«Hair Peace Salon» () — брыт-поп і гурт з Мінска, адзін з галоўных беларускіх прадстаўнікоў брытанскага інды-рока. Яго музыка вылучаецца ў большасці англамоўнай лірыкай з эмацыйнай падачай і рэзкімі перападамі настрою ў спевах. Гурт быў заснаваны ў 1998 годзе і выдаў поўнафарматны альбом «Gentleman», а таксама з тузін сінглаў і EP. У сярэдзіне 2013 года музыкі прыпынілі супрацоўніцтва і некаторыя людзі з апошняга складу гурту, уключаючы франтмена і сузаснавальніка Алега Вяля, які лічыцца адным з найлепшых рок-выканаўцаў у Беларусі, сфарміравалі беларускамоўны рок-гурт «Bristeil», за якім у 2017 годзе з’явілася нараджэнне сольнага электроннага праекта музыкі «Helaiv».

Гісторыя

Раннія гады (1998—2001) Алег Вяль пачаў марыць граць музыку яшчэ ў 1996 годзе. На наступны год яго брат набыў для свайго гурта ўдарную ўстаноўку, і гэта стала першай матэрыяльнай падставай для пачатку. Алег хацеў далучыцца да музычнага калектыву брата, але яго не ўзялі, бо той яшчэ не граў ні на якім музычным інструменце. У 1998 годзе будучы вакаліст-гітарыст збірае двух школьных таварышаў, басіста Максіма Дзевічэнскага і барабаншчыка Аляксандра Вашчылу, у гурт. Усе жадалі граць музыку як натхнёную музычнымі гуртамі агульных сяброў, такімі як «Jitters», так і вядомымі на ўвесь свет, такімі як «Nirvana», «Radiohead», «Pearl Jam». Першыя гады хлопцы толькі вучыліся граць і эксперыментавалі з новымі ідэямі і метадамі напісання твораў.

Першыя рэлізы (2002—2006) Упершыню назва «Hair Peace Salon» афіцыйна прагучала са сцэны мінскага клуба «База» 22 лютага 2002 года на канцэрце-трыб’юце Курта Кабэйна і гурта «Nirvana». Імпрэза была прысвечана дню нараджэння музыканта, і на ёй «Hair Peace Salon» адыграў некалькі песень. На той момант гурт складаўся з трох чалавек: Алега, Максіма і Аляксандра, — але апошні ў тым жа годзе пакідае гурт і яго наступнікам становіцца Артур Лучкоў.

Неўзабаве склад узмацняе сола-гітарыст Вадзім Дубіна. Такім чынам, гурт на 2003 год збірае класічны склад рок-ансабля з чатырох чалавек: рытм-гітара, сола-гітара, бас-гітара, барабаны. У сакавіку «Hair Peace Salon» прымаюць удзел у «» ў Мінску. У рэкламных мэтах гурт запісвае першы сінгл «Next Level», які складаўся з дзвюх песень, і ён выходзіць у пачатку 2004 года.

У чэрвені 2004 года «Hair Peace Salon» разам з «Jitters» прымае ўдзел у міжнародным фестывалі «Piirideta Muusika» (), які праходзіў у горадзе Нарва (Эстонія). У тыя гады Артур Лучкоў і Алег Вяль таксама гралі ў брыт-рок гурце «Jitters», дзе за бас-гітарай спяваў Канстанцін Карман, да таго ж абодва англамоўныя музычныя калектывы часта выступалі разам на зборных канцэртах і сумесна ездзілі па фестывалях, так што музыкі добра ведалі адзін аднаго. Калектыў робіць крокі на грандж-сцэну, актыўна граючы на мінскіх клубных пляцоўках на працягу 2002—2004 гадоў.

