Выпуск першых уласных паштовых марак у Беларусі адносіцца да 1920 года.

Правізорыі польскага корпуса Першы польскі корпус генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага быў сфарміраваны ў Беларусі ў жніўні 1917 года з палякаў, якія служылі ў расійскай арміі, і першапачаткова дыслакаваўся ў Мінску. Корпус павінен быў ваяваць на баку Расіі, аднак пасля рэвалюцыі пачаў баявыя дзеянні супраць бальшавікоў. Пазней адміністрацыяй корпуса ў Бабруйску былі здзейсненыя два выпускі правізорыяў.

Першы выпуск уяўляў сабой расійскія маркі перыяду 1909—1917 гадоў (як з зубцоўкай, так і без яе) наміналам 3, 4, 5, 7, 10, 15, 20, 25, 35, 50 і 70 капеек з наддрукоўкай польскага герба і надпісу «POCZTA Pol. Korp.» ().

На правізорыях другога выпуску малюнак наддрукоўкі быў зменены і ўяўляў сабой надпіс «Pol. Korp.», герб Польшчы і пазначэнне новага наміналу. Правізорыі былі выкананыя на марках царскага (з зубцоўкай) і Часовага (без зубцоўкі) урадаў вартасцю 1, 2 і 3 капейкі. Маркі ў 1 капейку атрымалі намінал у 35 капеек, у 2 капейкі — 50 капеек, у 3 капейкі — 10 капеек, а некаторыя і 1 рубель.

Маркі БНР На працягу 1918—1920 гг. у Беларускай Народнай Рэспубліцы і ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы ўжываліся пераважна расійскія маркі.

Асобны атрад Яшчэ ў канцы жніўня 1919 года Рада Народных Міністраў БНР зацвердзіла прапанову міністра беларускіх спраў урада Літвы Я. Варонкі аб выпуску «дзержаўных беларускіх пачтовых і гэрбавых марак». За права выпуску марак ён павінен быў заплаціць дзяржаўнаму скарбу 50 % намінальнай цаны прададзеных марак (фактычна гэта была канцэсія прыватнай асобе з захаваннем за ўрадам магчымасці выкупіць гэта права). Аднак пагаршэнне беларуска-літоўскіх адносін не дазволіла рэалізаваць гэты праект.

Замест нерэалізаванага праекта Я. Варонкі беларускія маркі выдаў старшыня Беларускай вайсковай камісіі ў Латвіі К. Езавітаў, плануючы такім чынам атрымаць сродкі на фарміраванне беларускіх вайсковых часцей. У 1920 годзе ў Латвійскай дзяржаўнай друкарні ў Рызе была выдадзена серыя марак па заказе камандавання Асобнага атрада БНР. Надпіс «Асобны атрад» сведчыць аб тым, што маркі выпускаліся для беларускага ваеннага фарміравання на чале з генералам С. Булак-Балаховічам.

Былі выдадзены 5 марак розных наміналаў: 5, 10, 15, 50 капеек і 1 рубель. Існуюць зубцаваныя і незубцаваныя маркі. Агульны наклад — 5 мільёнаў асобнікаў (па 1 мільёне на кожны намінал). Суадносіны зубцаваных да незубцаваных складаюць 1:1. Незубцаваныя маркі былі выдадзеныя дзеля змяншэння кошту накладу. З іх 250 тысяч былі выраблены нават без клею.

На ўсіх пяці марках серыі знаходзіцца адзін малюнак: маладыя сяляне ў нацыянальным адзенні (у магілёўскіх строях), хлопец і дзяўчына, сядзяць на лаўцы ля плота. Праект маркі быў выкананы мастаком Рыхардам Зарыньшам. Паводле меркавання гісторыкаў, прататыпам была гравюра У. дэ Гарнека, змешчаная пад назвай «Тыпы Магілёўскай губерні» ў трэцім томе выдання «Жывапісная Расія» 1882 г.

Наміналы і колеры: 5 капеек — зялёны; 10 капеек — чырвоны; 15 капеек — фіялетавы; 50 капеек — сіні; 1 рубель — буры.

Маркі былі ў выкарыстанні з 14 лютага 1920 года да 22 красавіка 1920 года. Яны выкарыстоўваліся палявой поштай, якая засталася на тэрыторыі Латвіі, і гасіліся асобным штампам. К. Езавітаву ўдалося правесці гашэнне значнай часткі гэтых марак у паштовай канторы ў Марыенбургу (цяпер Алукснэ), і яны пэўны час знаходзіліся ў паштовым абароце на тэрыторыі Латвіі. Пазней ён здолеў зацікавіць беларускімі маркамі еўрапейскіх філатэлістаў і нават выслаў пробную партыю ў Берлін.

З 1939 г. гэты выпуск неаднаразова перавыдаваўся як эмігранцкім урадам БНР, так і «неафіцыйна», што стала прычынай наяўнасці вялікай колькасці гэтых марак рознай якасці.

