Пабла Эміліа Эскабар Гавірыя (; — ) — калумбійскі наркабарон.
Дзяцінства Нарадзіўся Эскабар 1 снежня 1949 года за 40 кіламетраў ад Медэльіна. Ён быў трэцім дзіцём у сям’і. Яго бацька быў бедным селянінам, маці таксама паходзіла з нізоў.
Як і большасць сваіх аднагодкаў, Пабла любіў слухаць гераічныя гісторыі аб легендарных калумбійскіх «бандытас». Аб тым, як яны рабавалі багатых і дапамагалі тым, хто жыве ў нястачы. Ужо дзіцём ён вырашыў, што, калі вырасце, стане такім жа «бандытас». Хто бы мог тады падумаць, што нявінныя рамантычныя летуценні дэлікатнага хлопчыка праз пару дзясяткаў гадоў набудуць форму кашмару.
У школе Пабла прыходзілася вучыцца сярод дзяцей з бяднейшых сем’яў.
У 1961 годзе яго сям’я пераехала ў Энвігада, на поўдзень ад Медэльіна. Там Пабла пайшоў вучыцца ў мясцовую школу, у якой сярод вучняў пераважалі вельмі левыя палітычныя погляды. Ён і яго новыя школьныя таварышы адкрыта падтрымлівалі Кубінскую рэвалюцыю, якая адбылася за некалькі гадоў да гэтага. Неўзабаве ён заахвоціўся да марыхуаны, і ў 16 гадоў яго выгналі са школы. З гэтага ўзросту Пабла пачаў здзяйсняць злачынствы.
Вялікую частку свайго часу Пабла стаў праводзіць у бедных кварталах Медэльіна, якія былі сапраўдным рассаднікам злачыннасці. Спачатку ён стаў красці надмагіллі з мясцовых могілкаў і, сціраючы надпісы, ізноў іх перапрадаваць. Неўзабаве ён стварыў невялікую злачынную банду сваіх аднадумцаў і стаў займацца больш выдасканаленай злачыннай здабычай: згонам дарагіх аўтамабіляў для продажу на запчасткі. Затым Пабла Эскабару прыйшла іншая «геніяльная» думка: прапаноўваць патэнцыйным ахвярам згону сваю «абарону». Тыя, хто адмаўляліся плаціць яго бандзе, рана або позна пазбаўляліся сваіх машын. Гэта ўжо быў сапраўдны рэкет.
Узыход У 21 год ён меў ужо даволі шмат прыхільнікаў. Разам з тым злачынствы Эскабара станавіліся яшчэ больш выкшталцонымі і жорсткімі. Ад звычайных згонаў аўтамабіляў і рэкету ён прыступіў да выкрадання людзей. У 1971 годзе людзі Пабла Эскабара выкралі багатага калумбійскага латыфундыста-прамыслоўца Дыега Эчаварыю, які пасля доўгіх катаванняў быў забіты. Гэтае забойства так і не было развязана. Забіты Дыега Эчаварыя выклікаў адкрытую нянавісць сярод мясцовага беднага сялянства, і Пабла Эскабар адкрыта заявіў аб сваім дачыненні да выкрадання і забойства. Беднякі Медэльіна святкавалі смерць Дыега Эчаварыі і, у знак удзячнасці Эскабару, сталі паважліва зваць яго «Эль-Доктар». Пабла Эскабар пачаў «падкормліваць» мясцовых беднякоў, будуючы ім новыя танныя хаты. Ён разумеў, што рана або позна яны стануць чымсьці накшталт ахоўнага буфера паміж ім і ўладамі, і яго папулярнасць у Медэльіне расла з дня ў дзень.
У 1972 годзе Пабла Эскабар ужо быў самым вядомым злачынным аўтарытэтам Медэльіна. Яго злачынная групоўка займалася згонамі аўтамабіляў, кантрабандай і выкраданнямі людзей. Неўзабаве яго банда выйшла за межы Медэльіна.
