Даходны дом — будынак у Гродне, размешчаны па вуліцы Леніна, 13. Пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя.
Архітэктура Будынак трохпавярховы з сутарэннямі, трапецападобны ў плане, накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад атынкаваны. Кампазіцыя галоўнага фасада сіметрычная. Цэнтральная частка вылучана несапраўдным рызалітам, завершаным фігурным франтонам. Тымпан франтона прарэзаны арачным аконным праёмам, над якім пазначана дата — 1900. Плоскасць рызаліта члянёна дзвюма парамі высокіх вузкіх аконных праёмаў лесвічнай клеткі. Вуглавыя часткі фасада акцэнтаваны трохграннымі эркерамі, завершаны фігурнымі атыкамі. З паўднёвага боку атык дэкарыраваны ляпнымі гірляндамі. Аконныя праёмы эркераў падкрэслены металічнымі агароджамі (для вазонаў з кветкамі). Тыльны і тарцовыя фасады не тынкаваныя, прарэзаны аконнымі праёмамі з клінчатымі перамычкамі. Захаваліся ўваходныя філянговыя напалову зашклёныя дзверы з металічнымі пераплётамі, металічная агароджа лесвічнай клеткі.
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Вуліца Леніна (Гродна) Катэгорыя:Славутасці Гродна Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Гродна