Лес — прыродны комплекс згуртаванняў лясных раслін і жывёл з пэўным геаграфічным асяроддзем; адзін з асноўных тыпаў расліннага покрыва Зямлі.

Складаецца з сукупнасці дрэвавых, кустовых і травяністых раслін, дзе галоўная роля належыць дрэвам. Пашыраны на ўсіх кантынентах (акрамя Антарктыды). Займае больш за 27 % сушы. Палова гэтай плошчы належыць трапічным лясам. Біямаса лясоў — 90 % наземнай біямасы.

Структура лясоў залежыць ад фізіка-геаграфічных умоў асяроддзя, відавога складу і біялагічных асаблівасцей раслін (гл. біягеацэноз). Для лесу характэрна ярусная будова. Звычайна вылучаюць дрэвавыя ярусы (дрэвастой), ярус кустовага падлеску, кусцікавае, паўкусцікавае і травяністае покрыва, ярус імхоў і лішайнікаў, пазаярусныя расліны (ліяны, эпіфітныя расліны на ствалах і ў кронах дрэў). У залежнасці ад складу, умоў і асаблівасцей развіцця вылучаюць вечназялёныя (вільготныя трапічныя лясы, мангравыя лясы, хвойныя лясы), лістападныя (дробна- і шыракалістыя лясы, мусонныя, саванныя і інш.). Паводле тыпу аднаўлення адрозніваюць насенныя і парасткавыя, паводле паходжання — натуральныя і штучна створаныя, паводле гісторыі фарміравання — карэнныя і другасныя, па складзе парод — чыстыя і мяшаныя.

Лес уздзейнічае на працэсы глебаўтварэння, клімат, кругаварот вільгаці, з’яўляецца адным з планетарных акумулятараў жывога рэчыва ў біясферы; актыўна ўзаемадзейнічае з трапасферай і вызначае ўзровень кіслароднага і вугляроднага абмену. Выконвае водаахоўную, глебаахоўную, рэкрэацыйную і іншыя функцыі. Выключная роля лесу ў экалагічнай раўнавазе біясферы, захаванні генетычнай разнастайнасці раслін і жывёл, як крыніц рэсурсаў для розных галін прамысловасці, сельскай гаспадаркі і інш. робяць неабходнымі мерапрыемствы па ахове лясоў, аднаўленні лясоў, лесаразвядзенні.

Лес — узнаўляльны прыродны рэсурс, які забяспечвае ўстойлівасць біясферы. Важны кампанент геаграфічных ландшафтаў. Яго вывучае лесазнаўства, лесаводства і іншыя дысцыпліны.

Структура лесу У залежнасці ад біялагічных асаблівасцяў найважнейшых раслін, іх узросту і вызначаных фізіка-геаграфічных умоў у лесе развіваецца некалькі ярусаў раслін. Ярусы — досыць выразна адмежаваныя гарызонты канцэнтрацыі дзейных органаў раслін. Ярусы могуць быць утвораны адным ці двума і больш відамі. У лясах адрозніваюць ярусы: Дрэвастой. Полаг лесу — сукупнасць крон дрэў, якія стуліліся. У лясах умеранага пояса можа быць да двух лясных полагаў, у трапічных лясах — да пяці ярусаў дрэвастою. У вільготных трапічных лясах ёсць ярус вельмі высокіх дрэў, што ўзвышаюцца над полагам лесу. Падлесак. Складаецца з хмызнякоў і нізкіх дрэў. Травяны ці травяна-кусцікавы. Мохавы ці імхова-лішайнікавы. Лясны подсціл — «пласт арганічных рэшткаў на паверхні глебы ў лесе»(БСЭ). Ён складаецца з апалага лісця, галінак, кветак, пладоў, кары і іншых рэшткаў раслін, фекалій і трупаў жывёл, абалонак кукалак і лічынак. Бывае, што ў лясным подсціле знаходзіцца некалькі мільёнаў насельнікаў на кожным квадратным метры, ад найпрасцейшых і бактэрый да мышэй і іншых дробных сысуноў. Таму звычайна подсціл і ёсць самы густанаселены ярус. Пласт рэшткаў адмерлых раслін уяўляе сабою мёртвае покрыва. Роля ляснога подсцілу вельмі вялікая, ён выконвае наступныя функцыі: Месца ўтварэння перагною. Абарона глебы ад размыву і механічнага ўшчыльнення. Рэгулятар водна-паветранага рэжыму глеб. Рэгулятар лесараслінных уласцівасцей глеб. Месца канцэнтрацыі элементаў сілкавання раслін. Падземны ярус лесу складаецца з каранёвай сістэмы раслін, лясных глеб і іх шматлікіх насельнікаў, уключаючы фаўну, грыбы і мікраарганізмы.

