Гео́рг Фры́дрых Ге́ндэль (, ; 23 лютага 1685, Гале — 14 красавіка 1759, Лондан) — нямецкі кампазітар эпохі барока, вядомы сваімі операмі, араторыямі і канцэртамі. Ён нарадзіўся ў Германіі ў адзін год з Іаганам Себасцьянам Бахам і Даменіка Скарлаці. Атрымаўшы музычную адукацыю і досвед у Італіі, ён затым перасяліўся ў Лондан, а пасля стаў англійскім падданым. У лік яго найбольш знакамітых твораў уваходзяць «Месія», «Музыка на вадзе» і «Музыка для каралеўскага феерверка».
Біяграфія
Раннія гады
Паходжанне
Хутчэй за ўсё, сям’я Гендэля пасялілася ў саксонскім горадзе на пачатку XVII стагоддзя. Дзед кампазітара Валянцін Гендэль быў меднікам з Брэслаў; у Гале ён ажаніўся з дачкой майстра-медніка Сэмюэля Бейчлінга. Яго сын, быў прыдворным цырульнікам-хірургам, які служыў у судзе Брандэнбурга і Саксоніі, а таксама быў ганаровым грамадзянінам Гале. Калі нарадзіўся Георг Фрыдрых, першае дзіця Георга ад другога шлюбу, яму было 63 гады.
Маці Георга Фрыдрыха Даратэя вырасла ў сям’і святара. Калі яе брат, сястра і бацька паміралі ад чумы, яна да канца заставалася побач з імі і адмаўлялася іх пакідаць. Георг і Даратэя абвянчаліся ў 1683 годзе ў Брандэнбургу. Бацькі Гендэля былі вельмі рэлігійныя і з’яўляліся тыповымі прадстаўнікамі буржуазнага грамадства канца XVII стагоддзя.
Дзяцінства і вучоба (1685—1702)
Гендэль нарадзіўся 23 лютага 1685 года ў Гале. Бацька жадаў каб Георг Фрыдрых зрабіў кар’еру юрыста і ўсяляк пярэчыў яго прыхільнасці да музыкі, бо прытрымваўся погляду, які ўмацаваўся ў Германіі, што музыкант — несур’ёзная прафесія, а толькі забаўляльная. Аднак пратэсты бацькі не падзейнічалі належным чынам на Георга Фрыдрыха: ён ва ўзросце чатырох гадоў самастойна навучыўся іграць на клавесіне. Гэты інструмент знаходзіўся на гарышчы, куды Георг Фрыдрых прыходзіў па начах, калі сямейнікі спалі.
У 1692 годзе Георг Фрыдрых разам з бацькам з’ехаў у Вейсенфельс да свайго стрыечнага брата Георга Крысціяна. Тут герцаг Саксен-Вейсенфельскі ацаніў талент сямігадовага Гендэля, які іграў на аргане, і параіў бацьку не перашкаджаць музычнаму развіццю дзіцяці.
Бацька паслухаўся гэтай парады: у 1694 годзе Гендэль пачаў займацца ў кампазітара і арганіста у Гале, пад кіраўніцтвам якога вывучаў кампазіцыю, генерал-бас, ігру на аргане, клавесіне, скрыпцы і габоі. Менавіта ў перыяд навучання ў Цахаў Гендэль сфармаваўся як кампазітар і выканаўца. Цахаў навучыў Гендэля надаваць музычным ідэям дасканалую форму, навучыў розным стылям, паказаў розныя метады запісу, уласцівыя розным нацыянальнасцям. На Гендэля таксама паўплываў стыль Цахаў; уплыў настаўніка прыкметны ў некаторых творах кампазітара (напрыклад, у «Алілуі» з «Месіі»).
