Валенрадызм — паняцце, якое паходзіць з рамана-паэмы Адама Міцкевіча «Конрад Валенрод» і абазначае пазіцыю чалавека (або сацыяльнай групы), якія выкарыстоўваюць падман і здраду для дасягнення высокай і высакароднай мэты (асабліва ў выпадках, калі яны ўціраецца ў давер да акупацыйнай улады ці іншага ворага айчыны і карыстаюцца высокай пасадай, уплывам у чужым грамадстве для помсты за пакрыўджаныя айчыну і народ).
Напісаная ў 1828 годзе, паэма Міцкевіча распавядае пра героя-літоўца, які вырас у асяроддзі крыжакаў і дарос у кар’еры да пасады вялікага магістра Ордэну. І хоць быў па сваёй прыродзе сумленным, вырашыў звярнуцца да падману, каб адпомсціць за крыўды, прычыненыя яго народу. Такім чынам, у пазіцыі Валенрода існаваў дысананс паміж высакароднымі ідэаламі героя і метадамі, якія ён выкарыстоўваў; герой апынуўся ў трагічнай сітуацыі, у якой, каб рэалізаваць свае каштоўнасці, ён быў вымушаны выкарыстоўваць сродкі, якія супярэчаць яго ўласнаму маральнаму кодэксуJanina Lasecka-Zielak: Wallenrodyzm. W: Jerzy Bachórz, Alina Kowalczykowa: Słownik literatury polskiej XIX wieku. Wrocław: Ossolineum, 2002. ISBN 83-04-04616-4. Дзеянне паэмы фармальна адбываецца падчас Паўночных крыжовых паходаў, змагання Літвы супраць крыжакаў Тэўтонскага ордэну. Аднак пазіцыя героя прачытвалася хутчэй як алегорыя становішча сучасных аўтару палякаў і літвінаў, патрыятызм якіх, сутыкнуўшыся з падзеламі Рэчы Паспалітай, часта даводзілася рэалізоўваць праз змоўніцкую дзейнасць, што супярэчыла рыцарскаму стаўленню да гонару. Пазіцыю, падобную да валенрадызму, выказаў яшчэ Нікало Макіявелі ў кнізе «Князь» («Гаспадар»): «ёсць два спосабы змагацца — як леў і як ліс».
Этычная супярэчлівасць канцэпцыі
Канцэпцыя валенрадызму адносна хутка стала папулярнай і выкарыстоўвалася ўжо пры жыцці Міцкевіча . Адзін з архітэктараў царскай рэпрэсіўнай палітыкі, кат філаматаў і філарэтаў, Мікалай Навасільцаў ведаў пра гэта і яшчэ ў 1828 годзе папярэдзіў вялікага князя аб патэнцыйна небяспечным уплыве Конрада Валенрода на яго аўдыторыю. Радок з паэмы «Tyś niewolnik, jedyna broń niewolników jest — zdrada» (Ты раб, адзінай зброяй рабоў ёсць здрада), які найбольш канцэнтравана выражае сутнасць валенрадызму, быў выкраслены царскай цэнзурай яшчэ ў выданні 1828 годуLudwik Bazylow, Polacy w Petersburgu, 1984, s. 138—139..
Адначасова самі палякі і літвіны ў XIX стагоддзі ацэньвалі валенрадызм па-рознаму. З аднаго боку, Міцкевіч у Конрадзе Валенродзе дакладна ўлавіў складаную этычную сітуацыю, з якой сутыкнуліся змоўшчыкі, якія рыхтаваліся да Лістападаўскага паўстання, і спрычыніўся да кадыфікацыі новай мадэлі патрыятызму, якая магла быць рэалізавана ў змоўніцкай і рэвалюцыйнай дзейнасці . (Некаторыя з палякаў-царскіх генералаў адмовіліся далучыцца да паўстання, і былі забітыя, перад усім таму што лічылі немагчымым здрадзіць прысязе). Вядома таксама, што чытанне рамана-паэмы Міцкевіча натхніла некаторых на ўдзел у змоўніцкай або паўстанцкай дзейнасці . З іншага боку, некаторыя крытыкі XIX стагоддзя (напрыклад, Уладзіслаў Галембіёўскі, Войцех Цыбульскі, Іван Франка) інтэрпрэтавалі твор вельмі літаральна, абвінавачваючы Міцкевіча ў фактычнай апалогіі здрады, і ў тым, што ідэя помсты ў творы была важнейшай, чым ідэя любові да айчыны. Іншыя ж лічылі, што ўчынкі героя былі вынікам не жадання помсты, а безумоўнага патрыятызму, які патрабаваў поўнай ахвярнасці (Адам Белчыкоўскі, Юзэф Трацяк, Уладзімір Спасовіч). У сваю чаргу, Марыя Канапніцкая, падкрэслівала трагедыю пазіцыі валенрадызма .
Успрыманне валенрадызма яўрэямі
Нечакана масавай і пазітыўнай была рэцэпцыя «Валенрода» і яго цэнтральнай ідэі ўсходнееўрапейскімі яўрэямі, пазбаўленымі ў эпоху ўзросту нацыяналізмаў уласнай дзяржавы, і большасці грамадзянскіх праў. Іх нацыянальныя памкненні сутыкаліся з вельмі падобнай на Міцкевічаўскую фрустрацыяй, а вядомыя сімпатыі паэта да яўрэяў узмацнялі ягоны аўтарытэт, тым больш што многія маглі чытаць яго ў арыгінале. Як заўважыў знаўца гэтага пытання Рышард Лёў, захапленне эпічнай паэмай Міцкевіча, у тым ліку ў выглядзе перакладаў, перапрацовак, рэмінісцэнцый і адаптацый, было відавочным у канцы ХIХ і першай палове ХХ стагоддзяў у такіх розных пісьменнікаў і паэтаў, як Іегуда Лейб Гордан (1830-92), Рубен Ашэр Браўдэс (1851—1903), Ісаак Лейб Перэц (1852—1915), Нафталі Герц Імбер (1856—1909) і Шаўль Чарніхоўскі (1875—1943). Апісаная ў паэме трагічная сітуацыя галоўнага героя ўспрымалася асабліва актуальнай да набыцця незалежнасці дзяржавай Ізраіль (1948).
У гэтым захапленні Конрадам Валенродам асаблівую ролю заўсёды адыгрывала «Песня Альпухары» — дастаткова сказаць, што да сярэдзіны ХХ стагоддзя яна была перакладзеная на іўрыт сем (!) разоў. У гэтай устаўной частцы паэмы чытач пераносіцца ў сярэднявечную Іспанію, у часы Рэканкісты. Тэма песні, якую выконвае сам галоўны герой Конрад (ён жа Вальтэр Альф) падчас тэўтонскага банкету, — гэта заваяванне Грэнады, апошняга бастыёна маўраў супраць хрысціянаў, і смяротны пацалунак іх правадыра Альмансора, які хітра заваёўвае давер іспанцаў, каб наўмысна заразіць іх чумойMikołaj Gliński. A Prophet in a Foreign Country: How the Jews Read Konrad Wallenrod // culture.pl .
Крыніцы
Катэгорыя:Аб’екты, названыя ў гонар людзей Катэгорыя:Літаратурныя кірункі Катэгорыя:Сіянізм Катэгорыя:Артыкулы праекта Літвінскі лексікон