Тымаці Пі́керынг (; 17 ліпеня 1745 — 29 студзеня 1829) — амерыканскі палітык, 3-і дзяржаўны сакратар ЗША ў 1795—1800 гадах.
Біяграфія
Раннія гады Пікерынг нарадзіўся ў Сейлеме, штат Масачусетс, у сям’і дыякана Тымаці Пікерынга і Мэры Уінгейт Пікерынг. Ён быў адным з дзевяці дзяцей. Яго малодшы брат Джон Пікерынг пазней стаў спікерам Палаты прадстаўнікоў Масачусетса. Тымаці вучыўся ў гімназіі Сейлема, а ў 1763 годзе скончыў Гарвардскі ўніверсітэт. Сейлемскі ўнітарыянскі святар Уільям Бэнтлі пісаў пра Пікерынга, што той «з юнацтва быў прамым, уважлівым і ўпартым».
Пасля заканчэння Гарвардскага ўніверсітэта Пікерынг вярнуўся ў Сейлем, дзе працаваў гарадскім пісарам. У 1768 годзе яго прынялі ў калегію адвакатаў Масачусетса, а ў 1774 годзе прызначылі суддзёй. 8 красавіка 1776 года Тымаці Пікерынг ажаніўся з Рэбэкай Уайт.
У студзені 1766 года Пікерынг стаў лейтэнантам корпуса апалчэння акругі Эсэкс у Масачусетсе. Праз тры гады ён атрымаў званне капітана. У 1769 годзе Пікерынг апублікаваў свае прапановы ў газеце Essex Gazette.
Вайна за незалежнасць У снежні 1776 года Пікерынг узначальваў корпус апалчэння Эсэкса, калі генерал Джордж Вашынгтан прапанаваў яму пасаду генерал-ад’ютанта ў Кантынентальнай арміі. На гэтай пасадзе ён курыраваў устаноўку «Вялікага ланцуга», выкаванага на Стырлінгскім металургічным заводзе. У жніўні 1780 года Кантынентальны кангрэс абраў Пікерынга генерал-кватэрмайстрам.
Пасля вайны Пасля заканчэння вайны Пікерынг заснаваў некалькі прадпрыемстваў, якія не мелі поспеху. У 1783 годзе разам з Сэмюэлем Ходжданам ён стварыў камерцыйнае таварыства, якое праз два гады спыніла дзейнасць.
У 1786 годзе Пікерынг пераехаў у Ваёмінгскую даліну ў Пенсільваніі, дзе займаў шэраг пасад у акрузе Лузерн. Калі ён паспрабаваў выселіць пасяленцаў з Канектыкута, яго ўзялі ў закладнікі і ўтрымлівалі дзевятнаццаць дзён. У 1787 годзе Пікерынг удзельнічаў у Пенсільванскім канвенце па пытанні ратыфікацыі Канстытуцыі ЗША. У 1794 годзе ён удзельнічаў у падпісанні Канандэйгуанскага дагавора.
Член кабінета У 1791 годзе Вашынгтон прызначыў Тымаці Пікерынга генеральным паштмайстрам ЗША. На гэтай пасадзе ён заставаўся да 1795 года. У 1795—1800 гадах Пікерынг займаў пасаду дзяржаўнага сакратара ЗША. У 1799 годзе ён наняў асабістага сакратара Джозефа Дэні.
Пасля канфлікту з прэзідэнтам Джонам Адамсам праз план мірнага ўрэгулявання адносін з Францыяй Пікерынг быў адхілены ад пасады. У 1803 годзе яго прызначылі сенатарам ЗША ад штата Масачусетс; ён прадстаўляў Федэралісцкую партыю. У 1812 годзе Пікерынга абралі ў Палату прадстаўнікоў ЗША, дзе ён працаваў да 1817 года.
Катэгорыя:Дзяржаўныя сакратары ЗША Катэгорыя:Ваенныя міністры ЗША Катэгорыя:Выпускнікі Гарварда