Бяля́ўшчына (, ) — вёска ў Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Вендаражскага сельсавета. Размешчана за 20 км на захад ад Магілёва, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Вендрыж на лініі Магілёў—Асіповічы. Рэльеф раўнінны, на ўсход мяжуе з лесам. На поўдні цячэ р. Альхоўка (прыток р. Лахва). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз в. Вендараж і далей па шашы Магілёў — Бабруйск.
Гісторыя Згадваецца ў 1654 годзе як фальварак у складзе маёнтка Княжыцы ў Аршанскім павеце Вялікага Княства Літоўскага пры ягонай перадачы лідскім харунжым Янам Курчом з жонкай Барбарай (з Друцкіх-Сакалінскіх; атрымала Княжыцы ў спадчыну ад першага мужа, князя Юрыя Галоўчынскага) у заставу Гераніму Бучацкаму-ТвароўскамуНГАБ, ф. 1817, воп. 1, спр. 81, с. 143. У 1777 годзе вёска Бяляеўшчына ў Магілёўскім павеце Магілёўскай губерні. У 1785 годзе сяльцо ў складзе маёнтка Журавец Магілёўскага павета, уласнасць памешчыка. Два памешчыкі мелі ў вёсцы ў 1862 годзе 161 дзес. зямлі. Паводле перапісу 1897 года ў Вендаражскай воласці Магілёўскага павета.
Найноўшы час 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала яе разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. З 26 красавіка 1919 года ў Гомельскай губерні РСФСР. У сакавіку 1924 года вёску вярнулі БССР.
З 17 ліпеня 1924 года ў Магілёўскім раёне Магілёўскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года), з 20 лютага 1938 года ў Магілёўскай вобласці. У 1931 годзе арганізаваны калгас імя газеты «Камунар Магілёўшчыны».
У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да 27 чэрвеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1990 годзе ў складзе саўгаса «Вендараж» (цэнтр — в. Вендараж).
Планіроўка Планіровачна складаецца з просталінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад і забудаванай двухбакова, шчыльна традыцыйнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.
Насельніцтва XVIII стагоддзе: 1785 — 14 двароў, 99 жыхароў. XIX стагоддзе: 1897 — 4 двары, 31 жыхар, аднайменны фальварак — 4 двары, 25 жыхароў. XX стагоддзе: 1909 — 5 двароў, 30 жыхароў, у фальварку — З двары, 20 жыхароў. 1926 — 8 двароў, 66 жыхароў. 1990 — 25 гаспадарак, 49 жыхароў. XXI стагоддзе: 2007 — 16 гаспадарак, 25 жыхароў.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Вендаражскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Магілёўскага раёна