Вандалін Шукевіч (, в. Нача Лідскага павета, цяпер Воранаўскі раён — ) — польска-беларускі археолаг і этнограф, член-карэспандэнт Кракаўскай акадэміі навук.

Біяграфія Вандалін нарадзіўся ў сям’і адваката Аляксандра Шукевіча і Аліны Воўк-Карачэўскай. Маёнтак Нача ў Лідскім павеце з’яўляўся маёмасцю маці. Пасля нараджэння Вандаліна бацькі развяліся, і ўвесь цяжар выхавання лёг на добра адукаваныхі, разам з тым, глыбока веруючых маці і бабулю. Яны фарміравалі характар будучага вучонага і займаліся яго адукацыяй.

3 1883 В. Шукевіч даследаваў археалагічныя помнікі на паўночным захадзе Беларусі і поўдні Літвы. Адкрыў больш за 130 помнікаў каменнага веку, вёў раскопкі грунтавых і курганных могільнікаў каля вёсак Нача, Пузелі (Воранаўскі раён), Вензаўшчына, Дварчаны, Апонаўцы, Сырні, Чарнішкі (Шчучынскі раён). Даследаваў 16 курганоў і 376 каменных магіл тыпу жальнікаў XIII—XIV стст.Археалогія і нумізматыка Беларусі, Мн., БелЭн, 1993, с. 661

Паміж 1884 і 1894 гадамі Шукевіч знайшоў 27 пахаванняў у Вензаўшчыне, 14 у Апанаўцах, 39 каля Дварчан, 6 каля Сабакінцаў, 8 каля Забалаці, 7 у Некрушанцах, 19 у Пузелях — усяго 120 пахаванняў у 8 магільніках. Каля Начы, на палях ваколіцы Пузелі, былі раскапаны старадаўнія каменныя магілы, дзе пры мужчынскіх шкілетах знаходзіліся сякеры, нажы, наканечнікі дзіды, а пры жаночых — разнастайныя бронзавыя ўпрыгажэнні: пярсцёнкі, завушніцы, бронзавыя дыядэмы з бронзавымі ці пазалочанымі сярэбранымі падвескамі, шкляныя пацеркі рознай велічыні і шмат іншага.

Восенью 1903 года Шукевічам было зроблена вельмі цікавае, адразу заўважанае ў навуковым свеце, адкрыццё так званых грунтовых магіл. Вандалін Шукевіч даследаваў Троцкі, Лідскі і Радунскі замкі.

У ваколіцах Ліды Шукевіч запісваў народныя паданні, легенды, прыкметы, якія потым публікаваў у часопісах. Дзве вялікія цікавыя працы Вандаліна Шукевіча данеслі да нас сотні запісаў помнікаў духоўнай народнай творчасці. Так, у артыкуле «Народныя вераванні і абрады (забабоны, прымхі, прадказанні і інш.), сабраныя ў Віленскай губ.» змешчана 432 запісы. Гэты збор дапаўняецца тэкстамі 15 легеыд, паданняў, чарадзейных апавяданняў і 159 вераванняў, прымхаў у артыкуле «Некаторыя вераванні, прымхі і забабоны нашага люду, легенды і паданні». Значную цікавасць уяўляе і артыкул Шукевіча «Старажытныя лекавыя сродкі», прысвечаны народнай медыцыне.

Сям’я Першай жонкай Вандаліна была Браніслава, дачка чыноўніка курыі біскупаў у Вільні. З ёй меў сына Рамана Зыгмунта і дачку Ванду Аліну.

Пасля смерці Браніславы, у 1888 годзе, Шукевіч ажаніўся другі раз з Юліяй Камінскай. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся сыны Зыгмунт і Генрых. Другі шлюб аказаўся вельмі няўдалым. Юлія не разумела навуковых інтарэсаў мужа, часта сварылася на яго за пакупку кніг і часопісаў, бо лічыла гэта марнатраўствам часу і грошай, і крыўдзілася з‑за таго, што Вандалін выдаткоўваў вялікія грошы на раскопкі. Сяброў-вучоных, якія адведвалі Шукевіча ў Начы, называла старымі дармаедамі. Спрэчкі і лаянкі ўсё больш узмацняліся, і ў выніку ў 1902 годзе Юлія пакінула дом мужа і перасялілася да сваіх бацькоў.

Спадчына Археалагічныя і этнаграфічныя калекцыі Вандалін Шукевіч захоўваў у маёнтку ў Начы, потым перадаў у музей Таварыства сяброў навук у Вільні, а таксама ў зборы Эразма Маеўскага ў Варшаве і ў Этнаграфічны музей у Кракаве. Пэўныя рэчы трапілі таксама ў музеі Пецярбурга і Масквы. Віленскія зборы падчас войнаў, рэвалюцый і змен улад былі амаль поўнасцю знішчаны і разрабаваны«Народ, які абуджаецца, не патрабуе нянек».

Выбраныя публікацыі Poszukiwania archeologiczne w powiecie lidzkim guberni Wileńskiej, Kraków 1907. Roboty w celu podtrzymania murów zamku w (nieczytelnie) i badania przeprowadzone w r. 1905, BJ, sygn. 62210 II. Szkice z archeologii prehistorycznej Litwy, cz.1. Epoka kamienna w guberni Wileńskiej, Wilno 1901.

Крыніцы

Літаратура Лаўрэш Л. Вандалін Шукевіч: беларускі археолаг і краязнаўца. — Мінск: Харвест, 2014. — 63 с.: малюнкі. — (100 выдатных дзеячаў беларускай культуры).

Спасылкі Старонка Вандаліна Шукевіча // на pawet.net Мар’яна Магдалена Бломберг. Вандалін Шукевіч // на pawet.net Вандалін Шукевіч — заснавальнік беларускай археалогіі // газета «Звязда»

Катэгорыя:Нарадзіліся ў Воранаўскім раёне Катэгорыя:Археолагі Беларусі Катэгорыя:Этнографы Беларусі