Міхал Клеафас Агінскі (; ) — дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, вялікі мечнік літоўскі (1789—1793), вялікі падскарбі літоўскі (1793—1795), дыпламат, кампазітар.
Біяграфія
Паходжанне Паходзіў з княжацкага роду Агінскіх, належаў да вышэйшых арыстакратычных колаў Рэчы Паспалітай. Ад маленства далучаўся да свету інтэлектуальнай і мастацкай культуры, у тым ліку да музыкі. Першыя музычныя ўражанні Міхала Клеафаса звязаны са Слонімам, дзе яго сваяк Міхал Казімір Агінскі трымаў еўрапейскага ўзроўню тэатр, на сцэне якога ставілі лепшыя тагачасныя оперы і балеты. Атрымаў рознабаковую адукацыю і зрабіў бліскучую кар’еру.
Дата і месца нараджэння Лічыцца, што Міхал Клеафас Агінскі нарадзіўся 25 верасня 1765 года ў польскім Гузаве прыкладна за 50 кіламетраў ад Варшавы, якім валодаў яго бацька. Пра гэта ў мемуарах піша сам Міхал Клеафас.
У лютым 2025 года літоўскія даследчыкі апублікавалі раней невядомы запіс пра хрышчэнне, які знайшоў у метрычных кнігах Саланцкага касцёла Паўлюс Ванюхінас, старшыня праўлення Інстытута генеалогіі, геральдыкі і вексілалогіі і дырэктар Акадэміі геральдыкі. З метрыкі вынікае, што народжаны 25 верасня 1764 года ў ваколіцах Салантаў у Жамойці (цяпер Клайпедскі павет на захадзе Літвы) Міхал Клеафас Агінскі, быў ахрышчаны 29 верасня толькі вадой у мясцовым касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Існавала практыка двайнога хрышчэння, спачатку маглі пахрысціць адной вадой, як у Салантах, а пасля з большай урачыстасцю хрысцілі алеем, што, відаць, адбылося ў Гузаве. Таксама заўважаюць, што ў метрыцы пра хрышчэнне ў Гузаве няма звестак пра дату і месца нараджэння хлопчыка.
Кар’ера 20-гадовым абраны паслом на сойм Рэчы Паспалітай (1786), быў камісарам Скарбовай камісіі Вялікага Княства Літоўскага (1788), потым атрымаў урад мечніка вялікага літоўскага (1789—1793). Як паўнамоцны прадстаўнік Рэчы Паспалітай пабываў у многіх краінах Еўропы, у тым ліку ў 1790—1791 гадах быў надзвычайным паслом у Галандыі, быў з дыпламатычнай місіяй у Лондане. За мяжой меў магчымасць пазнаёміцца ў тым ліку з музычным жыццём. Быў знаёмы з Гайднам і Моцартам, браў урокі ў славутых выканаўцаў, слухаў Нікало Паганіні і іншых віртуозаў.
У 1791 годзе мусіў прысягнуць расійскай імператрыцы Кацярыне II, каб захаваць маёнткі ва ўсходняй частцы сучаснай Беларусі. Скептычна ставіўся да Канстытуцыі 3 мая.
28-гадовым, у 1793 годзе атрымаў урад падскарбія вялікага літоўскага, абіраўся паслом на Гарадзенскі сойм.
Пасля перамогі ў 1793 годзе Таргавіцкай канфедэрацыі падтрымаў яе і вярнуў канфіскаваныя раней маёнткі.
Паўстанне У 1794 годзе Міхал Клеафас увайшоў у Нацыянальны савет як віленскі дэлегат і ў складзе аднаго з вайсковых фарміраванняў, створаных на яго ўласныя сродкі (188 тысяч злотых), змагаўся на баку касцюшкаўскіх паўстанцаў.
У чэрвені 1794 года двойчы з атрадам стралкоў і 200 коннікамі спрабаваў прабіцца ў колішняе Менскае ваяводства, каб узняць там паўстанне. У жніўні 1794 года зрабіў рэйд да Дынабурга. Змагаўся супраць прускіх войск.
Пасля таго, як расіяне занялі Вільню, праз Галіцыю выехаў у Аўстрыю. За ўдзел у паўстанні расійскія ўлады канфіскавалі яго маёнткі.
