Шка́вілаўка (, ) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Свіслач. Уваходзіць у склад Турынскага сельсавета.
Гісторыя Да скасавання прыгоннага права вёска адносілася да маёнтка Любін, уласнасць Пялікшы, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. На карце 1860 года пазначана як Калонія, было 5 двароў. Пасля 1861 года ў Кліноцкай воласці Ігуменскага павета.
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі. У час вайны непадалёк ад вёскі ва ўрочышчы Крыжыкі базіраваўся савецкі партызанскі атрад М. Джагарава (з 1943 года атрад «Камсамол») 1-й Мінскай партызанскай брыгады. У жніўні 1943 года і сакавіку 1944 года ў ходзе нямецкіх карных аперацый вёску спальвалі, было забіта 11 жыхароў.
Пасля вайны вёска адноўлена.
Насельніцтва 1870 год — 53 жыхары мужчынскага полу 1897 год — 27 двароў, 176 жыхароў 1917 год — 31 двор, 176 жыхароў, усе беларусы 1960 год — 240 жыхароў 1999 год — 68 жыхароў 2010 год — 38 жыхароў 2019 год — 35 жыхароў
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Турынскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Пухавіцкага раёна Катэгорыя:Вёскі Беларусі, цалкам або часткова знішчаныя нацыстамі