Каралеўства Марока — краіна ў Афрыцы, знаходзіцца на паўночным захадзе мацерыка ў рэгіёне Магрыба. Мае выхад да Атлантычнага акіяна і Міжземнага мора. Мяжуе з Алжырам. Пад кантролем Марока знаходзіцца Заходняя Сахара. Ісламская ўнітарная дзяржава. Адна з трох афрыканскіх дзяржаў з манархічнай формай кіравання. Разам з суседзямі па рэгіёне Паўночная Афрыка адносіцца да найбольш эканамічна развітых дзяржаў кантынента. Ад сваіх арабскіх суседзяў Марока адрозніваецца палітычнай стабільнасцю.
Марока да 2017 года была адзінай афрыканскай краінай, якая не з’яўлялася членам Афрыканскага Саюза (выйшла з АС у 1984 годзе). Аднак 30 студзеня 2017 г. Марока вярнулася ў арганізацыю.http://www.worldbulletin.net/todays-news/183967/morocco-rejoins-african-union Таксама Марока ўваходзіць у Лігу арабскіх дзяржаў, Арабскі магрыбскі саюз, Франкафонію, Арганізацыю Ісламская канферэнцыя, групу Міжземнаморскага дыялогу, групу 77.
Этымалогія Поўная арабская назва краіны al-Mamlakah al-Maghribiyyah (المملكة المغربية) перакладаецца як «Заходняе Каралеўства», кароткая — аль Магрыб — як проста «Захад». У Еўропе гэтая зямля называлася Маракеш (паводле назвы сталіцы дзяржавы Альмаравідаў), што пасля трансфармавалася ў «Марока». Сама ж назва Маракеш, хутчэй за ўсё, утворана ад берберскага «зямля Бога». Дарэчы ў турэцкай мове Марока вядома як Фас, ад яшчэ больш старажытнай сталіцы Фес.
Геаграфічнае становішча
Агульная плошча краіны 446 550 кв.км. Па гэтым паказчыку Марока займае 57-е месца ў свеце. У 1975 Марока акупавала Заходнюю Сахару і разам з ёю плошча краіны павялічылася да 710 тыс.кв.км. (40-е месца)
Абмываецца на поўначы водамі Міжземнага мора і на захадзе — Атлантычнага акіяна. Гібралтарскі праліў аддзяляе Марока ад Еўропы. На ўсходзе і паўднёвым усходзе мяжуе з Алжырам, на поўдні — з Заходняй Сахарай. Паўднёва-ўсходняя мяжа ў пустыні Сахара дакладна не вызначана. На паўночным узбярэжжы Марока размешчаны іспанскія эксклавы Сеўта і Мелілья (Суверэнныя тэрыторыі Іспаніі).
Агульная працягласць сухапутных меж — 2 018 км. У тым ліку з такімі краінамі як: Алжыр — 1 559 км, Заходняя Сахара — 443 км, Іспанія (Сеўта) — 6,3 км, Іспанія (Мелілья) — 9,6 км. Берагавая лінія краіны : 1 835 км.
Прырода
Рэльеф Большая частка Марока належыць да абласцей складкаватасці: маладая альпійская на поўначы і больш старая, герцынская, у цэнтральнай частцы. Таму Марока — пераважна горная краіна. Марока падзяляецца на чатыры фізіка-геаграфічных рэгіёны: Эр-Рыф, ці горны раён, які ляжыць паралельна міжземнаморскаму ўзбярэжжу; Атласкія горы, якія працягнуліся праз краіну з паўднёвага захаду на паўночны ўсход ад Атлантычнага акіяна да Эр-Рыфа, ад якога іх аддзяляе ўпадзіна Таза; рэгіён шырокіх прыбярэжных раўнін атлантычнага ўзбярэжжа; даліны, якія ляжаць на поўдзень ад гор Атласа і пераходзяць у пустыню Сахара. Найвышэйшы пункт краіны — гара Джэбель-Тубкаль (4165 м) — знаходзіцца ў хрыбце Высокі Атлас.
