Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар бернардзінцаў — колішні каталіцкі комплекс, які існаваў у 1636—1832 гадах у Оршы. Захаваўся былы кляштарны корпус, размешчаны па адрасе вул. Камсамольская, 2.

Гісторыя

У павятовым горадзе Орша бернардзінцы аселі ў 1636 г. па фундацыі караля Уладзіслава IV. Кляштар заснаваны па фундацыі Андрэя, старосты аршанскага, і Крысціны Млоцкіх, якія выдзелілі пад яго пляц і 6 маргоў зямлі. Мураваныя будынкі касцёла і двухпавярховага жылога корпуса пастаўлены ў другой палове XVIII ст. на ахвяраванні жыхароў.

Бернардзінскі кляштар займаў шырокі ўчастак на левым беразе Аршыцы і ўпрыгожваў пляц у Надняпроўскім пасадзе, побач з мостам цераз рэчку Аршыцу.

Касцёл, пашкоджаны паводкай 1760 года, пазней заняты пад ваенны склад, у 1817—1819 гадах адрамантаваны і вернуты духавенству.

Пры касцёле і кляштары захоўваўся стары каменны будынак. Пазней была пабудавана драўляная багадзельня. Да 1830-х гадоў дадаліся новыя гаспадарчыя будынкі: свіран, лядоўня; новая агароджа і брама, створаны сажалкі. Пасля 1831 г. кляштар перададзены ваеннаму ведамству, а жылы корпус з цягам часу прыстасаваны пад шпіталь.

Зараз тут знаходзіцца аддзяленне гарадской бальніцы. Касцёл не ўцалеў.

Архітэктура Мураваныя касцёл і кляштар размяшчаліся за кляштарнай агароджай, з некаторым водступам ад пляца ў глыбіню ўчастка. Касцёл меў пяць алтароў: Вобразу Божага, Покрыва Найсвяцейшай Божай Маці, Св. Ганны, Св. Францыска, Св. Антонія. Кляштар размяшчаўся з паўночна-ўсходняга боку ад храма і прымыкаў да яго прэзбітэрыя. На карце Г. Ляйбовіча касцёл намаляваны аднанефным двухвежавым храмам з прыбудаванай з боку кляштара да прэзбітэрыя вежкай. Алтарная частка храма была звернута на поўнач, каб галоўны партал арыентаваць франтальна пляцу.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Колішнія кляштары Беларусі Катэгорыя:Збудаванні Оршы ў стылі барока Катэгорыя:Бернардзінскія кляштары Беларусі Катэгорыя:Колішнія касцёлы Оршы