Сяргей Крывец (нар. , ) — беларускі футбаліст, паўабаронца польскага клуба «Вяра Леха» з Познані. Ігрок нацыянальнай зборнай Беларусі (2008—2016). Футбаліст года Беларусі (2014).
Клубная кар’ера Кар’ера Сяргея пачыналася ў Гродна, дзе ён займаўся ў ДЮСШ «Белкард», пад кіраўніцтвам Уладзіміра Сямерыкава. У 2003 годзе трапіў у склад мінскага «Лакаматыва». Па выніках чэмпіянату ў Першай лізе 2004 года «Лакаматыў» атрымаў права выступаць у Вышэйшай лізе, а Сяргей стаў адным з найлепшых бамбардзіраў клуба.
У 2006 годзе Крывец перайшоў у БАТЭ, у складзе якога наступныя 4 гады запар станавіўся чэмпіёнам Беларусі. Сяргей Крывец — аўтар першага гола, забітага беларускімі клубамі ў асноўнай сетцы Лігі чэмпіёнаў (БАТЭ — «Ювентус» 2:2, Мінск, 30 верасня 2008 года). У 2009 годзе па выніках апытання, якое праводзілася газетай «Прессбол», Сяргей быў прызнаны найлепшым футбалістам чэмпіянату.
У снежні 2009 года Крывец перайшоў у польскі «Лех» з Познані. «Лех» у сезоне 2009/10 стаў чэмпіёнам Польшчы. Сяргей правёў 13 матчаў і забіў 3 галы. У ліпені 2012 года перайшоў у клуб «Цзянсу Сайнці» з кітайскага горада Нанкін, дзе спачатку рэгулярна гуляў у аснове, але з мая 2013 года перастаў з’яўляцца на полі.
У ліпені 2013 года вярнуўся ў БАТЭ, падпісаўшы трохгадовы кантракт. 23 ліпеня 2013 года ў адказным матчы другога кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў супраць карагандзінскага «Шахцёра» не забіў пенальці, у выніку БАТЭ саступіў 0:1 і вылецеў з розыгрышу Лігі чэмпіёнаў. Пазней у чэмпіянаце Беларусі тройчы аформіў дубль у браму салігорскага «Шахцёра», дзякуючы чаму БАТЭ здолеў перагнаць гэты клуб і атрымаць чарговае чэмпіёнства.
У сезоне 2014 Сяргей стаў выступаць на пазіцыі левага ўскрайняга нападніка. Неўзабаве ён узначаліў як спіс найлепшых бамбрадзіраў, так і спіс найлепшых асістэнтаў чэмпіянату. Дапамог БАТЭ прайсці ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў 2014/15: 5 жніўня 2014 года ў адказным матчы трэцяга кваліфікацыйнага раўнда супраць «Дэбрэцэна» на другой дададзенай хвіліне забіў гол, які вывеў БАТЭ ў раўнд плэй-оф.
28 жніўня 2014 года перайшоў у французскі клуб «Мец». Спачатку трывала гуляў у аснове, 20 верасня 2014 года забіў свой першы гол за «Мец» — у браму «Бастыі» (выніковы лік 3:1). Але потым Сяргей стаў атрымоўваць менш часу на полі, а з сакавіка 2015 года ўвогуле не выхадзіў, нярэдка нават не трапляючы ў заяўку. Па выніках сезона 2014/15 «Мец» страціў месца ў Лізе 1. На наступны сезон Крывец застаўся ў камандзе, аднак у першай палове сезона не выхадзіў на поле. У пачатку 2016 года, пасля змены галоўнага трэнера, стаў трапляць у склад, але замацавацца ў аснове не здолеў. У чэрвені 2016 года датэрмінова разарваў кантракт з «Мецам».
14 ліпеня 2016 года падпісаў аднагадовы кантракт з плоцкай «Віслай», якая вярнулася ў польскую Экстраклясу. Рэгулярна гуляў за аснову «Віслы», толькі ў красавіку 2017 года атрымаў траўму і выбыў да канца сезона 2016/17. У чэрвені 2017 года стала вядома, што «Вісла» не будзе падаўжаць кантракт з Крыўцом і той пакідае клуб.
У ліпені 2017 года падпісаў кантракт з польскім футбольным клубам «Арка» (Гдыня) тэрмінам на адзін год з магчымасцю падаўжэння яшчэ на год. Аднак, на полі ў складзе «Аркі» з’яўляўся нерэгулярна, правёў у Экстраклясе ўсяго 10 матчаў.
У чэрвені 2018 года вярнуўся ў Беларусь, стаўшы іграком брэсцкага «Дынама». У брэсцкай камандзе замацаваўся ў аснове. Сезон 2019 амаль поўнасцю прапусціў з-за траўмы. У 2020 годзе вярнуўся ў аснову, чаргаваў выхады ў стартавым складзе і на замену.
У лютым 2021 года падпісаў кантракт з познаньскім «Лехам», каб далучыцца да рэзервовай каманды «Лех II» з трэцяга дывізіёна Польшчы. У чэрвені 2022 года пакінуў каманду і вырашыў завяршыць кар’еру, аднак пазней далучыўся да створанага заўзятарамі клуба «Вяра Леха» з шостага дывізіёна.
Міжнародная кар’ера Выступаў за моладзевую зборную Беларусі на чэмпіянаце Еўропы 2009 у Швецыі.
У нацыянальнай зборнай Беларусі дэбютаваў 2 лютага 2008 года ў таварыскім матчы супраць Ісландыі. У далейшым трывала выклікаўся ў зборную, але пасля пераезду ў Кітай улетку 2012 года перастаў трапляць у асноўную каманду. Пасля вяртання ў БАТЭ дзякуючы добрай гульні ў чэмпіянаце зноў атрымаў выклік у зборную ў кастрычніку 2013 года.
Дасягненні Чэмпіён Беларусі (6): 2006, 2007, 2008, 2009, 2013, 2019 Уладальнік Кубка Беларусі: 2006 Уладальнік Суперкубка Беларусі (2): 2014, 2020 Пераможца Першай лігі чэмпіянату Беларусі: 2004 Чэмпіён Польшчы: 2010 Уладальнік Суперкубка Кітая: 2013 У спісе 22 найлепшых футбалістаў чэмпіянату Беларусі: 2007, 2008, 2009, 2013, 2014. Найлепшы футбаліст чэмпіянату Беларусі: 2009 Найлепшы паўабаронца чэмпіянату Беларусі: 2014 Футбаліст года Беларусі: 2014
Крыніцы
Катэгорыя:Футбалісты Беларусі Катэгорыя:Ігракі зборнай Беларусі па футболе Катэгорыя:Ігракі ФК СКВІЧ Катэгорыя:Ігракі ФК БАТЭ Катэгорыя:Ігракі ФК Лех Познань Катэгорыя:Ігракі ФК Цзянсу Сунін Катэгорыя:Ігракі ФК Мец Катэгорыя:Ігракі ФК Вісла Плоцк Катэгорыя:Ігракі ФК Арка Гдыня Катэгорыя:Ігракі ФК Дынама Брэст Катэгорыя:Ігракі ФК Лех II Познань