Бітва пад Вальхофам, Бітва пад Вальмойжай — вырашальная бітва літоўска-шведскай вайны 1621—1625 гадоў, у якім шведскае войска на чале з каралём Густавам Адольфам Вазаю ўпершыню ў сваёй гісторыі ў палявой баталіі атрымала перамогу над літоўска-польскім войскам. Адбылася 7 студзеня (17 студзеня) 1626 каля земгальскага маёнтка (мойжы) Вальхофа (лат. Valle, пол. Walmojza, бел. Вальмойжа).
Удала выбраўшы час - Каляды, Густаў Адольф, употай сабраў пад Какенгаўзенам пяцітысячнае адборнае войска з 3 тысяч пяхоты і 2 тысяч кавалерыі, перайшоў Дзвіну і на досвітку раптам атакаваў войска ВКЛ набранае на грошы Льва Сапегі, якім камандаваў яго сын — маршалак літоўскі Ян Станіслаў Сапега. Войска Сапегі стаяла лагерам і налічвала каля 1500 гусар, казакоў і нямецкіх рэйтараў (паводле шведскіх дадзеных вынікае, што войска налічвала 700 гусар, 600 казакоў, 500 нямецкіх рэйтараў і драгунаў, 700 пяцігорцаў, 600 нямецкіх мушкецёраў, 300 літоўскіх гайдукоў. Хутчэй за ўсё, дадзеныя моцна перабольшаныя і ўлічвалася колькасць раз’яднаных войскаў вялікага гетмана літоўскага Льва Сапегі і польнага гетмана літоўскага Крыштафа Радзівіла).
Шведы атакавалі літоўскі лагер на світанні, хаця прысапежынскія прыдворныя колы сцвярджалі што ім не далі пашыхтавацца, іншыя не толькі шведскія але з у тл. з ВКЛ казалі што адбылася рэгулярная бітва. Аднак, паколькі лагер знаходзіўся паміж двума лясамі, літоўская кавалерыя не магла абысці шведаў з флангу. Замест гэтага шведы выкарыстоўвалі лес і рэль'еф, каб абстрэляць атаку літоўскай кавалерыі, прымусіць яе ўцякаць, Малады Сапега не справіўся з камандаваннем, што і прывяло да катастрофы.
Паводле шведскіх дадзеных, страты Сапегі склалі ад 700 да 1200 чалавек, яшчэ 200 трапілі ў палон, а шведы нібыта не страцілі забітымі ні салдата. Густаў Адольф захапіў вялізны абоз з правіянтам і дэблакаваў Біржы і Баўску. Ян Станіслаў Сапега атрымаў раненні. Пазней магчыма па гэтай прычыне ў яго сталі праяўляцца прыкметы псіхічнай хваробы.
У 35 км ад месца бітвы стаяла войска Крыштафа Радзівіла, прычыны неаказання дапамогі арміі Яна Станіслава Сапегі да канца невядомыя (існуюць версіі, што Радзівіл не паспеў аказаць дапамогу, па іншых версіях — не захацеў з-за варожасці з Сапегамі).
Разгром ліквідаваў асноўны назапашаны вайсковы патэнцыял ВКЛ у Інфлянтах, сарваў планы па дэакупацыі правінцыі і прымусіў ВКЛ заключыць сепаратнае перамір'е са Швецыяй.
Спасылкі Катэгорыя:Вайна Рэчы Паспалітай і Швецыі (1600—1629) Катэгорыя:Бітвы Рэчы Паспалітай Катэгорыя:Бітвы Швецыі Катэгорыя:Бітвы ў Латвіі Катэгорыя:Канфлікты 1626 года Катэгорыя:Падзеі 7 студзеня Катэгорыя:Студзень 1626 года