Аляксандр Вячаслававіч Драган ( , г. Брэст, БССР) — беларускі спецыяліст у галіне машыназнаўства, сістэм прывадаў і дэталей машын, тэхналогіі машынабудавання. Кандыдат тэхнічных навук (2000), дацэнт (2004).

Біяграфія Нарадзіўся ў 1975 годзе ў сям’і вядомага вучонага Вячаслава Драгана, які доўгі час ён быў першым прарэктарам Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта (БрДТУ).

У 1997 годзе скончыў Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт і паступіў у аспірантуру Інстытута надзейнасці машын Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 2000 годзе абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата тэхнічных навук па спецыяльнасці 05.02.02 «Машыназнаўства і дэталі машын». У 2000 годзе, адразу пасля абароны дысертацыі, вярнуўся ў БрДТУ.

Працоўную дзейнасць ва ўніверсітэце пачаў з пасады малодшага навуковага супрацоўніка навукова-даследчага сектара. Працаваў асістэнтам, старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры тэхналогіі машынабудавання Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, у 2006—2009 гадах — яе загадчыкам. У 2009—2018 гадах — дэкан машынабудаўнічага факультэта ўніверсітэта.

З 2018 па 2020 год займаў пасаду рэктара БрДТУ, пакуль не быў вызвалены ад займаемай пасады 20 кастрычніка 2020 года за падтрымку студэнтаў універсітэта падчас пратэстаў у Беларусі.

Катэгорыя:Машынабудаўнікі Беларусі Катэгорыя:Дэканы машынабудаўнічага факультэта БрДТУ Катэгорыя:Рэктары Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Катэгорыя:Рэпрэсаваныя рэжымам Лукашэнкі