Валянціна Францаўна Гіруць-Русакевіч (, Міхайлоўшчына, Ашмянскі раён, Гродзенская вобласць — 22 студзеня 2021, Валожын, Мінская вобласць, Беларусь) — беларуская паэтка, журналістка, грамадскі дзеяч. Член Беларускага саюза журналістаў (1985), Саюза беларускіх пісьменнікаў (1998), Саюза пісьменнікаў Беларусі (2005).

Біяграфія

Скончыла Міхайлоўшчынскую сярэднюю школу (1970), факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У 1975—1997 гадах працавала ў валожынскай раённай газеце «Працоўная слава». У 1997—2002 гадах узначальвала аддзел інфармацыі і работы з насельніцтвам Валожынскага райвыканкама. У 2004—2021 гадах працавала ў Валожынскім раённым цэнтры культуры кіраўніком народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь».

З маладосці хварэла на бранхіяльную астму. З узростам хвароб стала болей, але паэтка шмат працавала. У пачатку студзеня 2021 года захварэла на COVID-19 і гаспіталізавана, праз ускладненні хваробы пераведзена ў рэанімацыю на штучную вентыляцыю лёгкіх. Памерла 22 студзеня 2021 года.

Пахавана на Валожынскіх могілках.

Творчасць

Першыя вершы, а іх Валянціна пачала пісаць з васьмігадовага ўзросту, былі надрукаваны ў 1969 годзе ў ашмянскай раённай газеце «Красное знамя». На абласным злёце маладых паэтаў Гродзеншчыны, дзе выступала на 130-годдзі з дня нараджэння Францішка Багушэвіча, пазнаёмілася з паэтам Алегам Лойкам. Падчас вучобы ва ўніверсітэце адзін з вершаў Валянціны Гіруць надрукаваны ў калектыўным зборніку «Універсітэт паэтычны», дзе былі прадстаўлены творы ўсіх паэтаў, хто вучыўся ў гэтай навучальнай установе.

Першая кніга Гіруць-Русакевіч «Я адкрываю вам душу» выйшла пад канец 1996 годзе ў серыі «Бібліятэка часопіса „Маладосць“». Да гэтага былі публікацыі ў часопісе «Полымя», газетах «Рэспубліка», «Народная газета», «Мінская праўда». У рэдакцыі валожынскай раённай газеты Гіруць-Русакевіч вяла «Літаратурную старонку», займалася з юнымі паэтамі ў літаратурным аб’яднанні «Рунь», якому ў 1997 годзе прысвоена званне народнага. Пазней выйшлі зборнікі вершаў «Пад зоркаю лёсу» (1999), «Мовай сэрца» (2008), «На нітцы часу» (2018); кнігі для дзяцей «Каляровыя вятры» (2011), «А ці ведаеце вы?» (2013).

Тэматыка вершаў Гіруць-Русакевіч розная, але галоўная — любоў да Радзімы, людзей, якія жывуць побач, сяброў, блізкіх. Часта сустракалася з чытацкай аўдыторыяй у бібліятэках, школах, іншых установах. У 2009 годзе аўтабіяграфія Гіруць-Русакевіч увайшла ў кнігу аўтабіяграфій пісьменнікаў Беларусі «З росных сцяжын» (Мінск, «Мастацкая літаратура»).

У 2024 годзе на вершы паэткі «Даруй матуля» запісаны відэаролік песні Уладзіміра Гаркушы валожынскай спявачкай Таццянай Бандарэнка.

Народнае літаратаратурна-мастацкае аб’яднанне «Рунь»

Літаратурна-мастацкае аб’яднанне «Рунь» створана ў 1981 годзе, адным з заснавальнікаў была Валянціна Гіруць-Русакевіч. У 1997 годзе аб’яднанню прысвоена званне «народнага». З 2004 па 2021 гады Гіруць-Русакевіч з’яўлялася кіраўніком аб’яднання.

Узнагароды

Нагрудны знак-медаль Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру».

Памяць

Алея памяці Валянціны Гіруць-Русакевіч — 8 кастрычніка 2021 года ў Міхайлоўшчыне высаджана алея імя Валянціны Гіруць-Русакевіч. Да пасадкі алеі далучыўся муж паэткі Рыгор Мікалаевіч Русакевіч, старшыня сельскага Савета Аляксандр Саванец, кіраўніца справамі Жанна Садоўская, кіраўніца народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь» Наталля Жылевіч і яго ўдзельніцы; Зінаіда Гасціловіч, Людміла Садоўская і Марыя Мучынская.

Пасля смерці паэткі, намаганнямі Наталлі Жылевіч, кіраўніцы народнага калектыву «Рунь», выдадзена кніга «Час задумацца», куды ўвайшлі многія ненадрукаваныя вершы Валянціны Гіруць-Русакевіч.

Творы Гіруць-Русакевіч, В. Ф. А ці ведаеце вы?: вершы: для дзяцей мал. шк. узросту / Валянціна Гіруць-Русакевіч; маст. Дана Рунова. — Мінск:. Выдавецкі дом «Звязда», 2013. — 32 с.: іл. Гіруць-Русакевіч, В. Ф. Мовай сэрца: кніга паэзіі / Валянціна Гіруць-Русакевіч. — Мінск: Маст.літ., 2008. — 158 с. Гіруць-Русакевіч, В. Ф. На нітцы часу: выбранае / Валянціна Гіруць-Русакевіч. — Мінск: Чатыры чвэрці, 2018. — 200 с. — (Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі). Гіруць-Русакевіч, В. Ф. Пад зоркаю лёсу: вершы / Валянціна Гіруць-Русакевіч. — Мн.:Беларускі кнігазбор, 1999. — 128 с. Гіруць-Русакевіч, В. Ф. Я адкрываю вам душу: вершы/ Валянціна Гіруць-Русакевіч. — Мінск: Дзяржаўнае прадпрыемства «Дом прэсы», 1996. — 32 с. — (Бібліятэка часопіса «Маладосць»). Гіруць-Русакевіч, В. Ф. Час задумацца: выбранае / Валянціна Гіруць-Русакевіч. — Мінск: ІП Наўмовіч М. І., 2022. — 92 с. (ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці»).

Крыніцы

Літаратура Гіруць-Русакевіч Валянціна Францаўна // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2018 год / склад. Г. У. Палубінская.-Ашмяны, 2017. — С. 32-33. Гіруць-Русакевіч Валянціна Францаўна // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна/ рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.]. — Мн.: БЕЛТА, 2003. — С.569. (Нарадзіліся на Ашмяншчыне. Творцы). Рыбік, Л. Для мяне вы ўсе — сваякі: аб сустрэчы з беларускай паэткай В. Гіруць-Русакевіч у Ашмянскай раённай бібліятэцы/ Людміла Рыбік// Ашмянскі веснік. — 2018 — 10 лістапада (№ 87). — С.5. Сцяжыны майго жыцця: з успамінаў Валянціны Гіруць-Русакевіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна/ рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.]. — Мн.: БЕЛТА, 2003. — С. 569—571. (Нарадзіліся на Ашмяншчыне. Творцы)

Спасылкі

Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Паэтэсы Беларусі Катэгорыя:Памерлі ад каранавіруснай інфекцыі COVID-19