, мудрасці, рашучасці і адвагі.
«Агонь і лёд» thumb|справа|«Агонь і лёд». Янка з Міланай прыязджаюць у дзедаву вёску на зімовыя вакацыі, дзе іх чакаюць снежныя забавы, Каляды з хаджэннем па дварах з каляднай зоркай і песнямі ды каляднай варажбой. Падчас адпачынку яны вырашаюць яшчэ раз наведаць таямнічае каралеўства Сварга. Выяўляецца, што бяда прыйшла цяпер да іх сяброў — каралевічаў Рэглы і Сэнмура, чые землі прагне захапіць і замарозіць магутная вядзьмарка Маразанна: ёй падуладная стыхія ветру, яна здольная ўсё ператварыць у лёд, а на службе ў яе верна служаць чараўнік Падвей і паветрыкі.
Каб даць рады новай навале, Янку з Міланай належыць прайсці праз шмат выпрабаванняў: ім давядзецца прабірацца ўначы скрозь жудасныя могілкі з кастамахамі, спаткацца са Змяіным каралём, адгадаць шмат загадак, адшукаць таемны пакой і магічны кій, выявіць незвычайную кемлівасць і аб’яднаць тры каралеўствы. А яшчэ яны ўпершыню выправяцца ў палёт на Цмоку, каб знайсці высока ў гарах загадкавы народ – таямнічыя вілы, феі, якія здольныя бачыць мінулае і прадказваць будучыню. У барацьбе юнакам дапамагаюць браты-волаты Вярнігара і Вярнідуб, бабралакі, мядзведзялакі і ўсе, хто мае адважнае сэрца і прагне жыць свабодным. Юных герояў чакаюць новыя знаёмствы, неверагодныя прыгоды і слаўныя бітвы.
Гісторыя стварэння
Першая частка рамана «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства» была напісана 10 лістапада 2012 года«Сямейная праграма» // 1 Нацыянальны канал Белрадыё, 15 мая 2021. Урывак з рамана быў прадстаўлены на конкурсе «Першая глава» (арганізатар — выдавецтва «Рэгістр») 1 снежня 2012 года, што фактычна робіць твор першым сучасным сапраўдным беларускім фэнтэзі.
За восем гадоў кніга каля пяці разоў перапісвалася, праводзіліся кансультацыі з рэдактарамі, сябрамі-пісьменнікамі і гісторыкамі для паляпшэння твора. Тэлеканал «Беларусь 3», праграма «Суразмоўцы», 20 ліпеня 2024. Аўтар доўга шукаў выдавецтва, якое пагадзілася б надрукаваць кнігу. Радыё Марыя, 23 жніўня 2023.
У красавіку 2021 года кніга нарэшце выйшла ў выдавецтве «Чатыры чвэрці». Рэдактарам яе стала дзіцячая пісьменніца Аксана Спрынчан, аформіў кнігу мастак Віктар Козел, выкладчык малявання ў Крупіцкай школе мастацтваў.
Упершыню кніга была прадстаўлена на юбілейнай творчай вечарыне святкавання 15-годдзя Паэтычнага тэатра «Арт. С» 23 красавіка 2021 года, амаль адразу пасля выхаду з друку.
У 2022 годзе пабачыла свет другая частка трылогіі, «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героі». Рэдактарам выступіла Марыя Ліпніцкая, спецыяліст па рэдакцыйнай падрыхтоўцы выданняў. Урывак з кнігі быў зачытаны самім аўтарам у жніўні 2023 года ў праграме «Культурная пятніца» на канале «Радыё Марыя».
21 лютага 2023 года, на Міжнародны дзень роднай мовы, Алег Грушэцкі паведаміў пра завяршэнне працы над трэцяй, заключнай часткай трылогіі пад назвай «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд».
18 мая 2023 года аўтар прадстаўляў серыю «Рыцар Янка і каралеўна Мілана» на круглым стале «Сучасная літаратурная казка: суадносіны фальклорнай і літаратурнай традыцыі», які праходзіў у межах III Міжнароднага форума даследчыкаў беларускай казкі (арганізатар — Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі) .
