Го́лдава (, ) — аграгарадок у Лідскім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Ходараўскага сельсавета.

Геаграфія Знаходзіцца на рацэ Голдаўка, за 32 км у напрамку на паўднёвы захад ад горада Ліда, за 110 км ад Гродна, за 6 км ад чыгуначнага прыпыначнага пункта Курган.

Гісторыя Вядома, што ў XV—XVII ст. гэты населены пункт у дакументах мае назву «Овдово» ці «Олдово». Тады ж каля вёскі існавала некалькі маёнткаў з гэтай жа назвай. Адзін з маёнткаў Голдава пры вялікім князі Казіміры Ягайлавічы (пам. 1492) уваходзіў у склад вялікакняскага Беліцкага павета, які па прывілеях караля трымалі беліцкія баяры Шымка і Барташ Ганусавічы. Потым кароль Казімір надаў Голдава гаспадарскаму баярыну Герману Дзетрыховічу (Дзітрыковічу), а беліцкім баярам узамен даў землі ў Ваўкавыскім павеце. Аднак, браты Ганусавічы не атрымалі ад Казіміра пацвярджальных дакументаў, і вялікі князь Аляксандр адабраў у іх землі. Тады баяры Ганусавічы пачалі аспрэчваць у Дзітрыковіча Голдава, як ранейшае наданне караля Казіміра, і ў 1498 годзе Аляксандр пацвердзіў ім валоданне маёнткам.

У 1495 г. берасцейскі намеснік Сенька (Сямён) Алізаравіч купіў двор Голдава ў жалудоцкага баярына Пятрашкі Міхайлавіча, гэтую пакупку яму пацвердзіў вялікі князь Аляксандр.

Тады ж, іншы маёнтак Голдава належаў васілішскім баярам Ваську і Івану Міхайлавічам (верагодна, братам Пятрашкі) і іх стрыечнаму брату Станку Дашкавічу. Іван узяў за сына гаспадарскага пісара Ігната Мікіцініча, якому і запісаў па сваёй смерці сваю частку маёнтка. Васька Міхайлавіч і Станка Дашкавіч пазычылі ў Ігната пэўную суму грошай, аднак, у тэрмін не вярнулі, і ў 1503 г. яму былі перададзены ў валоданне іх часткі маёнтка за доўг. Ігнат Мікіцініч з жонкай Марынай, не маючы дзяцей, узялі сабе за сына гаспадарскага маршалка — усынавілі астрынскага дзяржаўцу Аляксандра Іванавіча Хадкевіча і ў 1518 г. запісалі яму і яго старэйшаму сыну Івану маёнтак Голдава. У 1526 г. А. І. Хадкевіч прыкупіў да Голдава фальварак Няцеч і іншыя землі і лясы ў навакольных баяраў.

Ёсць яшчэ звесткі пра той другі маёнтак Голдава, які купіў С. Алізаравіч. Памёр ён каля 1506 г. і пакінуў пасля сябе адзінай дачцэ Настассі Сямёнаўне Алізараўне ўсе свае маёнткі, у тым ліку і Голдава. Спачатку яна выйшла замуж за князя Януша Міхайлавіча Сангушку-Ковельскага, а пасля яго смерці (паміж 1516 і 1520 г.) — за князя Івана Міхайлавіча Вішнявецкага. Паміраючы, Настасся Алізараўна запісала трэццюю частку сваіх маёнткаў, у тым ліку і Голдава, мужу, якому ў 1538 г. кароль пацвердзіў гэты запіс. Тады ж князь Вішнявецкі ажаніўся ў другі раз з Магдаленай Дэспатаўнай, якой запісаў ва ўласнасць Голдава і іншыя маёнткі. Па смерці мужа ў 1542 г. Магдалена Дэспатаўна неўзабаве выйшла замуж за князя Аляксандра Фёдаравіча Чартарыйскага і ў 1551 г. запісала Голдава мужу. У 1569 г. князь Чартарыйскі перад смерцю напісаў тастамант, якім маёнтак Голдава перадаваў у пажыццёвае валоданне сваёй жонцы, пасля смерці якой уладанне павінна было перайсці на карысць іх сына князя Міхайлы Чартарыйскага. У 1571 г. памерла і ўдава, але ў яе тастаманце Голдава не фігуруе, бо, верагодна, яго ўжо трымаў сын князь Міхайла, які ў сваю чаргу напісаў тастамант у 1582 г., але і ў гэтым дакуменце Голдава няма. Ёсць звесткі, што ён прадаў маёнтак у 1581 г. саноцкаму кашталяну пану Трызне. З тых часоў род Трызнаў валодаў Голдавам больш за сто гадоўpawet.net.

Голдава набыло статус мястэчка ў пачатку XVII стагоддзя. Належала да Лідскага павета Вялікага Княства Літоўскага, у складзе Рэчы Паспалітай; мелася праваслаўная царква, праходзіў штотыднёвы гандаль і штогадовыя кірмашы.

Міхал Шымялевіч пісаў, што старая дарога з Ліды, якая праходзіла міма Ольжава на Белагруду, далей бегла цераз Дзітву на Парачаны, Голдава і Жалудок, была вядома пад назвай Зэльвенскага гасцінца. Стаў каля голдаўскага двара пачынаўся з балота.

З 1795 года ў складзе Расійскай імперыі. Належала да Лебядской воласці Лідскага павета Віленскай губерні.

У Першую сусветную вайну з верасня 1915 года да канца 1918 года акупавана германскімі войскамі. Са студзеня 1919 года ў складзе БССР, у красавіку занята польскімі войскамі. З ліпеня да верасня 1920 года кантралявалася Чырвонай Арміяй, затым ізноў польскімі войскамі.

З 1921 года ў складзе Польшчы, у Лебядской гміне Лідскага павета Навагрудскага ваяводства. Уладальнік Голдава Антон Валейка ў міжваенны час быў членам управы павятовага Звязу землеўладальнікаў, узначальваў рэвізійную камісію Шчучынскага павятовага аддзела, быў членам рады Лябёдскай гміны і кіраўніком рэвізійнай камісіі малочнага кааператыва ў Дзікушках. У 1939 годзе яго арыштавалі і выслалі ўглыб СССР.

З 1939 года — у БССР. З канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад нямецка-фашысцкай акупацыяй.

З 1991 года ў незалежнай Беларусі. У 1996 годзе 458 жыхароў, 165 двароў. Да 2013 года Голдава было цэнтрам Голдаўскага сельсаветаРешение Гродненского областного Совета депутатов от 18.10.2013 № 259 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Лидского района Гродненской области.

Насельніцтва

Славутасці

Свята-Раства-Багародзіцкая царква (1795).

Зноскі

Літаратура

Спасылкі Лаўрэш Леанід. Прыходы ў Голдаве і Бабрах // Лідскі Летапісец. 2018. № 4(84). С. 22-40. // на pawet.net Парафіяне Голдаўскай грэка-каталіцкай цэрквы у 1829 г. // Лідскі Летапісец. 2018. № 4(84). С. 22-40. // на pawet.net

Катэгорыя:Ходараўскі сельсавет (Лідскі раён) Катэгорыя:Населеныя пункты Лідскага раёна