Тым часам у ЗША новае пакаленне амерыканцаў 70-х гадоў ужо не здавольвалася толькі адной марыхуанай, яно патрабавала нечага мацнейшага, і хутка на амерыканскіх вуліцах з’явіўся новы наркотык — какаін. На гэтым Пабла Эскабар і стаў будаваць свой злачынны бізнес. Перш ён купляў какаін у вытворцаў і перапрадаваў яго кантрабандыстам, якія затым перапраўлялі яго ў ЗША. Абсалютная адсутнасць якія-небудзь «тормазаў», яго маніякальная гатовасць катаваць і забіваць ставіла яго па-за канкурэнцыяй. Калі да яго даходзілі чуткі аб якой-небудзь прыбытковай злачыннай справе, ён без лішніх цырымоній, проста захопліваў яё гвалтам. Любы, хто станавіўся на яго шляху або мог хоць як-небудзь яму пагражаць, тут жа бясследна знікаў. Неўзабаве Эскабар запраўляў амаль усёй какаінавай індустрыяй Калумбіі.
У сакавіку 1976 года Пабла Эскабар ажаніўся са сваёй 15-гадовай сяброўкай Марыяй Вікторыяй Энеа Віеха, якая да гэтага была ў яго асяроддзі. Праз месяц у іх нарадзіўся сын Хуан Пабла, а праз тры з паловай гады — дачка Мануэла.
Наркабізнес Пабла Эскабара хутка разрастаўся па ўсёй Паўднёвай Амерыцы. Неўзабаве ён сам пачаў займацца кантрабандай какаіну ў ЗША. Адзін з набліжаных Эскабара, нехта Карлас Лейдэр, адказны за перапраўку какаіну, арганізаваў на Багамах сапраўдны перавалачны пункт наркатрафіку. Абслугоўванне было пастаўлена на вышэйшым узроўні. Там быў збудаваны буйны прычал, шэраг бензазаправак і сучасны атэль з усімі выгодамі. Ніводзін наркадылец не мог без дазволу Пабла Эскабара вывозіць какаін за межы Калумбіі. Ён здымаў так званы 35-працэнтны падатак з кожнай партыі наркотыкаў і забяспечваў яе дастаўку. Злачынная кар’ера Эскабара складалася больш чым удала, ён літаральна купаўся ў доларах. У джунглях Калумбіі ён адчыняў нелегальныя хімічныя лабараторыі па выпрацоўцы какаіну.
Улетку 1977 года ён і яшчэ трое буйных наркагандляроў, аб’яднаўшыся, стварылі тое, што стала звацца Медэльінскім какаінавым картэлем. У яго была самая магутная фінансава-какаінавая імперыя, аб якой не магла марыць ні адна наркамафія свету. Для дастаўкі какаіну ў картэлі была і сетка распаўсюджвання, і самалёты, і нават падводныя лодкі. Пабла Эскабар стаў самым беспярэчным аўтарытэтам какаінавага свету і абсалютным лідарам Медэльінскага картэля. Ён купляў паліцыянтаў, суддзяў, палітыкаў. Калі подкуп не дзейнічаў, то ў ход пускаўся шантаж, але ў асноўным картэль дзейнічаў па прынцыпе: «Плаці або памры».
Да 1979 года Медэльінскі картэль ужо валодаў больш за 80% какаінавай індустрыі ЗША. 30-гадовы Пабла Эскабар стаў адным з найбагацейшых людзей свету, уласнае багацце якога вылічвалася мільярдамі долараў. У Эскабара было 34 маёнткі, 500 тысяч гектараў зямлі, 40 рарытэтных аўтамабіляў «Ролс-Ройс». У маёнтку Эскабара было выкапана 20 штучных азёр, шэсць басейнаў і нават пабудаваны невялікі аэрапорт з узлётна-пасадкавай паласой. Часам здавалася, што какаінавы наркабарон проста не ведае, што рабіць з грашыма. У межах свайго маёнтку Пабла Эскабар загадаў пабудаваць заапарк-сафары, у які са ўсіх частак свету звозіліся самыя экзатычныя жывёлы. У заапарку было 120 антылоп, 30 тураў, 6 бегемотаў, 3 сланы і 2 насарогі.