У 2005 годзе па сямейных абставінах з гурта выходзіць Вадзім Дубіна. Праз чатыры месяцы пасля доўгіх пошукаў і эксперыментаў на яго месца прыходзіць гітарыст Вадзім Ісаеў з Жодзіна, знаёмства з якім адбываецца праз «Музыкальную газету» і прыход якога робіць калектыў больш згуртаваным і цэласным. У ліпені гурт удзельнічае ў польскім фестывалі «Басовішча-2005», у снежні — у «Рок-коле-2005» (Полацк).

Наступны рэкламны CD гурта з’яўляецца ў свет у тым жа 2005 годзе. Кружэлка ўключыла ў сябе EP «Hover» з аднайменным загалоўным сінглам, а сама кампазіцыя «Hover» трапіла ў брытанскі зборнік альтэрнатыўнага рока «Spotlight On» выдавецтва «Matchbox Recordings», выхад якога датуецца 14 лістапада 2005 года. У кастрычніку Алег Вяль па пэўных тэхнічных прычынах і каб больш часу ўдзяляць свайму гурту спыняе супрацоўніцтва з «Jitters», дзе ён паралельна граў на гітары і быў бэк-вакалістам. Пад новы 2005 год склад пашырыў клавішнік-вакаліст Андрэй Козік са стылістычна блізкага «Hair Peace Salon» гурта «Rosary», але ў сукупнасці ён пайграў супольна каля паўгода.

Пад канец вясны 2006 года Артур Лучкоў таксама вызваліўся ад пабочных абавязкаў у «Jitters», а сам год гурт правёў на сцэне і, акрамя канцэртаў па Беларусі, прыняў удзел у замежных фестывалях «» (Тыхы), «» (Сувалкі), «» (Алецка). Да таго ж музыканты з’явіліся на супольным канцэрце з удзелам «Neuro Dubel», «Крама», «N.R.M.», «Indiga» і шэрагу іншых знакамітых беларускіх рок-калектываў у падтрымку выпуску серыі зборнікаў «Песьні свабоды», які адбыўся на плошчы Бангалор 25 жніўня 2006 года.

Gipsy і In Tune (2007—2009) 2007 год стаў годам выпуску другога сінгла, які разам з канцэртна-спаборніцкай актыўнасцю за гэты час прынясе намінацыю ў катэгорыі «Прарыў года» на цырымоніі «Рок-каранацыя-2007» у наступным лютым.

Гурт выйграе майскі трэцьфінал па галасаванні гледачоў, вынікі якога зацвердзіў гітарыст-педагог Уладзімір Угольнік, і сам фінал конкурсу «ИдиНаРок» у чэрвені з прызам запісаць песню на прафесійнай музычнай студыі. Хлопцы граюць на вялікіх пляцоўках падчас святкавання Дню горада Мінска і на фестывалі «Амбасовішча», які быў праведзены амбасадай ЗША ў Беларусі ў верасні, і толькі з-за махінацый з падлікам галасоў спыняюцца ў паўфінале міжнароднага конкурсу «Global Battle of the Bands», у якім яны ўдзельнічалі на працягу другой часткі 2007 года.

Пасля спроб пайграць разам з сесійнымі клавішнікамі, у тым ліку на сцэне падчас імпрэзы «Акустыка вясны» ў сакавіку, пад канец 2007 года колькасць афіцыйных удзельнікаў гурта павялічваецца, бо Канстанцін Карман прыпыняе існаванне свайго гурта «Jitters» і далучаецца да «Hair Peace Salon» на пастаяннай аснове. У гурце ўжо быў свой басіст, а паколькі Канстанцін Карман нядаўна купіў сінтэзатар «» падчас дзелавой паездкі ў Шатландыю, то ён стаў клавішнікам, які спявае вакальныя партыі, а таксама складае спевы. 28 кастрычніка 2007 года EP «Gipsy» быў выдадзены ў свет. Новае аблічча гурта было паказана на канцэртнай прэзентацыі рэліза, падтрыманай выступленнямі «Open Space» і некаторых іншых музыкаў — сябраў гурта, 18 лістапада 2007 года.

