Леанід Фёдаравіч Заіка (, Гродна — , Мінск) — беларускі эканаміст, палітолаг, аналітык, кандыдат эканамічных навук, дацэнт.

Біяграфія Бацька быў родам з Украіны, маці нарадзілася ў Курску. Бацька быў ваенным, Гродна стаў новым месцам службы бацькі.

Доўгі час выкладаў у вышэйшых навучальных установах Беларусі, чытаў курсы, быў навуковым супрацоўнікам ў Вышэйшай школе эканомікі (Берлін), Народным універсітэце Кітая (Пекін), Маскоўскім дзяржаўным універсітэце (Расія), Інстытуце эканамічнага развіцця (Вашынгтон), Санкт Пецярбургскім універсітэце (Расія), Кіеўскім універсітэце імя Т. Р. Шаўчэнкі (Украіна) і Ташкенцкім універсітэце (Узбекістан).

У 1991—1994 гадах займаў пасады загадчыка кафедры, прарэктара Нацыянальнага інстытута гуманітарных навук, дэкана эканамічнага факультэта Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

З 1992 года кіраваў праектамі Сусветнага Банка па макраэканамічнай палітыцы у Беларусі. Як незалежны эксперт, з 1996 года па 1999 год быў членам Савета па эканамічнаму развіццю Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, з 2000 па 2002 год — членам Экспертнага савета Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь.

У 1996—1997 гадах узначальваў няўрадавую арганізацыю Нацыянальны цэнтр стратэгічных ініцыятыў «Усход-Захад», з 1997 года кіраваў рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем «Аналітычны цэнтр „Стратэгія“».

У 2000 годзе быў навуковым рэдактарам Нацыянальнай справаздачы аб чалавечым развіцці Рэспублікі Беларусь, узначальваў навукова-кансультатыўны савет ПРААН у Беларусі. Распрацоўшчык праграмы «Стратэгія для Беларусі» (1999—2000), шэрагу законапраектаў. З 2004 года з’яўляўся навуковым кансультантам ЦСБТ «Саціо», экспертам шэрагу міжнародных арганізацый.

Быў двойчы жанаты. Другая жонка памёрла раней за яго, таму апошні час ён адзін выховўваў сына-падлетка. У красавіку 2020 года перахварэў на COVID-19, што адбілася на стане здароўя. Памёр раніцай 27 снежня 2020 года ў сваёй кватэры Мінску.

Асноўная бібліяграфія Аўтар і навуковы рэдактар шматлікіх публікацый у Беларусі і за мяжой. Кнігі За Вялікай кітайскай сцяной (1991); Нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь (1999); Еўропа ХХІ: новыя пагрозы і рызыкі бяспекі (1999); Беларусь на шляху ў трэцяе тысячагоддзе (2000); Нацыянальная і рэгіянальная бяспека (2001); Беларусь — Расія: вектары пераменаў (2002); Беларусь на разломе (2009; у сааўтарстве з Яраславам Раманчуком) — у 2025 годзе, судом Партызанскага раёна Мінска, кніга прызнана т.зв. «экстрэмісцкім матэрыялам» на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Раздзелы ў кнігах Post-Soviet Puzzles (1995, Baden-Baden); Аmbivalent neighbors (2003, Washington); Экспартны патэнцыял Беларусі — магчымыя перспектывы для грамадства (2005); Беларусь: дарога ў будучыню. Кніга для парламента (2005); Эканамічная стратэгія (2005); Бізнэс Беларусі: у крузе першым (2006); Эканамічная Канстытуцыя (2007).

Спасылкі Біяграфія на сайце EKONOMIKA.BY Наша ніва: Памёр эканаміст Леанід Заіка. Ён перанёс каранавірус Радыё Свабода: Памёр беларускі эканаміст Леанід Заіка. Увесну ён хварэў на каранавірус

Катэгорыя:Эканамісты Беларусі Катэгорыя:Кандыдаты эканамічных навук Катэгорыя:Памерлі ад каранавіруснай інфекцыі COVID-19