Ва ўтоенай ад старонніх вачэй частцы свайго маёнтка ён любіў ладзіць дзікія сексуальныя оргіі, для якіх запрашаліся юныя дзяўчынкі.
Аднак сам Эскабар практычна не ўжываў какаін. Больш таго, Пабла Эскабар, нягледзячы на тое, што яго незлічоны скарб вырас на гандлі какаінам, з пагардай ставіўся да наркаманаў, лічачы іх недачалавекамі.
Каб заручыцца падтрымкай насельніцтва, ён разгарнуў у Медэльіне шырокае будаўніцтва. Пракладваў дарогі, будаваў стадыёны і ўзводзіў бясплатныя хаты для бедных, якія ў народзе звалі «Барыя Пабла Эскабар». Сам ён тлумачыў сваю дабрачыннасць тым, што яму было балюча бачыць, як бедныя пакутуюць. Эскабар бачыў сябе калумбійскім Робін Гудам.
Спроба легалізавання У злачынным свеце ён дасягнуў вяршыні ўлады. Зараз ён шукаў спосаб зрабіць свой бізнес легальным. У 1982 годзе Пабла Эскабар высунуў сваю кандыдатуру ў Кангрэс Калумбіі. І, у канчатковым выніку ён у 32 гады стаў замяшчальным членам Кангрэса Калумбіі. Гэта значыць, ён замяшчаў кангрэсменаў падчас іх адсутнасці.
Прадзёршыся ў Кангрэс, Эскабар марыў стаць прэзідэнтам Калумбіі. Разам з тым, апынуўшыся ў Багаце, ён звярнуў увагу, што яго папулярнасць не выйшла за межы Медэльіна. У Багаце аб ім натуральна чулі, але як аб сумніўнай асобе, якая пракладае какаінавую дарогу да прэзідэнцкага крэсла. Адзін з найпапулярных палітыкаў Калумбіі, асноўны кандыдат на прэзідэнцкае крэсла Луіс Карлас Галан першым адкрыта асудзіў сувязь новага кангрэсмена з какаінавым бізнесам.
Праз некалькі дзён міністр юстыцыі Радрыга Лара Бонія разгарнуў шырокую кампанію супраць укладання брудных какаінавых грошай у перадвыбарную гонку. У выніку Пабла Эскабар у студзені 1984 года быў выключаны з калумбійскага Кангрэса. Стараннямі міністра юстыцыі яго палітычная кар’ера закацілася раз і назаўжды. Тым не менш, Эскабар не збіраўся ціха сыходзіць і вырашыў адпомсціць міністру.
Пачатак тэрору 30 красавіка 1984 года міністэрскі «Мэрсэдэс» Боніі спыніўся ля светлафора на адной з самых ажыўленых вуліц Багаты. У гэты момант пад’ехаўшы матацыкліст ва ўпор з аўтамата зрашэціў заднюю частку «Мэрсэдэса», дзе звычайна сядзеў міністр юстыцыі. Аўтаматная чарга літаральна раструшчыла галаву Радрыга Лара Боніі. Упершыню бандыты забілі ў Калумбіі службоўцу такога высокага рангу. З гэтага дня тэрор пачаў распаўсюджвацца па Калумбіі.
У сярэдзіне 80-х гадоў какаінавая імперыя Эскабара кантралявала амаль усе сферы жыцця Калумбійскага грамадства. Тым не менш, над ім навісла сур’ёзная пагроза. Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Рональда Рэйгана абвясціла сваю ўласную вайну распаўсюджванню наркотыкаў не толькі па тэрыторыі Злучаных Штатаў, але і па ўсім свеце. Паміж ЗША і Калумбіяй быў дасягнуты дагавор, паводле якога калумбійскі ўрад абавязаўся выдаваць амерыканскаму правасуддзю какаінавых баронаў, якія займаліся перапраўкай наркотыкаў у Злучаныя Штаты.