Скончыўшы навучанне ў Цахаў, Гендэль у 1696 годзе наведаў Берлін, дзе ўпершыню пачаў выступаць у якасці клавесініста і акампаніятара на канцэртах пры двары курфюста. Адзінаццацігадовы клавесініст карыстаўся поспехам у вышэйшых колах, і курфюст Брадэнбургскі пажадаў, каб Георг Фрыдрых служыў у яго, і прапанаваў бацьку хлопчыка адправіць Георга Фрыдрыха ў Італію дзеля завяршэння навучання, аднак Георг Гендэль адмовіўся, пажадаўшы бачыць сына побач з сабой. Гендэль вярнуўся ў Гале, але не заспеў бацьку жывым: той сканаў 11 лютага 1697 года.
У 1698—1700 гадах Георг Фрыдрых вучыўся ў гімназіі ў Гале. У 1701 годзе замяшчаў арганіста ў кальвінісцкім саборы. У гэты перыяд ён пазнаёміўся з кампазітарам Георгам Філіпам Тэлеманам. Два маладых кампазітары мелі шмат агульнага, і сяброўства паміж імі ўмацавалася.
У 1702 годзе Гендэль паступіў на юрыдычны факультэт універсітэта Гале-Вітэнберга. Тут ён вывучаў багаслоўе і права. Факультэт багаслоўя быў цэнтрам піетызму, але Гендэль, быўшы вельмі рэлігійным, усё ж не падзяляў поглядаў піетыстаў. Праву кампазітар навучаўся пад кіраўніцтвам прафесара Хрысціяна Тамазія, аднак прадмет не выклікаў у яго цікавасці. Паралельна з вучобай Гендэль выкладаў тэорыю і спеў у пратэстанцкай гімназіі, быў музычным кіраўніком і арганістам у саборы.
Гамбург (1703—1706)
У 1703 годзе малады Гендэль пераехаў у Гамбург, дзе знаходзіўся адзіны на той момант нямецкі оперны тэатр. Асталяваўшыся тут, кампазітар пазнаёміўся з Іаганам Матэзонам і Райнгардам Кайзерам. Апошні кіраваў аркестрам опернага тэатра, у які Гендэль паступіў на працу ў якасці скрыпача і клавесініста. Кайзер шмат у чым паслужыў прыкладам для Гендэля: кіраўнік аркестра выступаў супраць выкарыстання нямецкай мовы ў операх і ў сваіх сачыненнях змешваў нямецкія словы з італьянскімі; Гендэль, складаючы першыя оперы, рабіў гэтак жа.
Гендэль нейкі перыяд быў у вельмі блізкіх адносінах з Матэзонам. Разам з ім кампазітар улетку 1703 года наведаў Любек, каб паслухаць вядомага кампазітара і арганіста Дытрыха Букстэхудэ, які прапанаваў двум музыкантам замяніць яго на пасадзе арганіста, для чаго трэба было ажаніцца з яго дачкой. Гендэль і Матэзон адмовіліся ад гэтай прапановы. Праз два гады яны сустрэлі Іагана Себасцьяна Баха, які таксама накіроўваўся ў Любек, каб паслухаць Букстэхудэ.
У 1705 годзе ён напісаў свае першыя оперы «Альміра» і «Нерон». Яны былі пастаўленыя ў Гамбургскім тэатры пры садзейнічанні Райнгарда Кайзера. Прэм’ера «Альміры» адбылася 8 студзеня, а «Нерон» быў пастаўлены 25 лютага. У абедзвюх пастаноўках Іаган Матэзон выканаў другарадныя ролі. Аднак тэатр быў у бядотным матэрыяльным становішчы, не было перадумоў для развіцця нямецкай нацыянальнай оперы. У творчасці Гендэля праяўлялася прыхільнасць да італьянскага барока, і ён з’ехаў у Італію ў 1706 годзе па запрашэнні герцага Тасканскага Джана Гастонэ Медычы, які наведваў Гамбург у 1703—1704 гадах..
У 1708 годзе ў Гамбургскім тэатры пад кіраўніцтвам Кайзера былі пастаўленыя дзве оперы Гендэля, напісаныя ім у 1706 годзе, якія ўяўлялі сабой дылогію: «Фларында» і «Дафна».
