Яўген Міхайлавіч Бабо́саў (нар. , Разань) — беларускі філосаф, сацыёлаг, палітолаг і культуролаг. Доктар філасофскіх навук (1972), прафесар (1973), член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР (1977), акадэмік НАН Беларусі (1994).

Біяграфія Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1955). З 1955 года на камсамольскай і педагагічнай працы ў БДУ і Мінскім медыцынскім інстытуце. Выкладаў філасофію ў БДУ і Мінскім медыцынскім інстытуце (з 1959 года). Вучоны сакратар Інстытута філасофіі і права Акадэміі навук БССР (1960—1962), намеснік загадчыка аддзелам навукі і навучальных устаноў ЦК КПБ (1962—1977), адначасова з 1973 года прафесар кафедры філасофіі Інстытута павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў грамадскіх навук пры БДУ. Дырэктар Інстытута філасофіі і права АН БССР (1977—1989).

У 1990 годзе заснаваў Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі (да 1998 яго дырэктар, цяпер ганаровы дырэктар), з 1998 года загадчык аддзелам Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, адначасова загадчык кафедрай БДУ. З 2003 г. — кіраўнік Цэнтра сацыялогіі кіравання, права і палітыкі Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі. З 2008 года — загадчык аддзела сацыялогіі палітыкі і інфармацыйных тэхналогій Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі. Па стане на 2026 з’яўляецца галоўным навуковым супрацоўнікам аддзела сацыялогіі дзяржаўнага кіравання і Ганаровым дырэктарам Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі.

Навуковая і грамадская дзейнасць Тэма доктарскай дысертацыі — «Мадэрнізацыя філасофска-тэалагічнай дактрыны каталіцызму пад уздзеяннем навукова-тэхнічнай рэвалюцыі».

Навуковыя працы прысвечаны філасофска-метадалагічным праблемам навуковага пазнання, гнасеалагічным механізмам навуковых рэвалюцый, асаблівасцям узаемадзеяння навукова-тэхнічнага і сацыяльнага прагрэсу. Распрацаваў новыя канцэптуальныя падыходы да даследаванняў сацыяльных аспектаў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, духоўнага свету чалавека ў адзінстве з сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі. Даследаваў метадалагічныя праблемы функцыянавання духоўнай культуры ў жыцці сучаснага грамадства, яе структуры і функцыі, асаблівасці развіцця яе кампанентаў (навукі, светапогляду, палітычнай, маральнай, мастацкай культуры), іх месца і роля ў развіцці грамадства, сацыяльна-псіхалагічныя механізмы іх уплыву на фарміраванне і жыццядзейнасць асобы. Распрацоўвае тэарэтыка-метадалагічныя праблемы сацыялогіі, канфлікталогіі, экстрэмальных сітцацый, крызісаў і катастроф, асаблівасцей пераходнага перыяду. Даследуе асноўныя тэндэнцыі сацыяльна-стратыфікацыйнага і сацыяльна-палітычнага развіцця Беларусі ў канцы ХХ — пачатку ХХІ ст.

Аўтар звыш 900 навуковых прац, у тым ліку 60 манаграфій, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў.

Прэзідэнт Беларускай сацыялагічнай асацыяцыі. Кірункі навуковай дзейнасці: сацыяльная філасофія, тэарэтычныя праблемы культуры, сацыялогія культуры, фармаванне духоўнага свету асобы, праблемы славянскіх культур.

Быў адным з ініцыятараў стварэння Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (1993), а таксама Сацыялістычнай партыі Беларусі (1994).

Выбраная бібліяграфія Современный католицизм и наука. — Мн., 1964; Социальные аспекты научно-технической революции. — Мн., 1976; Учение К.Маркса о человеке и реальный социализм. — Мн., 1983; Маральная культура асобы, 1985 Две культуры — два образа мысли: Очерки сравнительного изучения политической культуры / Е. М. Бабосов (ред.) и др. — АН БССР, Институт философии и права. — Мн. : Наука и техника, 1985. — 142 с. — (Идеологическая борьба в современном мире) — 1950 экз. Истина и богословие. — Мн., 1988; Человек на пороге рынка: Социальные ожидания населения. — Мн., 1992; Катастрофы: социологический анализ. — Мн., 1995; Чернобыльская трагедия в ее социальных измерениях. — Мн., 1996; Конфликтология. — Мн., 1997, 2000; Прыкладная сацыялогія, 1999; Сацыялогія кіравання, 2000; Агульная сацыялогія, 2002; Сацыяльна-стратыфікацыйная панарама сучаснай Беларусі, 2002; Основы идеологии современного государства. 3 изд. Мн.: Амалфея, 2007.

Узнагароды і званні Дзяржаўная прэмія БССР (1984) за ўдзел у напісанні цыклу прац па гісторыі філасофскай і грамадскай думкі Беларусі (апублікаваны ў 1973—1980). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1997). ордэн «Знак Пашаны» (1967), медалі, ордэн М. В. Ламаносава, міжнародная прэмія імя П. Сарокіна

Крыніцы

Літаратура

Национальная академия наук Беларуси. 2-е изд. — Мн., 1999. — С. 17;

Бабосаў Яўген // Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік / Уклад. Дубянецкі Э. — Мн.: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6 Русецкая В. І. Яўгеній Міхайлавіч Бабосаў (Да 75-годдзя з дня нараджэння) // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 2006. № 1. Катляроў I. В., Русецкая В. I. Яўген Міхайлавіч Бабосаў (Да 80-годдзя з дня нараджэння) // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 2011. № 1.

Спасылкі Акадэмікі: БАБОСАЎ Яўгеній Міхайлавіч // НАН Беларусі Бабосов Евгений Михайлович // Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Яўген Міхайлавіч Бабосаў у базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі

Катэгорыя:Філосафы Беларусі Катэгорыя:Філосафы СССР Катэгорыя:Сацыёлагі Беларусі Катэгорыя:Рэлігіязнаўцы Катэгорыя:Культуролагі Катэгорыя:Культуролагі Беларусі Катэгорыя:Палітолагі СССР Катэгорыя:Палітолагі Беларусі Катэгорыя:Члены Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Катэгорыя:Члены КПСС Катэгорыя:Аўтары падручнікаў Катэгорыя:Выпускнікі аддзялення філасофіі гістарычнага факультэта БДУ