Гэта рабілася таму, што апыніся гандляры наркотыкамі ў любой калумбійскай турме, яны маглі бы, як і перш, бесперашкодна працягваць кіраваць сваімі бандамі проста з месцаў зняволення і вельмі хутка апынуліся бы на волі. Што ж датычна выдачы Злучаным Штатам, то наркадзялкі разумелі, што там яны не змогуць купіць сабе свабоду.
На татальную вайну з наркабаронам, распачатую ўрадам, наркамафія адказала тэрорам. Пабла Эскабар стварыў тэрарыстычную групу, якая атрымала назву «Лос Экстрадытаблес». Яе тэрарысты здзяйснялі напады на службоўцаў, паліцыянтаў, а таксама ўсіх, хто выступаў супраць наркагандлю. Падставай для тэрарыстычнай акцыі магла паслужыць буйная паліцэйская аперацыя або выдача ў ЗША чарговага боса какаінавай мафіі.
У лістападзе 1985 года Эскабар і іншыя наркадзялкі аб’ядналіся, каб паказаць ураду, што іх не запалохаць. Эскабар наняў вялікую групу левых партызан для здзяйснення дыверсій. Левыя партызаны, узброеныя кулямётамі, гранатамі і пераноснымі ракетнымі ўсталёўкамі, нечакана з’явіліся ў цэнтры Багаты і захапілі Палац Правасуддзя, калі ўсярэдзіне будынку знаходзілася, па меншай меры, некалькі сот чалавек. Партызаны адмовіліся весці якія-небудзь перамовы і распачалі страляніну ва ўсе бакі, не вылучыўшы ніякіх патрабаванняў. Пакуль яны ўтрымлівалі ў сваіх руках Палац Правасуддзя, яны знішчылі ўсе дакументы, якія датычылі экстрадыцыі злачынцаў. У сталіцу краіны былі ўведзеныя буйныя сілы войска і паліцыі. Пасля цэлага дня аблогі штурмавыя батальёны пры падтрымцы танкаў і баявых верталётаў уварваліся ў Палац Правасуддзя. У выніку штурму загінулі 97 чалавек, уключаючы 11 з 24 суддзяў.
Праз год Вярхоўны суд адмяніў дагавор аб экстрадыцыі наркагандляроў у ЗША. Аднак ужо праз некалькі дзён новы прэзідэнт Калумбіі Версіліа Барка наклаў вета на рашэнне Вярхоўнага суду і аднавіў дзеянне гэтага дагавора. У лютым 1987 года ў ЗША быў экстрадаваны найбліжэйшы памочнік Эскабара Карлас Лейдэр.
Пабла Эскабар быў змушаны па ўсёй краіне будаваць таемныя сховішчы. Дзякуючы інфармацыі ад сваіх людзей ва ўрадзе ён паспяваў на адзін крок апярэджваць праваахоўныя органы. Да таго ж сяляне заўсёды папярэджвалі яго пры з’яўленні падазроных людзей, машыны з паліцыянтамі або салдатамі ці шрубалёта.
У 1989 годзе Пабла Эскабар ізноў паспрабаваў скласці ўгоду з правасуддзем. Ён пагадзіўся здацца паліцыі, калі ўрад выступіць гарантам таго, што яго не выдадуць Злучаным Штатам. Улады адказалі адмовай. На гэту адмову Эскабар адказаў тэрорам.
У жніўні 1989 года тэрор дасягнуў піка. 16 жніўня 1989 года ад рук кілераў Эскабара загінуў член Вярхоўнага суду Карлас Валенсія. На наступны дзень быў забіты палкоўнік паліцыі Вальдэмар Франклін Кантэра. 18 жніўня 1989 года на перадвыбарчым мітынгу быў застрэлены вядомы калумбійскі палітык Луіс Карлас Галан, які абяцаў у выпадку абрання яго прэзідэнтам краіны пачаць непрымірымую вайну з гандлярамі какаінам, ачысціць Калумбію ад наркабаронаў, экстрадаваўшы іх у ЗША.