Італія (1706—1709) Гендэль прыехаў у Італію ў 1706 годзе, у самы разгар вайны за іспанскую спадчыну. Ён пабываў у Венецыі, пасля чаго пераехаў у Фларэнцыю. Тут музыкант гасцяваў у герцага Тасканскага Джана Гастонэ Медычы і яго брата , які цікавіўся музыкай і іграў на клавіры. Фердынанда фундаваў шмат якія пастаноўкі опер у Фларэнцыі, першае фартэпіяна было зроблена дзякуючы яго апекаванню. Усё ж Гендэля тут прынялі даволі суха, збольшага з-за таго, што яго нямецкі стыль быў чужым для італьянцаў. У Фларэнцыі Гендэль напісаў некалькі кантат (HWV 77, 81 і інш.).
У 1707 годзе Гендэль наведаў Рым і Венецыю, дзе пазнаёміўся з Даменіка Скарлаці, з якім спаборнічаў у гранні на клавіры і аргане. У Рыме, дзе Гендэль жыў з красавіка па кастрычнік, опера была пад папскай забаронай, і кампазітар абмежаваўся сачыненнем кантат і дзвюх араторый, у тым ліку араторыі «Трыумф Часу і Праўды», лібрэта якой напісаў кардынал . Гендэль хутка асвоіў стылістыку італьянскай оперы і, вярнуўшыся з Рыма ў Фларэнцыю, заняўся першай пастаноўкай оперы «Радрыга» (прэм’ера адбылася ў лістападзе), якая мела поспех у італьянскай публікі.
У наступным годзе Гендэль ізноў наведаў Рым, дзе пазнаёміўся з Алесандра Скарлаці, Арканджэла Карэлі, Бенедэта Марчэла і Бернарда Паскуіні. Ён карыстаўся папулярнасцю ў вышэйшых колах італьнскага грамадства і заваяваў славу першакласнага кампазітара. Кампазітар часта прыходзіў на канцэрты і сустрэчы ў , дзе выступалі Скарлаці, Карэлі і шмат хто іншыя. У тым жа годзе ім была напісаная пастаральная серэнада «Аціс, Галатэя і Паліфем». У чэрвені Гендэль з’ехаў у Неапаль, дзе таксама быў вельмі цёпла прыняты.
Другая італьянская опера кампазітара, — «Агрыпіна», была пастаўлена ў 1709 годзе ў Венецыі. «Агрыпіна» мела аглушальны поспех і лічыцца лепшай «італьянскай» операй Гендэля.
Гановер і Лондан (1710—1712)
У 1710 годзе Гендэль прыехаў у Гановер па парадзе нейкага барона Кілмансека, якога музыкант сустрэў у Італіі. Кампазітар Агасціна Стэфані, якому падабалася творчасць Гендэля, дапамог яму стаць капельмайстарам пры двары гановерскага курфюрста Георга I, які па законе 1701 года павінен быў стаць каралём Вялікабрытаніі. Падчас працы капельмайстрам у Гановеры Гендэль наведаў сваю састарэлую, аслеплую маці ў Гале. Гендэль папрасіў дазволу ехаць у Лондан і, атрымаўшы яго, увосень адправіўся ў сталіцу Вялікабрытаніі праз Дзюсельдорф і Галандыю.
Англійская музыка перажывала заняпад, тут яшчэ не быў развіты жанр оперы, якая была папулярная толькі ў арыстакратычных колах, а ў Лондане не засталося ніводнага кампазітара. Прыехаўшы сюды ўзімку, Гендэль быў прадстаўлены каралеве Ганне і адразу здабыў яе прыхільнасць.