Сустракаецца пазаярусная расліннасць з павойных раслін і эпіфітаў.

Асноўным кампанентам з’яўляецца дрэвастой. Падлесак і падрост, а ў лясах з густым шчыльным полагам і жывое наглебавае покрыва, могуць адсутнічаць. Жывое наглебавае покрыва складаюць імхі, лішайнікі, травяністыя расліны і хмызнячкі.

Узлесак лесу Узлесак лесу — паласа пераходу да сумежнага тыпу расліннасці. Звычайна на ўзлеску дрэвы пакрыты лісцем на ўсю вышыню, тут больш хмызнякоў, ліян і падросту. Узлесак адрозніваецца ад суседніх тыпаў расліннасці відавым складам раслін і жывёл. Многія віды сустракаюцца выключна на ўзлескуОпушка леса // И. И. Дедю. Экологический энциклопедический словарь. — Главная редакция Молдавской советской энциклопедии. Кишинев, 1989. .

Ламачча

Ламачча — паваленыя на зямлю ствалы дрэў ці іх часткі: сучча, галіны, сухія і гнілыя.

Свежае ламачча можа выкарыстоўвацца ў якасці паліва.

Свежае ламачча, у выпадку ўзнікнення ляснога пажару, спрыяе яго хуткаму распаўсюджванню. Апроч таго, ламачча дазваляе размнажацца казуркам, асабліва караедам, і развівацца грыбным хваробам, якія могуць перакінуцца на жывыя дрэвы. Таму свежае ламачча па магчымасці ў патрэбных колькасцях выдаляюць з лесу. Згнілае ламачча робіцца бясшкодным, і тады яго выдаленне з лесу прыносіць ужо не карысць, а шкоду, дарма пазбаўляючы лясную глебу прыроднага ўгнаення.

Ламачча з’яўляецца сталым ці часовым жыллём для шматлікіх насельнікаў: мікраарганізмаў, грыбоў, членістаногіх, малюскаў, земнаводных і паўзуноў, птушак і нават дробных сысуноў. Для паспяховага развіцця раслін некаторых відаў трэба, каб іх насенне прарасло ў ламаччы.

Ламачча грае значную ролю як даўгачасны рэзервуар вугляроду. Прыкладам, у хваёвых лясах у ламаччы разам з глебай можа змяшчацца да 25—30 % назапашанага ў лесе вугляроду.

Лес як экасістэма

Лес — гэта не проста сукупнасць дрэў і хмызнякоў, лес з’яўляецца экасістэмай — складанай супольнасцю з цесна злучаных паміж сабой элементаў, сюды ўваходзяць як жывыя арганізмы (біёта), так і нежывы, абіятычны складнік — паветра, глеба і вада. Лясная біёта складаецца з расліннасці, жывёл і мікраарганізмаў. Лясная расліннасць — гэта не толькі драўняная расліннасць, а яшчэ і травы, імхі, грыбы, багавінне і лішайнікі. Струмені энергіі і рэчываў (прыкладам, кіслароду) цыркулююць у экасістэме, утвараючы колазварот і злучаючы ў адно цэлае ўсе элементы жывой і нежывой прыроды.

