Эчміядзінскі кафедральны сабор (, ад ст.-арм. Էջ Միածինն [ɛːʤ miɑʦʼinn] — «Сашэсце Адзінароднага») — галоўны храм Армянскай апостальскай царквы, прастол Вярхоўнага Патрыярха Каталікоса Усіх Армян у 303—484 гг., і зноў з 1441 года. Размешчаны ў горадзе Вагаршапаце Армавірскае вобласці Арменіі. З 2000 года ўваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Узведзены ў IV—V стагоддзях сабор лічыцца адным з самых старажытных хрысціянскіх храмаў у свеце. За ўсю сваю гісторыю ён зведаў мноства рэканструкцый. Першапачаткова, як і іншыя храмы, ён уяўляў сабой прамавугольны будынак, але пазней быў перабудаваны ў цэнтральна-купальны сабор. З часам будынак дапоўніўся званіцай, ратондамі, рызніцай і іншымі пабудовамі.

Гісторыя

Будаўніцтва сабора звязана з іменем цара Трдата III і каталікоса святога Грыгорыя Асветніка. Паводле падання, Трдат III загадаў закідаць камянямі 35 сясцёр-манашак, пасля чаго звар’яцеў. Адзін са зняволеных хрысціян па імені Грыгорый (які стаў вядомым пад імем Грыгорый Асветнік) вылечыў яго і звярнуў у хрысціянства, пасля чаго прыкладу свайго кіраўніка рушыла ўслед усё насельніцтва Арменіі. Месца ж для храма было паказана Грыгорыю Асветніку самім Ісусам Хрыстом, адкуль і паходзіць назва. Раней жа тут праводзіліся язычніцкія абрады і пакланенні мясцовым багам.

Эчміядзінскі сабор будаваўся не адно стагоддзе. Першапачаткова Сабор быў пабудаваны з дрэва ў форме базілікі. Але ўжо ў V стагоддзі быў перабудаваны, яму была нададзена крыжападобная форма, увянчаная купалам.

У VII стагоддзі Сабор быў перабудаваны ў камені. У XVII стагоддзі над саборам узвялі новы сучасны купал і трох’ярусную званіцу. У XVIII стагоддзі з трох бакоў Сабора былі ўзведзены шасцікалонныя ратонды.

У ХХ стагоддзі была ажыццёўлена грунтоўная рэстаўрацыя. Былі ўмацаваны калоны і аркі, якія падтрымліваюць купал, а сам купал быў абліцаваны свінцом. З мармуру быў пабудаваны новы алтар. Мармурам была выкладзена і падлога царквы. Былі абноўлены і дапоўнены роспісы ўнутры храма.

Галерэя

Гл. таксама Эчміядзінскі манастыр

Зноскі

Літаратура Казарян А. Ю. Кафедральный собор Сурб Эчмиадзин и восточнохристианское зодчество IV—VII веков. Москва: Locus Standi, 2007. 216 с., ч/б и цвет. илл. в тексте. ISBN 978-5-94428-041-1.

Спасылкі Кафедральный собор Сурб Эчмиадзин и восточнохристианское зодчество IV—VII веков // Grand Architect St Etchmiadzin at Armenica.org Official Website of the Mother See of Holy Etchmiadzin UNESCO World Heritage Site profile Surp Echmiadzin and other Churches in Vagharshapat The Monastery of Ejmiatsin, c. 1660, c. 1890, c. 1990

Катэгорыя:Вагаршапат Катэгорыя:Культавыя збудаванні Арменіі