Клімат На міжземнаморскім узбярэжжы краіны клімат мяккі, субтрапічны. Сярэдняя тэмпература тут улетку складае каля +24-28 °C (часам дасягаючы +30-35 °C), а ўзімку +10-12 °C. Пры руху на поўдзень клімат становіцца трапічным, больш кантынентальным, з гарачым (да +37 °C) летам і халаднаватай (да + 5 °C) зімой. Сутачны перапад тэмператур можа дасягаць 20 градусаў. На паўночна-заходнюю частку краіны вялікі ўплыў аказваюць паветраныя масы з Атлантычнага акіяна. З-за гэтага клімат тут больш халаднаваты, а сутачныя перапады тэмператур значна мацней, чым на астатняй тэрыторыі краіны. У горных раёнах Атласа клімат моцна залежыць ад вышыні месца. Ападкаў выпадае ад 500—1000 мм у год на поўначы да меней чым 200 мм у год на поўдні. Заходнія схілы Атласа ў некаторыя гады атрымліваюць да 2000 мм ападкаў, нярэдкія нават паводкі мясцовага маштабу, у той час як на паўднёвым усходзе краіны бываюць гады, калі ападкі не выпадаюць зусім.
Унутраныя воды Галоўныя рэкі краіны: Мулуя, якая ўпадае ў Міжземнае мора, і Себу, якая ўпадае ў Атлантычны акіян. Пачынаючы з 1960-х гадоў, была прынята праграма па будаўніцтве вадасховішчаў і развіццю водных рэсурсаў, якая дазволіла забяспечыць пітнай вадой насельніцтва а таксама сельскую гаспадарку і іншыя сектары эканомікі захаваўшы пры гэтым водныя рэсурсы краіны. Гэта ініцыятыва атрымала высокія ацэнкі ад міжнародных экспертаў і дзейнічае дагэтульMaroc, la mobilisation des eaux de surface par les barrages .
Расліннасць і жывёльны свет Марока як частка Міжземнаморскага басейна характарызуецца не толькі высокім узроўнем біяразнастайнасці, эндэмізмам відаў; але і высокай хуткасцю іх знікнення і неабходнасцю захавання. Для паўночнага ўзбярэжжа краіны характэрныя міжземнаморскія раслінныя фармацыі (жорсткалістыя лясы, маквіс). У гарах Атлас і Эр-Рыф развіта вышынная пояснасць. Раслінны і жывёльны свет паўднёва-ўсходніх схілаў і далін гор Атлас тыповыя для Сахары. Жывёльны свет Марока моцна зменены чалавекам. У 1922 годзе ў гарах Атлас быў застрэлены апошні берберыйскі леў. На мяжы знікнення знаходзяцца атласкі мядзведзь і берберыйскі леапард. Скарацілася папуляцыя маготаў — берберыйскіх малпаў.
Гісторыя
Старажытнасць і антычнасць Старажытнае насельніцтва Марока — плямёны бербераў. У XII ст. да н.э. міжземнаморскае ўзбярэжжа Марока каланізавана фінікійцамі, з III ст. да н.э. падпарадкоўвалася Карфагену. Пасля яго разбурэння рымлянамі (146 г. да н.э.) Марока знаходзілася пад іх уплывам, каля 42 г. н.э. паўночная частка краіны ўвайшла ў склад Рымскай імперыі як правінцыя Маўрэтанія Тынгітанская. У 429 г. узбярэжжа Марока заваявалі вандалы, у 533 г. — Візантыя.