Прыкладам з’яўляюцца працэсы, звязаныя з фотасінтэзам — працэсам утварэння пажыўных рэчываў з вады і вуглякіслага газу з выкарыстаннем энергіі сонечнага святла. Здольнасцю да фотасінтэзу валодаюць толькі зялёныя расліны, таму ўсе астатнія змушаны сілкавацца або гэтымі раслінамі, або іншымі арганізмамі, якія выкарыстоўваюць у ежу расліны, і такім чынам расліны, прама ці ўскосна, з’яўляюцца крыніцай сілкавання для ўсіх арганізмаў. Вельмі важная роля бактэрый і іншых арганізмаў, што раскладаюць адыходы абмену рэчываў і рэшткі раслін і жывёл, утвараючы прасцейшыя рэчывы, якія могуць быць выкарыстаны надалей у абмене рэчываў.

Насаджэнні

Насаджэнне (лясны фітацэноз) — аднастайная пляцоўка лесу, адрозная ад суседніх па характары расліннасці, галоўным кампанентам з’яўляецца дрэвастой. Насаджэнні могуць адрознівацца паходжаннем, складам, узростам, ступенню стуленасці ці формай.

Найбольшае значэнне мае адрозненне паміж выносістымі і нізкастволымі насаджэннямі. Выносістыя ўтвораны дрэвамі, што выраслі з насення, а нізкастволыя — што паходзяць з парасніку. У адным і тым жа насаджэнні могуць быць дрэвы рознага паходжання.

Хваёвыя насаджэнні звычайна насеннага паходжання, а натуральныя насаджэнні лісцяных парод — змяшанага паходжання.

Па складзе адрозніваюць насаджэнні чыстыя, з дрэў адной драўнянай пароды, і змяшаныя — з дрэў дзвюх ці больш розных парод. Насаджэнні натуральнага паходжання, як правіла, з’яўляюцца змяшанымі. Чыстыя насаджэнні сустракаюцца толькі на глебах, прыдатных для росту якой-небудзь адной драўнянай пароды, прыкладам, чыстыя хваёвыя насаджэнні на сухіх пясчаных глебах, насаджэнні чорнай алешыны на багнах.

Суадносіны ўзроставых груп (маладнякі, сярэднеўзроставыя, саспелыя, перастойныя) вызначае ўзроставую структуру ляснога фітацэнозу. Класы ўзросту адрозніваюць у залежнасці ад асобных парод (бук, піхта каўказская, таполя), груп парод (хвойныя, цвёрдаліставыя, мяккалістыя), а таксама і ад таго, насенным ці парасткавым з’яўляецца насаджэнне. Узрост усіх дрэў, якія ўтвараюць насаджэнне, можа быць аднолькавы (аднаўзроставае насаджэнне) ці розны (рознаўзроставае насаджэнне). У натуральных лясах аднаўзроставыя насаджэнні ўзнікаюць рэдка (прыкладам, пасля моцнага пажару); зазвычай іх узнікненне выклікана гаспадарчай дзейнасцю чалавека.

Калі насаджэнні доўга растуць на адным месцы, не змяняючы складу драўняных парод, то яны з’яўляюцца карэннымі. Вытворныя, ці другасныя, вырастаюць на месцы карэнных лясоў, якія загінулі з-за стыхійных бедстваў — пажараў, ураганаў, экстрэмальных марозаў, працяглых засух, інфекцыйных хвароб дрэў ці нашэсцяў казурак, а таксама на месцы лясоў, высечаных чалавекам.

Па паходжанні насаджэнні могуць быць натуральнымі ці штучнымі. Асаблівае месца сярод штучных насаджэнняў займаюць ахоўныя лясныя насаджэнні — штучныя насаджэнні для абароны ад неспрыяльных прыродных фактараў, у тым ліку для змагання з засухай, воднай і ветравой эрозіяй. Апроч іншага, ахоўныя лясныя насаджэнні спрыяльна ўплываюць на мікраклімат, снегаразмеркаванне, гідралагічны рэжым глебы. Іх ствараюць шляхам пасадкі ці пасеву, галоўным чынам, у стэпавых, лесастэпавых і паўпустынных раёнах. Яны могуць служыць для абароны многіх аб’ектаў, у тым ліку сельскагаспадарчых угоддзяў, глеб, вадаёмаў, дарог, населеных пунктаў.

