Ба́ка (саманазва: Baaka) — этнічная супольнасць пігмеяў. Жывуць пераважна ў Камеруне і Габоне. Агульная колькасць (2019 г.) — 60 200 чалавек.
Паходжанне Бака маюць агульнае паходжанне з пігмеямі ака, што насяляюць землі на ўсход ад іх. Абодва народа прынята аб'ядноўваць агульнай назвай мбенга. Аднак ака размаўляюць на мове банту, у той час як бака — на дыялектах убангійскіх моў (часам іх аб'ядноўваюць у адзіную мову бака). Мяркуецца, што моўны падзел бака і ака адбыўся каля 500 гадоў таму.
Культура У мінулым бака з'яўляліся ляснымі вандроўнікамі, якія займаліся збіральніцтвам, паляваннем і рыбалоўствам, спыняліся каля вёсак земляробаў-банту для абмену прадуктамі або часовай працы на палетках за натуральную плату. Былі шырока распаўсюджаны сваяцкія і рытуальныя сувязі з банту.
У другой палове XX ст. з-за скарачэння лясоў і дзяржаўнай палітыкі адносна бака іх становішча значна змянілася. У нашы дні яны звычайна жывуць у невялікіх паселішчах на ўскраіне вёсак і гарадоў, займаюцца сельскай гаспадаркай, сезонна наведваюць лес для збору дзікага манга і іншых ядомых раслін. У Камеруне ім дазваляецца займацца традыцыйным паляваннем, у тым ліку на тэрыторыі запаведніка Джа.
Нягледзячы на змены ў ладзе жыцця і сувязі з банту, бака захоўваюць многія традыцыйныя звычаі, у тым ліку сацыяльную адасобленасць ад іншых плямён. Асновай грамадства з'яўляецца малая нуклеарная сям'я. Пашыраны манагамія, хаця няма забароны на палігінію і разводы. Усе сем'і і сталыя чальцы абшчыны лічацца роўнымі. Заахвочваюцца ўзаемадапамога, сумесныя паляванне і збіральніцтва. Асобы, што імкнуцца вылучыцца, падвяргаюцца астракізму.
Важную ролю ў яднанні бака адыгрываюць супольныя рытуалы. Бака вераць у духа леса мбенга, які быццам бы апякае саміх бака, духа комба — стваральніка сусвету і бацькоў ўсіх духаў. Арганізатарамі рытуалаў з'яўляюцца шаманы бангі. Яны маюць права на змены ў рытуальных дзеяннях, таксама лякуюць супляменнікаў, займаюцца магічнымі дзеяннямі. У перыяд сталення кожны хлопчык праходзіць праз абрад ініцыяцыі джэнгі. Папулярны абрад лума пасля паспяховага супольнага палявання. Ён суправаджаецца сумесным паяданнем дзічыны, песнямі і танцамі.
У другой палове XX ст. узнікла прафесійная культура бака, пераважна музычная. Існуюць прафесійныя музычныя калектывы, папулярныя ў тым ліку за межамі Цэнтральнай Афрыкі. Традыцыйны музычны інструмент — барабан.
Спасылкі About the Baka Tribe Baka - Survival International BAKA (PYGMY) PEOPLE: THE RENOWNED PYGMY PEOPLE OF CAMEROON, GABON AND EAST AFRICA KNOWN FOR THEIR ENCYCLOPEDIC KNOWLEDGE ON MEDICINAL PLANTS AND PORTIONS Facts about the Baka Tribe Life for the Baka Pygmies of Central African Republic Baka people in Cameroon
Катэгорыя:Пігмеі Катэгорыя:Народы Габона Катэгорыя:Народы Камеруна