Рагоза (2-я палова XIV ст. — пасля 1432) — найвышэйшы пісар рускі вялікіх князёў Вітаўта і Свідрыгайлы.
На думку Сяргея Палехава, Рагоза быў русінам або доўга жыў на Русі, пра што сведчыць яго мянушка, добра зразумелая з русінскай мовы. Падобныя прозвішчы былі распаўсюджаны як у літоўскай, так і ў маскоўскай частцы Русі.
Пэўны час Палехаў лічыў, што Рагоза паходзіў з Чарнігаўскай зямлі, якой працяглы час валодаў Свідрыгайла перад вялікім княжаннем, але, паводле самога даследчыка, думка грунтавалася на кантэксце і даволі няпэўнай крыніцы. Пазней Палехаў выявіў кароткае апісанне ліста вялікага князя Вітаўта да вялікага магістра, якое праясняе асобу Рагозы. Ліст, напісаны ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада 1418 года, сам не захаваўся, і тычыўся крадзяжу вопраткі, каштоўнасцяў і грошай вялікага князя падчас літоўска-ордэнскай сустрэчы ў Вялёне (13-22 кастрычніка 1418) трыма русінамі, якія збеглі ў Ордэн, акалічнасці падзей у лісце пацвярджае «наш найвышэйшы рускі пісар Рагоза» («unsir obirster Ruwssche schreiber Rahoza»). На думку Палехава, пацвярджэнне словамі Рагозы сведчыць, што русіны-злачынцы маглі быць яго падначаленымі, а таксама пра пэўны давер да яго вялікага князя Вітаўта.
Таксама Палехаў звяртае ўвагу на надаўчую грамату вялікага князя Вітаўта нейкаму Санку Андрэйкаву Радзевічу, выдадзеную 22.8.1424 года падчас падарожжа па Заходнім Падоллі. Грамата раней выдавалася Ежы Ахманскім, але ў польскай траслітарацыі, якая дакладна грамату не перадае. У правым ніжнім вуглу дакумента ёсць подпіс «Раг», перададзены Ахманскім як «Ra», які з веданнем месца Рагозы ў канцылярыі, і пазнейшай традыцыі скарочаных подпісаў, можна дапусціць за яго подпіс. Такім чынам, напэўна, Рагоза заставаўся на службе і ў 1424 годзе.
Пазней згадваецца пад 1431—1432 гадамі як давераны вялікага князя Свідрыгайлы. На пачатку ліпеня 1431 года пасланы разам з пісарам гаспадарскім да вялікага магістра па пытаннях сустрэчы. У сярэдзіне жніўня 1431 года — разам з панам Андрушкам Няміравічам пасланы да караля Ягайлы па пытанні спынення баявых дзеянняў у вайне на Валыні, 6 верасня Рагоза паручыўся каралю за вялікалітоўскіх палонных. У канцы студзеня 1432 года, разам з навагародскім намеснікам Петрашам Мантыгірдавічам і сакратаром гаспадарскім, Рагоза вёў перамовы з палякамі пра ахоўныя граматы (глейты) для ордэнскіх і малдоўскіх паслоў, якія, па словах вялікага князя Свідрыгайлы, мусілі ўзяць удзел у польска-літоўскай сустрэчы запланаванай на 2 лютага, але ахоўных грамат ім не выдалі. Пасля Рагоза крыніцамі не згадваецца. Усё гэта дазволіла Рымвідасу Пятраўскасу сцвярджаць, што Рагоза быў прыбліжаным вялікага князя Свідрыгайлы. На думку Палехава, вялікі князь Свідрыгайла «успадкаваў» Рагозу разам з канцылярыяй вялікага князя Вітаўта.
Не ясна, ці тоесны гэты Рагоза з Рагозам Якшычам, які ў сярэдзіне XV ст. атрымаў ад вялікага князя Казіміра 10 «чалавек» у Свіслацкай воласці.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Пісары гаспадарскія