Правізорыі Беларускай рады Случчыны

Падчас Слуцкага збройнага чыну штабам Беларускай Слуцкай брыгады 1 снежня 1920 г. былі выдадзеныя правізорыі.

Выкарыстоўваліся польскія маркі, на якіх была наддрукоўка наміналу, Пагоні і літар «Ч. Р. Сл.» (Часовая Рада Случчыны). Польская марка наміналам 5 грошаў стала мець намінал 25 капеек, польскія маркі ў 10, 15 грошаў і 15 фенігаў — 50 капеек.

Лічыцца, што былі выдадзеныя 200 асобнікаў вартасцю 50 капеек і каля 20 асобнікаў вартасцю 25 капеек. Паведамлялася, што ў 1921 г. захаваліся толькі 3 камплекты. Наддрукоўка на польскай марцы ў 10 грошаў стала вядомай толькі ў 1921 г.

Валянцін Баціеўскі мяркуе, што да наддруковак можа быць датычны Васіль Русак, які 1 снежня 1920 г. хварэў і знаходзіўся бязмэтава ў Грыцэвічах.

Вядомыя два паштовыя адпраўленні з правізорыямі Слуцкай рады: Паштовая картка Баранавічы — Вільня ад 21 студзеня 1921 г., на якой знаходзіліся 2 правізорыі: 25 і 50 капеек (5 і 15 польскіх грошаў адпаведна); Заказны ліст Баранавічы — Лейпцыг ад 23 студзеня 1921 г., на якой знаходзіліся 4 польскія маркі і 2 правізорыі; правізорыі былі наміналам у 25 і 50 капеек.

Правізорыі падчас польскай акупацыі (1919—1920) Падчас польскай акупацыі 1919—1920 гг. быў здзейснены выпуск мясцовых правізорыяў горада Гродна. Ён уяўляў сабой маркі Часовага ўрада Расіі (выпуску 1917 г. без зубцоўкі) з нанесенай на іх наддрукоўкай «Poczta Polska 40 GR» (). Намінал гэтых марак быў прывязаны да літоўскай аўксінаі.

Правізорыі Беларускага камітэта самапомачы У 1942 г. у Берліне былі надрукаваныя правізорыі Беларускага камітэта самапомачы. Правізорыі з выявай Францыска Скарыны былі выдадзеныя рудога, зялёнага, чырвонага, фіялетавага, сіняга і блакітнага колераў. У той самы час былі выдадзеныя правізорыі з Пагоняй (сінія), Віленскім замкам (рудыя), князем Альгердам (зялёныя), князем Вітаўтам (сінія) і вобразам дзяўчыны з хлопцам (зялёныя і фіялетавыя). Правізорыі выдаваліся за ўплату ўзносаў ці за дадзеныя ахвяры. Фактычным ініцыятарам выдання быў тагачасны старшыня Цэнтралі Беларускага камітэта самапомачы інжынер Мікола Абрамчык. Малюнкі для правізорыяў былі намаляваныя ў Лодзі мясцовым членам Беларускага камітэта самапомачы Зянонам Зянкевічам.

Артымаркі беларускай эміграцыі Паколькі дадзеныя «маркі» не былі выпушчаныя поштай, ніколі не знаходзіліся ў абарачэнні і не выкарыстоўваліся як сродкі паштовай аплаты, мэтазгодна класіфікаваць іх як артымаркі.

1950-я гады У студзені 1950 г. пачалі рассылацца артымаркі Рады БНР. Ідэя паўстала ў Парыжы, дзе жылі ў той час Мікола Абрамчык, Лявон Рыдлеўскі, Уладзімір Шыманец, а ў Амерыцы артымаркамі займаўся Віталь Кажан.

Артымаркі выдалі ў дзвюх серыях. На першай — старшыні Рады БНР Пятро Крачэўскі (фіялетавага колеру з надпісам «3 талеры») і Васіль Захарка (чырвонага колеру з надпісам «1 талер»), Дом Рады БНР (зялёнага колеру з надпісам «50 грошаў»). Аўтар гэтай серыі невядомы. На другой серыі Пагоня (чырвонага колеру з надпісам «25 грошаў») і карта Беларусі (сіняга колеру з надпісам «10 грошаў»). Другая серыя была надрукавана па эскізах Уладзіміра Шыманца.

1960-я гады У 1960 г. Згуртаванне беларускай моладзі выдала артымарку ў гонар 40-й гадавіны Слуцкага Збройнага Чыну па эскізах мастака Генрыха Архацкага ў чырвоным, сінім, зялёным і шэрым колерах. На артымарцы постаць юнака з бела-чырвона-белым сцягам, на якім напісана: «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына». Таксама на артымарцы прысутнічаюць надпісы «The Slucak Uprising 1920—1960», «Freedom for Byelorussia!» і «БНР». Артымаркі былі надрукаваныя на аркушах, на кожным па 20 асобнікаў з надпісам на дзвюх мовах: «Яны памерлі, каб жыла Бацькаўшчына — жывеце вы, каб Бацькаўшчына не памерла! Памажыце замацаваць гісторыю Слуцкага Паўстаньня — злажыце ахвяру на выданьне Слуцкага Альманаху. Наклейвайце гэтыя маркі на лістох і пачках — пашырайце праўду аб Беларусі».