25 лістапада 2007 года для прасоўвання новага супрацоўніцтва на лэйбле «West Records» быў выдадзены спліт-альбом «Split Before, Together Now». На CD трапілі EP «Gypsy» «Hair Peace Salon» і «Pick Me Up» «Jitters» з арыгінальным афармленнем вокладкі, на якую былі змешчаны два звязаныя шнуркамі дзіцячыя чаравікі як сімвал таго, што раней было два гурты, але з гэтага часу яны аб’яднаны. «Хлопцы з „HPS“ заўсёды захапляліся творчасцю не вельмі вядомай, але ўлюбёнай у пэўных колах каманды „Jitters“. А сёння яны дагналі іх у майстэрстве, сталі побач і ў чымсьці нават абышлі», — крытык Алена Сабалеўская з «Музыкальнай газеты» падсумавала жыццёвы шлях гуртоў у сваім аглядзе на дыск.

У дадатак да рэгулярных канцэртаў, а іх было дадзена ў 2007 годзе каля трыццаці, музыкі паспяхова ўдзельнічалі ў розных музычных конкурсах, такіх як «Музычны плэй-оф» (паўфіналісты), «Залатая акустыка» (пераможцы), «Рок-спарынг» (уладальнікі прыза на запіс на студыі). Па выніках апошняга конкурсу пад канец 2007 года Алена «Aresha» Сабалеўская з партала «LiveSound.by» прадказала, што пра музыкаў гурта, які, на думку Сяргея Ясючэні, дырэктара «West Records», выбіўся ў трэнды, «будуць пісаць усё радзей і радзей, таму што пісалі пра іх вельмі шмат».

Афіцыйнае відэа да аднайменнага вядучага сінгла EP «Hover», у якім быў прадстаўлены новы выгляд гурта з Канстанцінам Карманам, было знята рэжысёрам Анатолем Вечарам у лютым 2008 года, і гатовы ролік 16 сакавіка быў паказаны па тэлебачанню ў праграме «Pro движение+». Падчас першай частцы 2008 года на студыі «OSMOS» быў запісаны і новы сінгл «Stand The Rain» — прыз пераможцам музычнага конкурсу «ИдиНаРок». У сакавіку гурт выступіў у перадачы «Музычны партал» Першага Нацыянальнага канала Беларускага радыё, дзе сыграў яшчэ не выдадзеныя песні: «Stand The Rain», «Ice Age», «Borderline».

У той жа час Вадзім Ісаеў пакідае гурт. Гэта сталася ўдарам, бо адбылося падчас сесій запісу новага міні-дыска, і хаця каманда спрабавала знайсці новага сола-гітарыста, але гэтага не ўдалося. Нягледзячы на акалічнасці, квартэт, які застаўся, не пажадаў ні марудзіць з тэмпам запісу новых твораў, ні змяншаць колькасць жывых выступленняў. Прэзентацыя новага EP «In Tune» была зладжана ў дзень яго выпуску 1 лістапада 2008 года ў клубе «Bronx» з удзелам Вадзіма Ісава пры падтрымцы фальклорнага гурту «Akana-NHS» з Ірэнай Катвіцкай і Русяй. Гэты дыск быў запоўнены чатырма песнямі, уключая бонусную «Stand The Rain», якая ўжо выдавалася на сінгле.

Як пераможца адборачных тураў разам з «Open Space» у студзені 2009 года гурт сыграў на мясцовым фінале фестывалю «Bandscan», заключная частка якога павінна была прайсці ў Швецыі, але «Hair Peace Salon» заняў толькі другое месца. Музычнае відэа на песню «In Tune» было знята ў лютым, а сам завершаны кліп быў паказаны публіцы ў снежні таго ж года. У вясновы час Артур Лучкоў пакідае гурт у выніку рознагалоссяў у «Hair Peace Salon», але пасля кароткіх пошукаў Аляксей Кузняцоў, былы ўдзельнік «Prophetic Dream», «Iris7» і некаторых іншых гуртоў, займае яго месца. У ходзе наступнага перыяду года «Hair Peace Salon» актыўна працаваў у студыі над новымі музычнымі творамі, узбагачаў досвед падачы сваіх акустычнай і рокавай праграм, часта, як і ў мінулыя гады, ладзіў канцэрты разам з паплечнікамі, таксама прадстаўнікамі брытанскай хвалі, «Open Space» ды іншымі.

