Агнес дэ Куртэнэ (каля 1136—каля 1184) — дачка Жаслена II, графа Эдэсы і яго жонкі Беатрыс. Вядомая як маці караля Балдуіна IV Іерусалімскага і каралевы Сібілы Іерусалімскай.
Біяграфія Паходжанне Дом Куртэнэ кіраваў графствам Эдэса. У 1118 годзе Жаслен дэ Куртэнэ атрымаў гэту зямлю ад караля Балдуіна II Іерусалімскага. Яго сын, Жаслен II, абараняў графства ад сарацынаў да 1144 года. Агнес вырасла ў Эдэсе і жыла там да захопу горада Імад ад-Дзінам Зангі.
Першы шлюб Першым мужам Агнес быў Рэйнальд Марашскі. Шлюб быў бяздзетным. Рэйнальд загінуў у 1149 годзе ў бітве пры Інабе з арміяй Імад ад-Дзіна Зангі. На наступны год Мараш быў захоплены туркамі, а бацька Агнес аслеплены і выведзены ў палон у Халеб. Даведаўшыся пра гэта, Агнес прадала астатнія землі Візантыі, таму што ўсё роўна не магла іх утрымаць, і з'ехала ў Антыёхію.
Заручыны з Гуга д'Ібелінам Магчыма, Агнес была заручана ці нават павянчана з Гуга д'Ібелінам. Але неўзабаве ён быў узяты ў палон туркамі.
Шлюб з Амары I У 1157 годзе Агнес выйшла замуж за Амары I, графа Яфы і Аскалона, брата караля Балдуіна III Іерусалімскага. Агнес нарадзіла Амары траіх дзяцей: Сібілу, Балдуіна і Алікс, якая памерла ў раннім дзяцінстве. У гэты перыяд Агнес і Амары жылі ў Іерусаліме, якім кіравала як рэгентка каралева-маці Мелісенда Іерусалімская, у той час як кароль Балдуін III быў на вайне. Мелісенда памерла ў 1161 годзе. У 1162 годзе памёр Балдуін III, і Амары стаў каралём Іерусалімскага каралеўства.
Высокі Савет Іерусаліма адмовіўся зацвердзіць Амары каралём да таго часу, пакуль ён не анулюе свой шлюб з Агнес. Верагодна, гэта было выклікана тым, што Агнес не мела дастатковага палітычнага ўплыву для таго, каб быць каралевай. Графства Эдэса было захоплена ворагамі, і яе сям'я не мела значных уладанняў. Амары пагадзіўся з гэтымі патрабаваннямі, але з умовай, што дзеці (Сібіла і Балдуін) захаваюць свае правы, у тым ліку права атрымаць у спадчыну прастол. Акрамя гэтага за Агнес застаўся тытул графіні і частка даходу з Яфы і Аскалона. Шлюб быў скасаваны па фармальнай прычыне блізкага сваяцтва — у Агнес і Амары быў агульны продак Гі дэ Манлеры.
Шлюб з Гуга д'Ібелінам Нягледзячы на захаванне тытула і часткі даходу, Агнес страціла ўплыў пры двары. Яе дзеці выхоўваліся без яе ўдзелу. Балдуіна выхоўваў пры двары караля Вільгельм Тырскі, а Сібілу яе сваячка Іавета Віфанская ў манастыры Св. Лазара ў Віфаніі. У 1167 годзе Амары пабраўся шлюбам з Марыя Камнінай, траюраднай пляменніцай візантыйскага імператара Мануіла Камніна. Гэты шлюб быў закліканы ўмацаваць саюз з Візантыяй. Неўзабаве пасля разводу, у 1163 годзе, Агнес выйшла замуж за Гуга д'Ібеліна. Іх шлюб доўжыўся шэсць гадоў, да смерці Гуга д'Ібеліна, які сканаў у 1169 годзе ў часе паломніцтва ў Сант’яга-дэ-Кампастэла.
Шлюб з Рэно Сідонскім У 1170 годзе Агнес ажанілася з Рэно Сідонскім, зякім пражыла да самай сваёй смерці ў 1184 годзе.
У 1174 годзе памёр кароль Амары I, і прастол атрымаў у спадчыну сын Агнес Балдуін IV Іерусалімскі, які ў той час ужо быў хворы на праказу. Першым рэгентам пры ім быў Міль дэ Плансі, але неўзабаве ён быў выцеснены Раймундам III. Раймунда падтрымліваў муж Агнес, Рэно Сідонскі, і сям'я папярэдняга мужа — Ібеліны. Такім чынам, Агнес ізноў апынулася пры двары, побач са сваім сынам, з якім была разлучана. Пазней яна суправаджала яго ў Высокім Савеце і нават у ваенных паходах, нават пасля таго як ён стаў сляпым і слабым з-за праказы.
Каралева-ўдава Марыя Камніна, страціла ўплыў пры двары і з'ехала ў Наблус. Марыя жадала, каб трон атрымала ў спадчыну яе дачка Ізабела, і таму не ладзіла з Агнес. Сібіла, наадварот, вярнулася да двара, як толькі дасягнула ўзросту, які дазваляў ёй ажаніцца. У 1176 годзе Балдуін выдаў яе замуж за Вільгельма Манферацкага.
Літаратура Bernard Hamilton, «Women in the Crusader States: The Queens of Jerusalem», in Medieval Women, edited by Derek Baker. Ecclesiastical History Society, 1978 Bernard Hamilton, The Leper King and his Heirs: Baldwin IV and the Crusader Kingdom of Jerusalem. Cambridge University Press, 2000. Hans Eberhard Mayer, «The Beginnings of King Amalric of Jerusalem», in B. Z. Kedar (ed.), The Horns of Hattin, Jerusalem, 1992, pp. 121-35. Marie-Adélaïde Nielen (ed.), Lignages d’Outremer. Paris, 2003. William of Tyre, A History of Deeds Done Beyond the Sea. E. A. Babcock and A. C. Krey, trans. Columbia University Press, 1943. Reinhold Röhricht (ed.), Regesta Regni Hierosolymitani MXCVII-MCCXCI, and Additamentum, Berlin, 1893—1904. Steven Runciman, A History of the Crusades, vol. II: The Kingdom of Jerusalem. Cambridge University Press, 1952.
Катэгорыя:Жанчыны Сярэдневякоўя Катэгорыя:Першы дом Куртэнэ