На радзіме і чужыне
Канец эміграцыі быў пакладзены новым палацавым пераваротам у Расіі, калі пасля ўзыходжання на трон Аляксандра I у Міхала Клеафаса з’явілася магчымасць вярнуцца на Радзіму і прадоўжыць грамадска-палітычную і мастацкую дзейнасць, яму, як і ўсім касцюшкавым эмігрантам, вярталіся маёнткі. У 1801 годзе Гродне ён прысягнуў на вернасць расійскаму імператару, а ў лютым 1802 года прыехаў у Пецярбург.
З Пецярбурга 28 красавіка 1802 года Міхал Клеафас выехаў у в. Залессе, у падараваны яму Францішкам Ксаверыем Агінскімграф на Маладзечне даўні родавы маёнтак. Міхал Клеафас ажаніўся, займаўся гаспадаркай, Залессе ператварылася ў культурны цэнтр, жыццё якога поўнілася музычнымі падзеямі. Міхал Клеафас працуе над камерна-вакальнымі і інструментальнымі мініяцюрамі, пачынае пісаць свае літаратурныя творы — 4-томныя «Мемуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 г.» (Парыж, 1827—1828) і трактат «Лісты пра музыку» (завершаны ў 1828). У Залессі, Міхал Клеафас напісаў вядомы паланез «Развітанне з Радзімай». У 1817 годзе ў Вільні надрукаваны два зборнікі паланэзаў і рамансаў.
У 1810 годзе Міхал Клеафас атрымаў ад Аляксандра I пасаду сенатара Расійскай імперыі і чын тайнага саветніка, ордэны св. Уладзіміра і Аляксандра Неўскага. У маі 1811 года падаў цару праект пра аднаўленне Вялікага княства Літоўскага, якое павінна было аб’яднаць восем губерній. Аднак праект быў адхілены імператарам. У чэрвені 1812 года Міхал Клеафас адступае разам з расійскімі войскамі, знаходзіцца ў Пецярбургу. Пасля вайны з Напалеонам вяртаецца ў Залессе, дзе застаецца да 1822 года паціху адыходзячы ад палітычных спраў.
У канцы 1822 года Міхал Клеафас Агінскі досыць раптоўна без сям’і пакінуў радзіму назаўсёды і выехаў у Парыж, а пазней — у Італію. Яго галоўнай справай становіцца літаратурная і музычна-рэдактарская дзейнасць. Памёр у Фларэнцыі, быў пахаваны на кляштарных могілках пры храме Санта-Марыя-Навэла, праз год дзякуючы клопатам жонкі Марыі дэ Неры адбылося перапахаванне ў пантэоне Санта-Крочэ. У красавіку 1996 года ў Фларэнцыі, на доме, дзе жыў Агінскі, адкрылася мемарыяльная дошка (скульптар В. Янушкевіч).
Сядзіба ў Залессі знаходзілася ў веданні падпарадкаванага Міністэрству культуры РБ Аб’яднання літаратурных музеяў, з 1990 года там святкуюцца ўгодкі Міхала Клеафаса. Рэстаўрацыя сядзібы вялася цягам некалькіх гадоў перад юбілеем Міхала Клеафаса Агінскага ў 2015 годзе. З 2014 года дзейнічае самастойная Дзяржаўная гісторыка-культурная ўстанова «Музей-сядзіба М. К. Агінскага».
З твораў Міхала Клеафаса на сённяшні дзень вядома 20 паланэзаў, 4 маршы, 4 вальсы, 3 мазуркі, галоп, менуэт, шматлікія рамансы, опера «Зеліда і Валькур, або Банапарт у Каіры», напісаная на ўласнае лібрэта.
Беларускія пераклады Мая біяграфія: З дзяцінства па 1788 г., эпоху, калі пачынаюцца мае мемуары / Пер. Т. Кляшчонак і А. Рабцавай // Спадчына. — 1998. — № 5. — С. 81—99; № 6. — С. 226—237. Лісты аб музыцы. Карэспандэнцыя / М. К. Агінскі // Укладанне, уступны артыкул і каментар С. Немагай. — Мінск: «Каўчэг», 2018. — 365 с.