Паштовыя маркі ЗБВБ У 1971 г. у Вялікабрытаніі адбыўся страйк паштовых служачых і Гай Пікарда ад імя ЗБВБ звярнуўся па дазвол на адкрыццё паштовай службы. Атрымаўшы дазвол, Пікарда сам зрабіў эскізы і надрукаваў аж пяць серый марак, якія 19 лютага 1971 г. выйшлі ў абарот. Яны выкарыстоўваліся да 10 сакавіка 1971 г., калі скончыўся страйк.

Першая серыя: на марцы тэкст у тры радкі — «З. Б. В. Б. (10 п. ці 20 п.) Пошта». 10 п. — чырвоная на светла-зялёнай паперы; 20 п. — сіняя на светла-зялёнай паперы. Наклад — 300 асобнікаў.

Другая серыя: маркі «Асобны атрад» з 1920 г. з ручной наддрукоўкай ліловага колеру ў ніжнім правым вугле — «10 п.», у левым — «ZBVB Post», без зубцоў: 10 п. на 5 кап. — зялёная, 10 п. на 10 кап. — чырвоная, 10 п. на 15 кап. — ліловая, 10 п. на 1 руб. — карычневая. Наклад невядомы.

Маркі Рэспублікі Беларусь Пачаткі марак Рэспублікі Беларусь заклала Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 верасня 1991 г. № 351 «Аб выпуску паштовых марак Беларускай ССР».

Першая марка Рэспублікі Беларусь

Першая марка незалежнай Беларусі з выявай крыжа Ефрасінні Полацкай з’явілася 20 сакавіка 1992 г. Яе аформіў мастак Комлеў. Яна была надрукавана ў Маскве, як і большасць першых беларускіх марак. Наклад склаў 2 мільёны асобнікаў. Вартасць — адзін (спачатку збіраліся надрукаваць слова «рубель», але пасля адмовіліся ад гэтай ідэі з прычыны магчымага стварэння новай валюты; назва валюты з’явілася на беларускіх марках пасля дэнамінацыі 2016 г.).

Серыі стандартных марак

Першы стандартны выпуск (1992—1994) Першыя маркі гэтага выпуску наміналам 30, 45 і 50 капеек былі выдадзены ў зварот 21 снежня 1992 г.

У 1993 г. былі дадаткова выдадзеныя маркі ў 1, 2, 3, 5, 10, 15 і 25 рублёў з датай «1992» і 50, 100 і 150 рублёў з датай «1993».

У 1994 г. былі выпушчаныя маркі ў 200, 300, 600, 1000 і 3000 рублёў. Аснову кампазіцыі марак першага стандартнага выпуску складаў дзяржаўны герб «Пагоня». Таксама вядомыя наступныя наддрукоўкі на марках першага стандартнага выпуску: наддрукоўка новага наміналу на марках 1992 г. (у 1994 і 1997 гг.) і наддрукоўкі літарнага абазначэння наміналу («А» і «В»), зробленыя ў 1996 г. Усе маркі першага стандартнага выпуску выпускаліся на простай паперы.

Другі стандартны выпуск (1995—1996) У сувязі са зменай дзяржаўнага герба, у 1995 г. быў зроблены другі стандартны выпуск марак наміналам у 180, 280 і 600 рублёў, на якіх выява герба была заменена панарамай плошчы Перамогі ў Мінску. У 1996 г. таксама была дадаткова выпушчана марка гэтага выпуску ў 200 рублёў (датаваная 1995 г.). У 2001 г. на частцы накладу марак другога стандартнага выпуску была зроблена наддрукоўка новага наміналу (1000 рублёў). Усе маркі другога стандартнага выпуску друкаваліся на мелаванай паперы.

Трэці стандартны выпуск (1996—1997) Маркі трэцяга стандартнага выпуску з выявай новага дзяржаўнага герба ўзору 14 мая 1995 г. выпускаліся ў 1996—1997 гг. У 1996 г. былі выпушчаныя маркі ў 100, 200, 500, 600, 1000, 1500, 1800, 2200, 3300, 5000, 10 000, 30 000 і 50 000 рублёў. У 1997 г. быў зроблены выпуск марак (таксама з датай 1996 г.) наміналам 400 і 2000 рублёў, а марка ў 1500 рублёў (таксама з датай 1996 г.) была выпушчана ў змененым колеры (блакітным замест ружовага). Затым былі выпушчаныя маркі наміналам 800, 2500 і 3000 рублёў з датай «1997». У 2001 г. на частцы накладу марак другога стандартнага выпуску была зроблена наддрукоўка новага наміналу (400 рублёў).

Чацвёрты стандартны выпуск (1998—2003)