Чарня́ўка — рака ў Мінскім раёне Мінскай вобласці Беларусі. Упадае справа ў Вячу (басейн Бярэзіны).

Назва Як «Чарняўка» рака фігуруе на расійскай вайсковай карце пачатку ХХ ст.

На польскай карце 1933 г. — верхняе цячэнне (да в. Саламарэчча) пазначанае як «Саламярэча», а ніжняе, калі цячэ праз Сёмкава, — як «Сёмкаўка». Тыя ж назвы і ў польскім геаграфічным слоўніку ХІХ ст.

На карце 1797 г. гэты правы прыток Вячы пазначаны як «Вятча», і так жа сама, у другі раз, пазначаецца далейшае цячэнне Вячы, ажно да ўпадзення ў Свіслач (даўжэйшая Вяча на той жа карце пазначаная як «Вяча»).

Гідраграфія Даўжыня ракі 24 км. Плошча вадазбору 107 км². Сярэдні нахіл воднай паверхні 2,6 м/км. Пачынаецца на паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі Мацкі, упадае ў Заслаўскае вадасховішча каля паўднёва-ўсходняй ускраіны аграгарадка Сёмкава. Рэчышча часткова каналізаванае. Вадазбор у межах Мінскага ўзвышша. Каля аграгарадка Юзуфова на рацэ сажалка, каля вёскі Сялюты — вадасховішча Сялюты.

Гісторыя У канцы XIX стагоддзя больш вядома пад назвай Саламарэча. Пад мястэчкам Саламарэчча, каля паселішча Калоніцы, разлівалася ў возера 1,5 вярстой у даўжыню і 0,5 вярсты ў шырыню, у канцы возера быў млын і фолюшы. Цяпер на месцы возера забалочаная мясцовасць каля садовага таварыства Рамонак Саламарэчанскі. Ніжэй за возера мела назву Сёмкаўка.

Крыніцы

Літаратура  — С. 242.

Ліст карты N-35-67. Выданне 1981 г.

Катэгорыя:Прытокі Свіслачы (прыток Бярэзіны) Катэгорыя:Рэкі Мінскага раёна