Уласы́ (, ) — былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Межавала з урочышчам Тужыр. У сувязі з радыяцыйным забруджваннем пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС жыхары вёскі (69 сем’яў) пераселены ў экалагічна бяспечныя мясціны.

Гісторыя

Карона Каралеўства Польскага Найранейшая з вядомых на сёння згадак пра паселішча датаваная 26 днём чэрвеня 1600 года, калі падкаморы кіеўскі Шчасны Харлінскі адпісаў свайму сыну Мікалаю Астраглядавіцкі двор з прыселкамі, 13 сёл, сярод якіх Уласы (Ułasy), 1 слабаду, частку пляцаў у Кіеве. 14 мая 1618 года пан Мікалай Харлінскі запатрабаваў у судзе ад паноў Самуэля Гарнастая, як , і Стэфана Нямірыча, як , вярнуць падданых, збеглых з Уласоў, Астраглядавічаў, Хойнікаў, Стралічава, Багушоў да добраў Гарнастайпаль і Самуэльпаль. 7 чэрвеня 1623 года ўдава Гальшка Харлінская судзілася з панамі Станіславам, Юрыем і астатнімі Харлінскімі, родзічамі мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хойнікі), вёскі Хвойнікі, Краснаселле, Уласы (яшчэ названыя 19 паселішчаў, акрамя «іншых вёсак і прыселкаў»)Źródła dziejowe. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział II-gi. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 60, 241, 637.

8 ліпеня 1631 года запісам у актах Кіеўскага земскага суда засведчана пагадненне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў (з Уласамі) Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, наступнаму мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотыхArchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Prozorów i Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 59. Увогуле вёска альбо хутар Уласы да рэформеннага ўжо ў Расійскай імперыі перыяду належалі тым самым уладальнікам, што і Астраглядавічы з Хойнікамі, г. зн. пасля Харлінскіх — панам Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максіміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству ПрозараўБельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 12—18.

Паводле тарыфа падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1683 года 6 дымоў у вёсцы Уласы трымалі астраглядаўскія айцы дамініканыАрхив Юго-Западной России. Ч. 7. Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 489. Інвентар 1698 года засведчыў, што жыхары Уласоў — Васіль Калечук, Міхед Іванчанка, Яцка Астапенка, Цімох Мелючэнка, Грышка, Хведараў сын, — з 5 сваіх гаспадарак не паасобку, але як і краснасельцы, грамадою мусілі плаціць уладальніку маёнтка князю Дамініку Яну Шуйскаму ў асобе адміністратара пана Зыгмунта Шукшты 30 злотых чыншу, даніны мядовай 5 бельцаў, рыбалоўны рыштунак вырабляць, рыбу лавіць, да замку Хойніцкага кожную сераду і пятніцу прысылаць, выконваць падводную і будаўнічую павіннасці на карысць двара Астраглядаўскага. Такія самыя памеры чыншу і даніны мядовай запісаныя ў рэвізіі 1716 года. У 1721 годзе ўласоўцы выплачвалі 15 злотых чыншу і аддавалі 5 бельцаў мёдуНГАБ у Мінску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 127, 133, 143.

Згодна з тарыфам падымнага падатку Оўруцкага павета 1734 года, Уласы разам з 16 іншымі паселішчамі (акрамя Багушоў, прыналежных астраглядаўскай плябаніі) Хойніцкай воласці былі ўласнасцю князя Ігнацыя ШуйскагаТарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 285—286. У 1754 годзе з 7 двароў (×6 — каля 42 жыхароў) вёскі Уласы князёў Шуйскіх «do grodu» (Оўруцкага замка) выплачваліся 1 злоты і паўтары грошы, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 4 зл. і 6 гр.Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 188

Яўрэйскія перапісы 1778 і 1784 гадоў засведчылі, што ў вёсцы Уласы пражывалі адпаведна 3 і 2 чалавекі (głowy), плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Хойніцкага кагалаАрхив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 301, 391.

Расійская імперыя У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Уласы апынуліся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года — у складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года — Мінскай губерні Расійскай імперыіНасевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. С. 181—182. Паводле рэвізіі 1795 года, ва Уласах налічвалася 13 двароў з 30 прыгоннымі мужчынскага і 30 жаночага полу. Разам з Краснаселлем вёска за 32 000 злотых была аддадзена панамі Прозарамі ў заставу ўдаве па падстолію Яну Караліне, дачцэ Габрыэля, КрушэўскайНГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 264—265. Спр. 181. А. 99, 248, 259.

14 лютага 1811 года Людвіка Прозар пісьмова засведчыла шляхцічу Паўлу Жукоўскаму права на 6-гадовую арэнду фальварка Аркадзія з усімі прылегласцяміAGAD. APiJ. Sygn. 14. S. 8. З інвентара 1844 года маёнтку Юзафаў, прыналежнага Юзафу, сыну Караля, Прозару, вядома, што да фальварка Аркадзія належала вёска УласыНГАБ. Ф. 142. Воп.1 Спр. 1481. А. 40 і наст.. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 113 жыхароў вёскі Уласы з’яўляліся прыхаджанамі Параскевіцкай царквы ў МасанахРасійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 682.

У парэформенны перыяд Уласы належалі да Дзёрнавіцкай воласці. На пачатак 1870 года ў вёсцы — 60 мужчынскіх душ з ліку сялян-уласнікаў, прыпісаных да Уласоўскага сельскага таварыстваСписок волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 70.

Паводле перапісу 1897 года, у вёсцы Уласы — 43 двары, 158 жыхароў, хлебазапасны магазін. На 1909 год паселішча налічвала 55 двароў, 396 жыхароўСписок населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 206.

Найноўшы час 9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Уласы ў складзе Рэчыцкага павета, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла СкарападскагаЦіхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85.

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Пасля ўз’яднання з БССР, з 8 снежня 1926 вёска — цэнтр Уласоўскага сельсавета Камарынскага раёна Рэчыцкай акругі, з 9 чэрвеня 1927 года — Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года Уласоўскі сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Баршчоўскага сельсавета. У 1930 годзе арганізаваны калгас імя М. І. Калініна, працавала ваўначоска. З 20 лютага 1938 года ў складзе Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ва Уласах было 120 двароў з 432 жыхарамі. У маі 1943 года акупанты спалілі вёску і знішчылі 154 жыхароўБез срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 36, 503. 70 вяскоўцаў загінулі на франтах.

З 8 студзеня 1954 года Уласы — у Гомельскай вобласці. Згодна з перапісам 1959 года, у вёсцы налічвалася 267 жыхароў, уваходзіла ў склад калгаса «Новае жыццё» (цэнтр — вёска Радзін). 25 снежня 1962 года Уласы ўвайшлі ў склад Хойніцкага раёна.

20 лютага 1964 года Баршчоўскі сельсавет быў скасаваны, а тэрыторыя далучана да Радзінскага сельсаветаРашэнне выканкома Гомельскага абласнога (сельскага) Савета дэпутатаў працоўных ад 20 лютага 1964 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1964, № 21 (1061). У яго складзе вёска Уласы заставалася да 8 студзеня 1987 года, калі ўвайшла ў склад Стралічаўскага сельсаветаРашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 8 студзеня 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901)..

Заўвагі

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Стралічаўскі сельсавет Катэгорыя:Былыя населеныя пункты Хойніцкага раёна