Скаўшы́н. Сустракаецца таксама варыянт Бу́насы, мн.. Бунасы́, мн. (, ) — аграгарадок у Салігорскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Даманавіцкага сельсавета. Колькасць насельніцтва паводле перапісу 2019 года — 301 чалавек.
Знаходзіцца за 53 км на паўднёвым усходзе ад горада Салігорск і аднайменнай чыгуначнай станцыі на ветцы Слуцк — Салігорск ад лініі Баранавічы — Асіповічы, і за 186 км ад Мінска.
Гісторыя
У перыяд ВКЛ Упершыню згадваецца ў 1514 як вёска пад назвай Скавышын. Тут Глеб Юр’евіч Домант «погоней идучи за неприятелем, войско татарское за Слуцком в лесах Сковышинских побил и много людей литовских у неволю полоном забраных отгромил».У 1566 — сяло, цэнтр воласці ў Слуцкім княстве.
У XVII ст. Скавышын знаходзіўся ў шляхецкай уласнасці, быў цэнтрам воласці ў Навагрудскім ваяводстве ВКЛ.
У 1677 належаў Радзівілам.
Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай аказаўся ў складзе Расійскай імперыі.
У Расійскай імперыі У 1815 быў часткай Мазырскага павета Мінскай губерні. Тут жыло 126 чалавек мужчынскага полу. У гэты час Скаўшын належаў князю Д. Радзівілу, але значыўся ў секвестры за казённы доўг.
У другой палове XIX ст. — вёска ў складзе маёнтка Дзякавічы, належала князю Льву Вітгенштэйну, галоўнаму землеўладальніку на Случчыне.
У 1870 — у складзе Дзякавіцкай воласці Мазырскага павета, цэнтр сельскай грамады. Тут налічвалася 113 рэвізскіх душ мужчынскага полу.
У 1890 у Скаўшыне з’явілася школа пісьменнасці, у якой у першы год вучылася 16 хлопчыкаў.
У 1909 тут ужо налічвалася 748 жыхароў.
У 1912 мясцовая школа была рэарганізавана ў аднакласнае народнае вучылішча.
На 1917 колькасць жыхароў зменшылася да 374 жыхароў.
У XX—XXI стагоддзі У 1920-х вучылішча ў Скаўшыне стала пачатковай школай, у якой у 1922 вучыліся дзеці з 7 навакольных вёсак.
З 20 жніўня 1924 — у Даманавіцкім сельскім савеце Старобінскага раёна Слуцкай вобласці. Затым была ў складзе Бабруйскай акругі, потым ізноў у Слуцкай, з 1938 — у Мінскай вобласці.
У 1926 у Скаўшыне налічвалася 526 жыхароў.
У 1930 тут быў створаны калгас «Чырвоны Скаўшын».
На 1 студзеня 1941 налічвалася 1010 жыхароў.
З сярэдзіны ліпеня 1941 па канец чэрвеня 1944 — пад нямецкай акупацыяй. У гэты час каля вёскі знаходзіўся штаб 37-й партызанскай брыгады імя А. Я. Пархоменкі.
18—27 траўня 1944 у выніку карнай аперацыі нацыстаў было забіта 14 мясцовых жыхароў, 250 двароў і 20 грамадскіх пабудоў былі спалены. Усяго падчас вайны акупанты знішчылі 55 вяскоўцаў, 96 загінулі на фронцеТрагедия белорусских деревень, 1941—1944: Документы и материалы /Сост. Н. В. Кириллова, В. Д. Селеменев и др.; Редкол. В. И. Адамушко и др. М.: Фонд «Историческая память», 2011. — 536 с.: илл. — С. 273..
Вядомы імёны 84 ураджэнцаў Скаўшына, якія былі партызанамі. Сярод іх трое былі ўзнагароджаны медалямі і ордэнамі:
Аляксандр Пятровіч Лагун — медаль «Партызану Айчыннай вайны» I-й ступені. Гаўрыіл Абрамавіч Пісецкі — медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» і медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» Гардзей Сямёнавіч Крывальцэвіч — медаль «Партызану Айчыннай вайны» I-й ступені, медаль «За адвагу» і Ордэн Чырвонай Зоркі.
У 1944 быў у складзе Бабруйскай вобласці, з 1954 у Мінскай.
У савецкі час мясцовы калгас атрымаў назву «Радзіма», да яго далучылі суседнія калгасы з вёсак Запераходнае і Завыхад. У наш час — сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Скаўшын», зараз — ААТ «Скаўшын».
З 1962 Скаўшын — вёска ў Любанскім раёне, з 1965 — у Салігорскім.
У 1965 у гонар 37-й партызанскай брыгады імя А. Я. Пархоменкі ў Скаўшыне паставілі стэлу.
У 1967 — у мясцовым скверы з’явілася скульптура воіна ў жалобе ў памяць пра землякоў, што загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
У 1969 тут жыло 1243 чалавекі.
У 2004—247 двароў, 572 жыхары.
У 2007 у Скаўшыне была пабудавана праваслаўная царква Прападобнай Ефрасінні Полацкай.
Па стане на 2013 у Скаўшыне працуе сярэдняя школа-сад, крама, фельчарска-акушэрскі пункт, Дом культуры, філіял «Беларусбанк», аддзяленне сувязі, комплексны прыёмны пункт, лясніцтва. Працуе пакой-музей, у якім дэманструюцца мясцовыя прадметы традыцыйнага побыту.
Насельніцтва
Помнікі і архітэктура
Стэла ў гонар 37-й партызанскай брыгады імя А. Я. Пархоменкі. Скульптура воіна ў жалобе ў памяць пра землякоў, што загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Праваслаўная царква Прападобнай Ефрасінні Полацкай.
Цікавыя факты Сярод старажылаў Скаўшына і Даманавічаў зафіксавана паданне пра «дзедаўскі шлях» з Турава ў Слуцк. Гэта водны шлях з Палесся на Панямонне. Лічыцца, што ён праходзіў па Пцічы, з яе ў раку Шаць, далей каля сучасных Валяр’янаў у раку Лошу.
Н. Волчык і У. Беглік запісалі ў Скаўшыне ад Аніссі Андрэеўны Крывальцэвіч (1923 года нараджэння) народную баладуБаладныя песні (балады) : метад. указанні і іл. матэрыял да правядзення фальк. практыкі студэнтаў І курса філал. фак. / аўт.-уклад. : Р. М. Кавалѐва і інш.; пад рэд. Р. М. Кавалѐвай. — Мінск : БДУ, 2010. — ISBN 978—985 — С. 66.:
У лузе, у лузе каліна стаяла, А на той каліне зязюля кукавала. Гэта не зязюля, а родная маці, Катора ўладжала сына ваяваці: Ідзі, ідзі, сынку, нідзе не шатайся, Цераз год, цераз два дамоў вазврашчайся. Вот прайшоў гадок, прайшоў і другенькі, Вазвраціўся з войска сынку маладзенькі. Ой, ці рада, маці, ці рада ты мною, Ці рада ты мною, маею жаною? Ох, я рада, сынку, рада я табою, Толькі я не рада твоею жаною. Я свайму сыночку навару піці-есці, А чужой нявестцы — на парозе сесці. Я свайму сыночку навару солодко піво, А чужой нявестцы — горкую атраву. Ён жа мое піва пад столік выліў, А тую атраву напалам выпіў.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Даманавіцкі сельсавет (Салігорскі раён) Катэгорыя:Населеныя пункты Салігорскага раёна