Ушанаванне памяці
У Маладзечне імя Агінскага носіць музычны каледж (былое музычнае вучылішча), побач устаноўлены помнік Агінскаму аўтарства Валяр’яна ЯнушкевічаЮлія Ванслаў. «У Маладзечне з’явіцца помнік Агінскаму» //«Рэгіянальная газета», 2 чэрвеня 2000 г., № 22 (267).
Дзейнічае дабрачынны фонд «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага».Ва ўзнёслай атмасферы ў Маладзечне прайшла прэзентацыя дабрачыннага фонду «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага» // «Рэгіянальная газета»Наталля Нікіценка аб праекце замчышча ў Маладзечне: «На бюджэт спадзявацца — марнаваць час» // «Рэгіянальная газета»
У 1994 годзе Белпошта выпусціла марку, прысвечаную Агінскаму, а 22 жніўня 2011 года Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь увёў у абарачэнне залатую памятную манету «М. Агінскі» наміналам 10 рублёў.
У Мінску ў 2015 годзе побач Кафедральнага сабора Святога Духа і плошчы Свабоды ўстаноўлена лаўка Агінскага.
Крыніцы
Літаратура
Агінскі Міхал Клеафас // Асветнікі зямлі Беларускай : Х — пачатак ХХ ст. Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.), Г. Я. Галенчанка, С. Ф. Дубянецкі i iнш.; маст. рэд.: У. М. Жук. — Мiнск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — С. 10. — 492 с, iл. — 750 артыкулаў. — 3 000 экз. — ISBN 978-9-8511-0205-7.С. 10. Верамейчык С. І. Міхал Клеафас Агінскі, 1765—1833: продкі, жыццё ў Залессі, нашчадкі (спроба храналогіі) / Сяргей Верамейчык. — Мінск: Кавалер, 2008. — 128 с. Дадзіёмава В. У. Музычная культура Беларусі XVIII стагоддзя: гіст.-тэарэт. даслед. / В. У. Дадзіёмава. — Мінск:, 2004. — 383 с. Дадзіёмава, В. У. Міхал Клеафас Агінскі / В. У. Дадзіёмава // Нарысы гісторыі музычнай культуры Беларусі / В. У. Дадзіёмава. — Мінск, 2001. — С. 88—103. Немагай С. Міхал Клеафас Агінскі і яго эпоха ў «Лістах пра музыку» / Святлена Немагай // Мастацтва. — 1997. — № 9. — С. 12—16; № 10. — С. 59—61; № 11. — С. 56—59. Немагай С. Жыццё і творчасць М. К. Агінскага ў каардынатах яго часу і культурнага асяроддзя / С. Немагай // Мінск: УА «Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі», 2007. — 520 с. Раюк А. Р. Нефармальныя сувязі паміж дваранствам Гродзенскай губерні ў 1801—1863 гг. / А. Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск: Права і эканоміка, 2016. — Вып. 21. — С. 240—246. Швед В. В. // Слонімшчына вачыма навукоўцаў і краязнаўцаў. Слонім, 2002. — С. 142—152. Шмігельскіце-Стукене, Р. Нарысы палітычнай і дыпламатычнай дзейнасці Міхала Клеафаса Агінскага (ад Варшаўскага сойма 1786 г. да Гарадзенскага сойма 1793 г.) / Р. Шмігельскіце-Стукене // ARCHE. — 2014. — № 6. — С. 229—267. на польскай мове Załuski A.'' Michał Kleofas Ogiński. Życie i twórczość. — Polska Fundacja Kulturalna, 2003. ISBN 0-9543-8054-1.
Спасылкі
Фонд «Спадчына М. Кл. Агінскага»
Міхал Клеафас Катэгорыя:Сенатары Рэчы Паспалітай Катэгорыя:Падскарбіі вялікія літоўскія Катэгорыя:Мечнікі вялікія літоўскія Катэгорыя:Оперныя кампазітары Катэгорыя:Дыпламаты Рэчы Паспалітай Катэгорыя:Сенатары Расійскай імперыі Катэгорыя:Асобы на марках Катэгорыя:Асобы на манетах Катэгорыя:Масоны Польшчы