Перамога ў адборы за месца ў зборніку грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!» і «Еўрапейскага радыё для Беларусі» «Budzma The Best Rock / Budzma The Best Rock/New» па часе супала з удзелам у праекце «Тузін. Перазагрузка» вэб-партала «Тузін Гітоў» і «Будзьма беларусамі!», дзеля чаго гурт пераспяваў сваю песню «Ice Age» на беларускай мове, лірыку да якой паэтычна пераклаў літаратар Віталь Воранаў, і гэта стала першым спевам хлопцаў па-беларуску. Прыметны трэк пад назвай «Студзень» трапіў на CD-кампіляцыю праекта, якая была выпушчана ў свет у снежні 2009 года. У жніўні 2009 года гурт атрымаў перамогу ў нацыянальным адборы, арганізаваным «Будзьма беларусамі!», і з’ездзіў у Чарнігаў (Украіна) на фестываль «Be Free», каб прадставіць тую версію спева на роднай мове.

У канцы 2009 года гурт абнавіў афіцыйны сайт, дызайн якога распрацавала Паліна Пастушэнка, рэжысёр апошняга кліпа «In Tune». У снежні 2009 года Аляксей Кузняцоў пакінуў гурт (пазней Алег Вяль скажа, што адыход музыкі адбыўся з-за таго, што яны не гралі з гэтым бубначом добра ў гармоніі), і ўжо ў наступныя месяцы Уладзімір Агаян, прыхільнік гурту, які выйграў кастынг, стаў яго пераемнікам. Такім складам Вяль, Дзевічэнскі, Карман і Агаян учатырох пачалі працу над поўнафарматным альбомам.

Gentleman (2010—2012)

У першыя некалькі месяцаў 2010 года гурт прымае ўдзел у адкрытым музычным фестывалі «Graffiti Open Music Fest», паспяхова праходзячы яго раунды, а таксама дабіраецца да рэгіянальнага фіналу конкурсу «Рок-ноч». Першы сінгл пад назвай «Happy For A While» з будучага поўнафарматнага альбома быў выпушчаны 5 красавіка 2010 года спачатку на кітайскі рынак з адметнай вокладкай, каб падтрымаць падпісанне новага бубнача, у той час як яго сусветны выхад адбыўся на пяць дзён пазней. Гэты рэліз азначыў музычны зрух гурту ў бок паўэр-попа, а альбом з новымі спевамі павінен быў выйсці наступнай восенню. Новыя песні з сінгла, як і зменены дрэс-код музыкаў, былі прадстаўлены 10 красавіка ў клубе «Broadway» у рамках прэм’ернага шоу разам з «Drum Ecstasy», «Кассиопея», «The Stampletons» ды іншымі.

У верасні 2010 года гурт робіць двайны рэліз: выхад новага рок-н-рольнага інтэрнэт-сінгла «Rolz'n'Rulz» быў падтрыманы эксперыментальным EP рэміксаў «HPS Remixed», на які трапілі шэсць песень з дзвюх апошніх сінглаў у транс, драм-н-бэйс, даўнтэмпа ды іншых стылёвых апрацоўках ад шэрага дыджэяў мінскай электроннай сцэны. Віктар Сямашка як вядоўца «Беларускага Радыё Рацыя» прызнаў эксперымент паспяховым. 3 снежня 2010 года гурт даў анлайн-канцэрт на «TUT.BY», дзе выканаў у тым ліку некалькі песень з гэтых новых сінглаў.