Антон Неманцэвіч (; Псеўданімы: Злучэнец) — беларускі каталіцкі святар візантыйскага і лацінскага абраду, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, выдавец, педагог, публіцыст. Адзін з ініцыятараў беларускага ўніяцкага руху ў Заходняй Беларусі, экзарх Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі.
Біяграфія
Антон Неманцэвіч нарадзіўся ў Пецярбургу ў сям’і выхадцаў з Парчэўц Сакольскага павета Гродзенскай губерні. Спачатку вучыўся ў каталіцкім павятовым вучылішчы імя мітрапаліта С. Богуш-Сестранцэвіча пры касцёле св. Станіслава ў Пецярбургу, якое скончыў у 1909 годзе. З 1910 — студэнт каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Прадоўжыў вучобу ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі, якую скончыў са ступенню магістра тэалогіі. Падчас вучобы прымаў удзел у дзейнасці беларускага культурна-асветнага гуртка. Пасвячоны ў святары 27.9.1915 года. Душпастырскую дзейнасць распачаў у Колпіне недалёка ад Петраграда.
З прыходам да ўлады бальшавікі праследавалі Неманцэвіча за рэлігійную дзейнасць. Першы раз арыштаваны ў Петраградзе 25.5.1919 і асуджаны на 6 месяцаў турмы. Пасля 1920 служыў вікарыем у Маскве. Арыштаваны 31.05.1921 за «антысавецкую дзейнасць». Вызвалены і дэпартаваны ў Польшчу абменам палітычнымі вязнямі. У 1925—-1927 гадах вучыўся ў папскім Усходнім інстытуце ў Рыме. Абараніў доктарскую дысертацыю. Працаваў выкладчыкам Місіянерскага інстытута і законавучыцелем у школах Любліна. У 1928—1929 гадах вёў заняткі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. У 1929 годзе ўступіў у Ордэн езуітаў; прыняў усходні абрад. Месцам яго служэння стала Усходняя місія езуітаў у Альбярціне, дзе ён спаўняў святарскія абавязкі і быў адміністратарам ва ўніяцкай парафіі ў Сынковічах. Арганізаваў рэстаўрацыю і аднаўленне помніка абарончай архітэктуры з элементамі готыкі — царквы ў Сынковічах. У 1932—1937 гадах рэдагаваў і выдаваў беларускі ўніяцкі часопіс «Да злучэння». З 1934 года царкоўнымі ўладамі прызначаны прафесарам фундаментальнай тэалогіі і кананічнага права ў папскай Усходняй семінарыі ў Дубне (Заходняя Украіна), дзе пэўны час займаў пасаду рэктара. У 1938 годзе рэдагаваў часопіс «Злучэнне». Мітрапаліт А. Шаптыцкім 17.10.1940 года прызначыў Неманцэвіча беларускім Экзархам Грэка-Каталіцкай Царквы. Увёў беларускую мову як афіцыйную ў царкоўнае справаводства і рэлігійнае жыццё.
У гады Другой сусветнай вайны разгарнуў дзейнасць па арганізацыі адміністрацыйных структур Беларускага экзархата ГКЦ. Заснаваў Апостальства малітвы за Беларусь, да якога спачатку належалі толькі святары, а потым далучыліся і свецкія.
Пасля паездкі ў Львоў па царкоўных справах да мітрапаліта Шаптыцкага 4 ліпеня 1942 года Беларускі экзарх ГКЦ а. Антон Неманцэвіч быў арыштаваны гестапа ў сваёй рэзідэнцыі ў Альбярціне і дастаўлены ў Мінск.
Да пачатку 1990-х гадоў дата, месца і акалічнасці смерці беларускага грэка-каталіцкага экзарха заставаліся невядомымі. Лічылася, што ён памёр у Берліне ў вязніцы (згодна з польскімі крыніцамі). Аднак у 2004 годзе, сярод архіўных дакументаў Генеральнага камісарыяту Беларусі, у справе «Перапіска з акружнымі камісарыятамі і служыцелямі рэлігійнага культу пра ідэалагічнае выхаванне мясцовага насельніцтва і па пытаннях Царквы» быў выяўлены дакумент, у якім сцвярджаецца, што экзарх Неманцэвіч памёр «ад сардэчна-сасудзістай недастатковасці, якая наступіла пасля сыпнога тыфу»Я. Усошын. Новы дакумент пра лёс Экзарха Антона Неманцэвіча. «Царква», 2004, № 3 (42), с. 3, 15.. Прычына смерці экзарха ад тыфу, якую назвалі ў СД, выклікае сумнеў. Святар меў на яго імунітэт, бо перахварэў ім раней, яшчэ ў дзяцінстве. Таму праўдзівай інфармацыяй у дакуменце СД гісторыкі ўважаюць толькі дату, месца смерці і пахавання экзарха. Падобна, ён памёр 6 студзеня 1943 года як мучанік, знясілены турэмнымі ўмовамі ў Мінскай вязніцы СД ад сардэчна-сасудзістай недастатковасці.65-ая гадавіна смерці Экзарха Антона Неманцэвіча // Царква № 3 (58), 2008 Быў пахаваны 9 студзеня 1943 года на нямецкіх могілках у Мінску святаром мясцовай праваслаўнай ЦарквыЯ. Усошын. Новы дакумент пра лёс Экзарха Антона Неманцэвіча. «Царква», 2004, № 3 (42), с. 3, 15.
Цяпер у БГКЦ прыкладаюцца намаганні для таго, каб распачаць працэс беатыфікацыі ў Каталіцкай Царкве айца Антона Неманцэвіча як вызнаўца веры і мучаніка нацызму.
Крыніцы
Літаратура Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Уклад. Ю. Гарбінскі. — Мн.-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3
Спасылкі дыякан Яўген Усошын, архім. Сяргей Гаек. Экзарх Антон Неманцэвіч — верны сведка Евангельля. Roczniki Teologiczne, Tom LIII-LIV, zeszyt 7 — 2006—2007. Слоўнік Маракова Дзе і калі загінуў Экзарх айцец Антон Неманцэвіч. Радыё Ватыкана Дзе і калі загінуў айцец Антон Неманцэвіч (2 частка). Радыё Ватыкана Сяргей Чыгрын. Па слядах Антона Неманцэвіча // Ніва № 39 (2472), 28 верасня 2003 г. Верамееў, С. Ф. Антон Неманцэвіч. Святар і пакутнік / С. Ф. Верамееў. — Мінск : Альфа-кніга, 2023. Усошын Я., Гаек С. Беларускі грэка-каталіцкі пакутнік Антон Неманцэвіч (1893—1943) / Яўген Усошын, Сяргей Гаек. — Полацк, Грэка-каталіцкая парафія Святапакутніка Язафата ў г. Полацку, 2023.
Катэгорыя:Публіцысты Беларусі Катэгорыя:Публіцысты паводле алфавіта Катэгорыя:Педагогі Беларусі Катэгорыя:Грамадскія дзеячы Беларусі Катэгорыя:Выдаўцы Беларусі Катэгорыя:Выдаўцы паводле алфавіта Катэгорыя:Постаці беларускага ўсходняга каталіцтва