Арабскае заваяванне У 682 г. Марока заваявалі арабы, якія аказалі вялікі ўплыў на жыццё насельніцтва краіны: усё яно, за выключэннем яўрэяў, перайшло ў іслам, арабская мова стала дзяржаўнай. У канцы VIII ст. Марока аддзялілася ад Арабскага халіфата, тут замацавалася арабская дынастыя Ідрысідаў (789—926 гг.). Пазней правілі розныя дынастыі арабскага і берберскага паходжання, з якіх найбольш магутнымі былі Альмаравіды (1050—1147 гг.) і Альмахады (1147—1269 гг.). Пры Альмахадах Марока было цэнтрам вялікай дзяржавы, якая ўключала тэрыторыю сучасных Алжыра, Туніса, Лівіі, значная частка Іспаніі і Партугаліі. Пасля яе распаду пачаўся доўгі перыяд міжусобіц і войнаў паміж берберамі і арабамі. Адначасова разгарнулася еўрапейская экспансія. У 1415 г. Партугалія захапіла г. Сеўту. Паступова Партугалія і Іспанія ўстанавілі кантроль над узбярэжжам Марока.
Адраджэнне Марока пачалося пры 1-й дынастыі Саадзідаў (1554—1660 гг.). У 1578 г. мараканцы нанеслі паражэнне партугальцам і да канца XVII ст. аднавілі сваю ўладу над большай часткай прыбярэжных гарадоў. Кіраванне Ахмеда аль-Мансура (1579—1603 гг.) лічыцца «залатым векам» у гісторыі Марока. У 1660 г. да ўлады прыйшла 2-я дынастыя Саадзідаў, якая дасягнула найбольшай магутнасці пры Ісмаіле (1672—1727 гг.). Пасля яго смерці Марока перажыло працяглыя міжусобіцы і грамадзянскія войны. У XVIII—XIX стст. піраты Марока і іншых «варварскіх дзяржаў» Паўночнай Афрыкі стваралі вялікую небяспеку марскому гандлю ў Міжземнамор’і. Гэта прыцягнула да Марока ўвагу вялікіх еўрапейскіх дзяржаў (Іспаніі, Вялікабрытаніі і Францыі). У 1859—1860 гг. Іспанія захапіла г.Тэтуан. У 1904 г. Вялікабрытанія прызнала Марока сферай французскіх інтарэсаў, а Францыя і Іспанія дамовіліся пра падзел Марока на сферы ўплыву, што выклікала процідзеянне Германіі і прывяло да Мараканскіх крызісаў 1906—1911 гг.
Французскі і іспанскі пратэктарат (1912—1956 гг.)
У сакавіку 1912 г. Францыя ўстанавіла пратэктарат над Марока, невялікая тэрыторыя на поўначы краіны паводле франка-іспанскага пагаднення (лістапад 1912 г.) адышла пад іспанскі кантроль. Пры гэтым г. Танжэр быў выдзелены ў асобую міжнародную зону, у кіраванні якой апроч Францыі і Іспаніі ўдзельнічалі таксама Вялікабрытанія, Бельгія, Італія, Партугалія, Нідэрланды і ЗША. У 1920 г. правадыр рыфскіх плямён Абд аль-Керым узняў паўстанне супраць іспанцаў і да 1924 г. вызваліў большую частку іспанскага Марока. Паўстанне задушана ў 1926 г. французская арміяй (200 тыс. чал.) на чале з маршалам А. Ф. Петэнам. Пасля паражэння Францыі ў пачатку 2-й сусветнай вайны (1940 г.) Французскае Марока перайшло пад уладу калабарацыянісцкага ўрада «Вішы» і фактычна ператварылася ў сыравінную базу і стратэгічны плацдарм нацысцкай Германіі і яе саюзнікаў па «восі». У лістападзе 1942 г. у Паўночнай Афрыцы высадзіліся англа-амерыканскія войскі, якія выгналі з Марока нямецкіх і італьянскіх акупантаў.
Нацыянальна-вызваленчая барацьба Адначасова ў краіне ўзмацніўся нацыянальна-вызваленчы рух, у 1943 г. узніклі партыя «Ісцікляль» («Незалежнасць») і Камуністычная партыя Марока, якія адыгрывалі важную ролю ў барацьбе за незалежнасць. У канцы 1950 г. султан М.Сідзі Мухамед бен Юсуф запатрабаваў ад Францыі даць яго краіне поўны суверэнітэт, але атрымаў адмову і ў жніўні 1953 г. быў пазбаўлены прастола (зноў атрымаў яго ад французскіх улад у кастрычніку 1955 г. пад уплывам шырокага паўстанцкага руху).