Заваяваўшы папулярнасць у Лондане, Гендэль узяўся за сачыненне новай оперы. Лібрэта для яго будучага сачынення напісаў італьянскі пісьменнік, які жыў у Англіі, па сцэнары , дырэктара Тэатра Яе Вялікасці ў Хеймаркеце. Першая італьянская опера кампазітара для англійскай сцэны «Рынальда» была пастаўлена 24 лютага 1711 года ў Тэатры Яе Вялікасці, мела вялізны поспех і прынесла Гендэлю славу першакласнага кампазітара, аднак ўдастоілася негатыўных водгукаў праціўнікаў італьянскай оперы Рычарда Стыла і Джоззфа Адысана. Пасля вяртання ў чэрвені 1711 года ў Гановер Гендэль напісаў каля дваццаці камерных дуэтаў, канцэрт для габоя, санаты для флейты і баса. Ён завязаў сяброўства з прынцэсай Каралінай (будучай каралевай Вялікабрытаніі). Аднак у Гановеры не было опернага тэатра, і гэта перашкодзіла Гендэлю паставіць тут «Рынальда». Позняй восенню 1712 года Гендэль другі раз едзе ў Лондан, атрымаўшы дазвол на выезд з умовай вярнуцца праз некаторы час.
Вялікабрытанія (1712—1759) Прыехаўшы ў Лондан, Гендэль адразу ж заняўся пастаноўкай сваёй новай оперы «Адданы пастух». Яна была пастаўленая 22 лістапада 1712 года ў Хеймаркеце. Лібрэта напісаў Джакама Росі (аўтар лібрэта «Рынальда») на аснове трагікамедыі Батысты Гуарыні. Опера была пастаўленая ўсяго шэсць разоў і гэтак жа, як наступная опера «Тэзей» (прэм’ера 10 студзеня 1713 года), не мела таго поспеху, якім карыстаўся «Рынальда».
Гендэль імкнуўся ўмацаваць свае пазіцыі ў Англіі і, каб паказаць сваю лаяльнасць англійскаму двару, у студзені 1713 года напісаў Утрэхцкі Te Deum, прысвечаны ўтрэхцкаму мірнаму дагавору, які паклаў канец вайне за іспанскую спадчыну. Te Deum павінен быў быць выкананы падчас нацыянальнай урачстасці, аднак англійскія законы забаранялі замежніку пісаць музыку для афіцыйных цырымоній. Тады Гендэль падрыхтаваў віншавальную оду ў гонар дня нараджэння каралевы Ганны, якая была выкананая 6 лютага ў Сент-Джэймскім палацы і вельмі спадабалася яе вялікасці. Ганна даравала яму пажыццёвую пенсію ў 200 фунтаў. 7 ліпеня ў саборы Святога Паўла быў выкананы Утрэхцкі Te Deum.
Гендэль правёў год у графстве Сурэй, у доме багатага мецэната і аматара музыкі Барна Элмса. Затым на працягу двух гадоў жыў у графа Бёрлінгтана (каля Лондана), для якога напісаў оперу «Амадыс» (прэм’ера — 25 мая 1715). Каралева была ў дрэнных адносінах з гановерскай галіной сям’і, у тым ліку з патронам Гендэля, а Гендэль на той час ужо меў званне кампазітара пры англійскім двары і не думаў пра вяртанне ў Гановер, нягледзячы на сваё абяцанне.
1 жніўня 1714 года каралева Ганна сканала. Яе месца на прастоле заняў Георг I Гановерскі, прыехаўшы ў Лондан. Гендэль апынуўся ў цяжкім становішчы, з прычыны таго, што зараз яго патрон, якому ён абяцаў вярнуцца, быў тут. Кампазітару трэба было зноў заслужыць ласку караля. Але Георг быў сардэчным чалавекам і вельмі любіў музыку, так што, пачуўшы новую оперу Гендэля «Амадыс», ізноў прыняў яго ў свой двор.
У ліпені 1716 года Гендэль у свіце караля Георга наведаў Гановер. У гэты момант у Германіі быў папулярны жанр Страсцей. Гендэль вырашыў напісаць твор у гэтым жанры па лібрэта «Der für die Sünden der Welt gemarterte und sterbende Jesus», на аснове якога напісалі пасіёны дзесяць розных кампазітараў, у тым ліку Матэзон, Тэлеман і Кайзер. Новы пасіён «Страсці Брокса» быў дэманстрацыяй таго, што гэты жанр быў чужы кампазітару.