Гепатыт A, або Хвароба Боткіна — шырока распаўсюджанае інфекцыйнае захворванне з фекальна-аральным механізмам перадачы.
Гепатыт А (раней вядомы як інфекцыйны гепатыт) — вострая інфекцыйная хвароба печані, якая выклікаецца вірусам гепатыту A (HAV). У многіх выпадках сімптомы нязначныя ці адсутнічаюць, асабліва ў маладых людзей. Час паміж інфікаваннем і з'яўленнем сімптомаў, пры іх наяўнасці, складае ад двух да шасці тыдняў. Наяўныя сімптомы звычайна прысутнічаюць на працягу васьмі тыдняў і ўключаюць наступнае: моташнасць, ванітаванне, дыярэю, пажаўценне скуры, ліхаманку і боль у жываце. Прыблізна ў 10-15 % людзей сімптомы паўтараюцца на працягу шасці месяцаў пасля першапачатковага інфікавання. Можа зрэдку сустракацца вострая пячоначная недастатковасць, звычайна ў старых людзей.
Крыніцы Звычайна распаўсюджваецца праз спажыванне ежы ці вады, забруджанай інфікаванымі фекаліямі. Недастаткова прыгатаваныя малюскі часта з'яўляюцца крыніцай заражэння. Таксама хвароба можа распаўсюджвацца праз блізкі кантакт з інфікаванай асобай. Нягледзячы на тое, што ў хворых дзяцей найчасцей адсутнічаюць сімптомы, яны могуць заражаць іншых. Пасля аднакратнага інфікавання чалавек атрымлівае імунітэт на ўсё жыццё. Для правядзення дыягностыкі неабходны аналіз крыві, паколькі сімптомы супадаюць з сімптомамі некалькіх іншых захворванняў. Гэта адзін з пяці вядомых вірусаў гепатыту: A, B, C, D і E.
Папярэджанне і лячэнне Для папярэджання хваробы эфектыўная вакцына супраць гепатыту A. У некаторых краінах яе стандартна рэкамендуюць дзецям і асобам, што не былі вакцынаваныя раней, на якіх распаўсюджваецца высокая рызыка. Мяркуецца, што вакцынацыя дае эфект на працягу ўсяго жыцця. Іншыя засцерагальныя меры ўключаюць мыццё рук і належнае прыгатаванне ежы. Спецыяльнае лячэнне адсутнічае, рэкамендуюцца адпачынак і лекі ад моташнасці ці дыярэі. Звычайна інфекцыя цалкам вылечваецца без наступстваў для печані. Лячэнне вострай пячоначнай недастатковасці, пры наяўнасці, вымагае трансплантацыі печані.
Эпідэміялогія Ва ўсім свеце штогод фіксуецца прыблізна 1,5 мільёны сімптаматычных выпадкаў, верагодна, сапраўдная лічба складае дзясяткі мільёнаў выпадкаў. Хвароба часцей сустракаецца ў рэгіёнах з кепскімі санітарнымі ўмовамі і недахопам вады, бяспечнай для спажывання. У краінах на шляху развіцця прыблізна 90 % дзяцей былі інфікаваны ва ўзросце да 10 гадоў і такім чынам атрымалі імунітэт. Выбухі хваробы часта назіраюцца ва ўмерана развітых краінах, дзе дзеці не хварэюць у маленстве, а вакцынацыя не мае шырокага распаўсюджвання. У 2010 г. востры гепатыт A пацягнуў 102 000 смерцяў. Штогод 28 ліпеня адзначаецца Cусветны дзень барацьбы з гепатытам для распаўсюджання звестак пра вірусны гепатыт.
Літаратура Слоўнік па агульнай і медыцынскай вірусалогіі / Уклад. А. Красільнікаў, Л. Цітоў, Н. Казак. — Мн.: Вышэйшая школа, 1995. ISBN 985-06-0048-9
Катэгорыя:Вірусныя інфекцыі