Незалежнасць 2 сакавіка 1956 г. Францыя прызнала незалежнасць Французскага Марока. У красавіку 1956 г. Іспанія перадала Марока сваю частку краіны, але захавала за сабой гарады Мелілья і Сеута. У 1957 г. у склад Марока вернуты г.Танжэр (дагэтуль міжнародная зона), у 1958 г. — тэрыторыя Тарфая. У жніўні 1957 г. М. Сідзі Мухамед бен Юсуф абвясціў сябе каралём Марока пад імем Мухамеда V. Пасля яго смерці (люты 1961 г.) каралеўскі прастол заняў яго сын Хасан II (1961—1999 гг.), які ў снежні 1962 г. прыняў першую канстытуцыю Марока і абвясціў краіну канстытуцыйнай манархіяй. Тады ж адбыліся першыя ўсеагульныя выбары. На канстытуцыйным рэферэндуме ў верасні 1996 г. ухвалены папраўкі да Канстытуцыі, паводле якіх створаны дзвюхпалатны парламент, вызначаны функцыі губернатараў, замацаваны палажэнні аб прыхільнасці Марока да дэмакратычных каштоўнасцей. Пасля смерці ў жніўні 1999 г. Хасана II каралём Марока стаў Мухамед VI.
Акупацыя Заходняй Сахары 16 кастрычніка 1975 г. кароль Хасан ІІ заклікаў усіх неабыякавых мараканцаў без зброі прыйсці на зямлю Заходняй Сахары, якую Марока лічыла сваёй тэрыторыяй і што тады належала Іспаніі. У лістападзе каля 350 тыс. чалавек, сярод якіх былі жанчыны і дзеці, «завіталі» ў Заходнюю Сахару. Гэтая акцыя, якая атрымала назву «Зялёны марш», скончылася для Марока паспяхова: Іспанія пакінула Заходнюю Сахару. На барацьбу з акупантамі ўзняўся народ Заходняй Сахары (Фронт ПОЛІСАРЫО), падтрыманы міжнароднай супольнасцю. Ваенны канфлікт з фронтам ПОЛІСАРЫО ў 1976—1989 гг. негатыўна паўплываў на эканамічнае становішча Марока. У 1984 г. Марока пакінула Афрыканскі саюз у знак пратэсту па пазіцыі арганізацыі ў адносінах да канфлікту ў Заходняй Сахары.
Сучасны стан У 2004 г. Марока падпісала гандлёвыя дагаворы з ЗША і Еўрапейскім саюзам.
У канцы лютага 2011 г. у Марока пракаціліся акцыі пратэсту і рэвалюцыйныя выступленні, якія прайшлі ў арабскім свеце пад назвай «Арабская вясна». Дэманстранты патрабавалі правесці рэформы ў сацыяльнай сферы і абмежаваць паўнамоцтвы караля. У выніку парламент атрымаў больш паўнамоцтваў. У 2011 г. быў праведзены рэферэндум, і ў Канстытуцыю былі ўнесены змены. З гэтага часу кароль можа прызначыць прэм’ер-міністрам толькі прадстаўніка партыі, якая перамагла на парламенцкіх выбарах.
У 2016 г. кароль Марока Мухамед VI афіцыйна заявіў пра жаданне краіны вярнуцца ў склад Афрыканскага саюза, і ўжо ў наступным, 2017 г., каралеўства нанова было прынята ў арганізацыю. У XXI ст. Марока лічыцца традыцыйным саюзнікам ЗША і Францыі ў рэгіёне.
8 верасня 2023 года ў Марока адбыўся землятрус магнітудай 6,8 які забраў жыцці больш чым 2800 чалавек. Эпіцэнтр землятрусу знаходзіўся прыкладна за 70 км на паўднёвы захад ад горада Маракеш.
Восенню 2025 года ў краіне пачаліся акцыі пратэсту, з мэтай правядзенне рэформ у сферы аховы здароўя і адукацыі.
Дзяржаўны лад