Уладзіслаў Жук (нар. , Задвор’е, Стаўбцоўскі раён, Мінская вобласць, Беларусь) — беларускі футбаліст, паўабаронца віцебскага «Макслайна».

Клубная кар’ера Выхаванец ДЮСШ горада Стоўбцы, пазней выступаў за юнацкія каманды розных беларускіх клубаў. Першым дарослым клубам Уладзіслава ў 2012 годзе стала «Зорка-БДУ», дзе ён з цягам часу здолеў замацавацца ў аснове. Пасля сезона 2014 праходзіў прагляд у «Гомелі» і «Тарпеда-БелАЗ», аднак у выніку застаўся ў Мінску.

У лютым 2016 года прыбыў на прагляд у «Слуцк», але не падышоў і неўзабаве далучыўся да мазырскай «Славіі», у складзе якой пачаў сезон 2016. 2 красавіка 2016 года дэбютаваў у Вышэйшай лізе, выйшаўшы на пазіцыі левага паўабаронцы ў матчы супраць «Слуцка» (1:1). Здолеў замацавацца на гэтай пазіцыі, па выніках сезона 2016 быў прызнаны аматарамі клуба найлепшым іграком каманды. Канец сезона вымушаны быў прапусціць з-за службы ў арміі.

У студзені 2017 года падпісаў кантракт з барысаўскім БАТЭ. Аднак, не здолеў замацавацца ў складзе і ў красавіку таго ж года вярнуўся ў «Славію» на правах арэнды. Прапусціўшы пачатак сезона з-за траўмы, пазней стаў у асноўным выхадзіць на замену. Па выніках сезона 2017 «Славія» выбыла ў Першую лігу, а Жук вярнуўся ў БАТЭ.

У студзені 2018 года трэніраваўся з барысаўчанамі, аднак не трапіў на першы турэцкі збор каманды. У лютым 2018 года далучыўся да «Смалявічаў», і ў сакавіку афіцыйна перайшоў у склад дэбютанта Вышэйшай лігі ў арэнду з правам выкупу. У складзе «Смалявічаў» быў іграком асновы, аднак у жніўні 2018 года пакінуў каманду і неўзабаве перайшоў у арэнду ў «Слуцк». У верасні не гуляў з-за траўмы, пазней стаў часам з’яўляцца ў стартавым складзе слуцкай каманды. У студзені 2019 года пакінуў слуцкі клуб і неўзабаве разарваў кантракт з БАТЭ.

Са студзеня 2019 года знаходзіўся на праглядзе ў «Славіі» і ў выніку зноў стаў іграком мазырскага клуба. Хутка замацаваўся ў стартавым складзе мазыран. У студзені 2021 года падоўжыў кантракт з клубам. У пачатку 2022 года не трапіў у заяўку «Славіі» на сезон і толькі ў ліпені зноў з’явіўся на полі. У лістападзе 2023 года пакінуў «Славію». У студзені 2024 года афіцыйна быў дапушчаны да прафесійнай дзейнасці спартсмена ў Беларусі камісіяй пры Генпракуратуры

У студзені 2024 года стаў трэніравацца з віцебскім «Макслайнам» і ў лютым афіцыйна папоўніў склад клуба.

Міжнародная кар’ера У 2014—2016 гадах выступаў за моладзевую зборную Беларусі, двойчы прымаў удзел у Кубку Садружнасці ў Санкт-Пецярбургу.

Дасягненні Уладальнік Суперкубка Беларусі: 2017

Статыстыка выступленняў СезонДывізіёнКлубКраінаМатчыГалы 2012 Д3 Зорка-БДУ 14 0 2013 Д3 Зорка-БДУ 20 4 2014 Д2 Зорка-БДУ 28 6 2015 Д2 Зорка-БДУ 28 4 2016 Д1 Славія 28 2 2017 Д1 Славія 18 1 2018 (1) Д1 Смалявічы 16 0 2018 (2) Д1 Слуцк 8 0 2019 Д1 Славія 17 0 2020 Д1 Славія 26 4 2021 Д1 Славія 17 2 2022 (2) Д1 Славія 16 0 2023 Д1 Славія 16 0

Грамадзянская пазіцыя Пасля жорсткага разгону акцый пратэстаў, выкліканых масавымі фальсіфікацыямі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, разам з 92 іншымі беларускімі футбалістамі выступіў з асуджэннем гвалту ў Беларусі.

Крыніцы

Катэгорыя:Футбалісты Беларусі Катэгорыя:Ігракі ФК Энергетык-БДУ Катэгорыя:Ігракі ФК Славія Мазыр Катэгорыя:Ігракі ФК БАТЭ Катэгорыя:Ігракі ФК Смалявічы Катэгорыя:Ігракі ФК Слуцк Катэгорыя:Ігракі ФК Макслайн