Ступень стуленасці

Ступень стуленасці насаджэння (ступень зацянення змешчанай пад ім глебы) — акалічнасць, якая мае велічэзнае значэнне: на зацененай полагам насаджэння глебе адбываецца назапашанне ляснога подсцілу, дзякуючы якому падтрымліваецца ўрадлівасць глебы. З парушэннем стуленасці сонечныя прамені пракрадаюцца да глебы, з-за чаго подсціл хутчэй раскладаецца, з’яўляецца травяністая расліннасць, глеба ўшчыльняецца, і ўсё гэта неспрыяльна адлюстроўваецца на ўзросце дрэў. Да вызначанага веку аднавекавыя насаджэнні застаюцца стуленымі, потым пачынаецца натуральнае вырэджванне. З маладога веку паміж дрэвамі, што ўтвараюць насаджэнне, ідзе змаганне з-за абшару, патрэбнага для іх вяршынь, якія паступова разрастаюцца; многія дрэвы ў гэтым змаганні адстаюць і ў выніку гінуць. Такім чынам, змаганне паміж дрэвамі абумоўлівае натуральнае змяншэнне колькасці ствалоў у насаджэнні, што асабліва рэзка заўважна ў насаджэннях маладога і сярэдняга веку. Дрэвы, што адміраюць у маладым веку, маюць невялікія вяршынькі, адміранне якіх выклікае ўтварэнне малых прасветаў, якія хутка зачыняюцца дзякуючы разрастанню вяршынь астатніх дрэў. У пазнейшым веку адміраюць буйныя дрэвы, вяршыні якіх займалі так шмат месца, што прасветы не могуць ужо зачыняцца вяршынямі астатніх дрэў, якія да таго ж растуць, з прычыны старэчага веку, даволі павольна. Такім чынам, у пэўным веку, больш познім для ценетрывалых парод, прыкладам, елкі, піхты, бука, граба, і маладзейшым для святлалюбных, прыкладам, хвоі, дуба, бярозы, у насаджэннях пачынаюць з’яўляцца прасветы, што не могуць зачыніцца і парушаюць стуленасць.

Гаспадарчая ацэнка Вызначэннем колькасных параметраў лясоў, у тым ліку запасаў драўніны, вышыні і якасці дрэў і дрэвастояў, займаецца дэндраметрыя, ці лясная таксацыя. Гэта трэба як для камерцыйнай ацэнкі лясоў, так і для вывучэння іх развіцця і ацэнкі эфектыўнасці іх выкарыстання і гадоўлі.

Банітэт лесу — паказнік прадукцыйнасці насаджэння (хуткасці прыросту драўніны). Хуткасць росту дрэў залежыць ад глебава-грунтовых, кліматычных умоў і ўплыву чалавека на лес. Банітэт залежыць ад сярэдняй вышыні дрэў асноўнай пароды з улікам іх узросту. Для ўсіх драўняных парод выкарыстоўваецца баніціровачная шкала, складзеная ў 1911 годзе прафесарам М. М. Арловым. Насенныя і парасткавыя насаджэнні маюць асаблівыя шкалы // Словарь ботанических терминов. Под ред. д. б. н. И. А. Дудки. — Киев: Наукова Думка, 1984..

Гісторыя лясоў

Старажытная гісторыя Самыя першыя наземныя расліны выяўлены ў Аўстраліі. Іх узрост прыкладна 395 млн гадоў. Каля 370 млн гадоў таму (пачатак дэвонскага перыяду) на сушы шырока распаўсюдзілася расліннасць з нізкіх хмызняковых формаў.