17 жніўня 2023 года ў выдавецтве «Чатыры чвэрці» выйшла трэцяя, завяршальная частка трылогіі «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд». Рэдактар кнігі — філолаг, навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Марына Варабей. Адмыслова да кнігі аўтарам быў напісаны калядны верш, які увайшоў у кнігу.
У адным з інтэрв’ю аўтар прызнаўся, што некаторыя моманты ў кнізе носяць і біяграфічныя моманты, альбо напісаныя на падставе ўласнага жыццёвага досведу самога пісьменніка. Канал «Культура» Беларускага радыё, 12 студзеня 2023. А таксама, што ім распачата праца над напісаннем кінасцэнарыя паводле першай часткай кнігі «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства». Летам 2024 года падчас інтэрв'ю ў праграме «Суразмоўцы» на тэлеканале «Беларусь 3» Алег Грушэцкі паведаміў, што праца завершана, а сцэнарый прымаў удзел у конкурсе Міністэрства культуры і «Беларусьфільма». Тэлеканал «Беларусь 3», праграма «Суразмоўцы», 20 ліпеня 2024.
Радыёпастаноўка thumb|250px|right|Алег Грушэцкі на канале «Культура» Беларускага радыё распавядае пра кнігу (2023). У 2023 годзе канал «Культура» Беларускага радыё запісаў чытанне першай часткі трылогіі «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства». Пастаноўка была здзейснена ў межах праекта «Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя» і ўпершыню прагучала 12 мая 2023 года. Тэкст агучыла артыстка Маргарыта Захарыя, музычнае афармленне стварыў кампазітар Аляксандр Літвіноўскі.
Крытыка thumb|справа|200пкс|Пісьменнік Алег Грушэцкі з першай кнігай. Кніга з’яўляецца ўнікальнай тым, што яе можна назваць сапраўдным беларускім фэнтэзі. Як адзначылі ў самім выдавецтве, кніга была вельмі ўпадабаная юнымі чытачамі Прэс-канферэнцыя «Слова пісьменніка: праз стагоддзі ў будучыню». Прэс-цэнтр Дома прэсы, 19 жніўня 2021 (гл. ад 24 хв. 21 с.). Беларускія СМІ таксама адзначаюць, што кніга з’яўляецца папулярнай і карыстаецца попытам. Карысталася трылогія попытам і падчас XXХI Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі. Тэлеканал «Беларусь 3», праграма «Суразмоўцы», 20 ліпеня 2024.
У маі 2021 года ў Нацыянальнай акадэміі навук прайшоў II Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі, на якім, сярод іншых, быў прадстаўлены даклад «Ідэйна-вобразныя пошукі ў кнізе казак Алега Грушэцкага „Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства“», аўтар даклада — літаратуразнаўца і навуковы супрацоўнік аддзела ўзаемасувязей літаратур «Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі» Таццяна Барысюк. Літаратуразнаўцы, якія таксама прымалі ўдзел у навуковай канферэнцыі, пагадзіліся, што твор з’яўляецца высокамастацкім, сімволіка-алегарычным, і базуецца на беларускім фальклоры. Таццяна Барысюк адзначае, што кніга мае выхаваўчы эфект, яна вучыць дзяцей быць смелымі. У кнізе выказваецца ідэя неабходнасці шанаваць свой род і ганарыцца сваімі продкамі, ідэя перамогі дабра над ліхам, праўды над тыраніяй. Дадзеная казка спалучае ў сабе рысы чарадзейнай і сацыяльна-бытавой, ёсць у ёй і элементы авантурна-прыгодніцкай прозы. Твор з’яўляецца сучаснай матыватарскай ідэяй аб смеласці, якая вызваляе і выратоўвае, а сама казка Алега Грушэцкага дынамічная, дыялогі персанажаў поўныя патрыятычнага і гераічнага пафасу. Літаратуразнаўца і крытык Таццяна Барысюк лічыць, што твор мае высокія шанцы на паспяховую інсцэніроўку ў тэатры або экранізацыю ў кіно. Падобнай думкі, што твор варты экранізацыі, прытрымліваецца і дыпламант літаратурнай прэміі імя Васіля Віткі, вядучы метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Людміла Захарэвіч, пра што яна кажа на сваім аўтарскім канале «Казкі на канапе». Канал «Казкі на канапе», 28 мая 2024..