Краўцо́ў Мака́р (сапр. Мака́р Мацве́евіч Касцевіч (Косцевіч); , Баброўня, цяпер Гродзенскі раён, Гродзенская вобласць, Беларусь — пасля 1939) — беларускі паэт, публіцыст, перакладчык, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху. Аўтар слоў гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».
Дзядзька беларускага паэта Міхася Васілька.
Біяграфія
Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю ў 1910 годзе, настаўнічаў на Гарадзеншчыне, удзельнік Першай сусветнай вайны, ваяваў у расійскім войску на Паўднёва-Заходнім фронце. Дэлегат Усебеларускага з’езда ад салдацкага камітэта 44-га армейскага корпуса Паўднёва-заходняга фронту ў снежні 1917 года. У 1918 годзе ўвайшоў у Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР), сябра Рады БНР, настаўнічаў у менскіх беларускіх школах.
У пачатку 1919 годзе на Гарадзеншчыне — упаўнаважаны Міністэрства беларускіх спраў пры літоўскім урадзе, ствараў беларускія органы ўлады ў Сакольскім павеце. Пазней вяртаецца ў Менск, працуе пры Літаратурна-выдавецкім аддзеле Наркамасветы ЛітБел ССР. Са снежня 1919 года ўваходзіў у склад Беларускай вайсковай камісіі (БВК) пры польскай адміністрацыі, узначальвае культурна-асветны аддзел. Аўтар вядомага верша «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» (апублікаваны 30 кастрычніка 1919 г. у газеце «Беларусь» пад назвай «Ваяцкі гімн»).
У часе Слуцкага збройнага чыну 1920 года прызначаны загадчыкам друкарні паўстанцаў у Клецку.
Удзельнік Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе ў верасні 1921 года. З 1921 года жыў і працаваў у Вільні. Удзельнічаў у рабоце Беларускага навуковага таварыства. У 1926 годзе арыштаваны польскімі ўладамі. Сябра Галоўнай управы Таварыства беларускай школы ў 1936—1937 года. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР з кастрычніка 1939 года працаваў у рэдакцыі газеты «Віленская праўда». У канцы 1939 года арыштаваны разам з іншымі дзеячамі беларускага вызваленчага руху (Антонам Луцкевічам, Янкам Пазняком, Сяргеем Буслом, Вінцэнтам Грышкевічам, Удзімірам Самойлам і іншымі). Дакладныя звесткі пра абставіны смерці Краўцова Макара не высветлены. Паводле некаторых сведчанняў, ён быў закатаваны ў часе допытаў у савецкай турме ў Беластоку.
Творчасць
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1918 годзе. Выступаў пад псеўданімамі Дзын-Дзылін, Звончык, Макар, Язэп Светазар, Picolo, Smreczyński; крыпт. З-ык, К.М., Кр. М., М.К. У друку выступаў як Краўцоў Макар.
Друкаваўся ў газетах «Вольная Беларусь», «Звон», «Беларусь», «Беларуская крыніца», «Родны край», часопісах «Рунь», «Маланка», «Беларуская культура», «Шлях моладзі» і іншых.
Аўтар літаратуразнаўчых артыкулаў пра творчасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Жылкі, Канстанцыі Буйло, Цёткі і іншых. Аўтар успамінаў пра сучаснікаў, дзеячаў нацыянальна-вызвольнага руху Івана Луцкевіча, Аляксандра Астрамовіча, Пётры Крачэўскага, Алеся Гаруна, а таксама пра Усебеларускі з’езд 1917 года.
Пераклаў на беларускую мову творы Мікалая Гогаля, Максіма Горкага, Міхаіла Зошчанкі, Аляксандра Купрына, Міхаіла Лермантава, Адама Міцкевіча, Льва Талстога, Генрыка Сянкевіча, Тараса Шаўчэнкі і інш. Пераклаў з польскай мовы Версальскі трактат.
Аўтар слоў гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».
Выбраныя пераклады на беларускую мову: «Алеся» Аляксандра Купрына «Мцыры» Міхаіла Лермантава (1924) «Расказы аб вялікіх падзеях розных часоў і народаў» Мікалая Рубакіна (1924) «Дэман» Міхаіла Лермантава (1926) «Бартэк-пераможнік» Генрыка Сянкевіча (1926) «Сьляпы музыка» Уладзіміра Караленкі (1928) «Прынц і жабрак» Марка Твэна (1928) «Для дзяцей» Льва Талстога (1928) «Тарас Бульба» Мікалая Гогаля (1929)
Літаратура — С. 467
Макар Краўцоў (Касцевіч) / Укл. Лявон Юрэвіч. — Мінск: Кнігазбор, 2021. — ISBN 978-985-7227-93-8. — 216 с.
Спасылкі
Творы Макара Краўцова на «Беларускай палічцы» Дэман у перакладзе Макара Краўцова Макар Касцевіч (Краўцоў). Паэтычная творчасць віленскіх беларусаў // Наша слова.pdf № 45 (97), 8 лістапада 2023. Краўцоў Макар. Беларусы // Наша слова.pdf № 46 (98), 15 лістапада 2023.; № 47 (99), 22 лістапада 2023.; № 48 (100), 29 лістапада 2023. Краўцоў Макар. Беларусы ў Вільні, іх арганізацыі, партыі і прэса // Наша слова.pdf № 31 (135), 31 ліпеня 2024.
Катэгорыя:Члены Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Катэгорыя:Удзельнікі Слуцкага паўстання Катэгорыя:Перакладчыкі з польскай мовы Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Публіцысты Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі з рускай мовы Катэгорыя:Палітыкі Беларусі Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай