Весяло́ва (, ) — вёска ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці. Уваходзіць у склад Валосавіцкага сельсавета.
Геаграфія Знаходзіцца за 13,5 км на паўднёвы ўсход ад Лепеля, за 132 км ад Віцебска. Транспартная сувязь ажыццяўляецца па мясцовай дарозе праз Новыя Валосавічы і далей па аўтамабільнай дарозе Лепель—Халопенічы. Праз вёску працякае рака Букавіца.
Дарожная інфраструктура вёскі складаецца з двух вуліц і аднаго завулка.
Гісторыя Узнікла ў 1920-я гады праз калектывізацыю хутароў польскіх перасяленцаў, якія на пачатку XX ст. купілі навакольныя землі ў пана Рамуальда Зацвіліхоўскага.
«Танна і зручна. Можна набыць надзелы зямлі ад 6 да 300 моргаў адным кавалкам, таксама двор 95 валок. Ужо пасялілася 100 сем’яў перасяленцаў з Польшчы. Інфармую неадкладна. Любыя пытанні накіроўваць панне Вандзе Зацвіліхоўскай, горад Лепель, Віцебская губерня, маёнтак Валасевічы (Валосавічы)»
Назву атрымала ад калгаса імя Весялоўскага, названага ў гонар польскага рэвалюцыянера Браніслава Весялоўскага. У 1922 годзе адкрыта польская школа. У 1927—1937 гадах — цэнтр Весялоўскага нацыянальнага польскага сельсавета.
У 1938 годзе заснаваны дзіцячы дом, які з перапынкам на 2-ю сусветную вайну праіснаваў да 1968 года. Пасля вайны адкрылася сямігадовая школа, узведзены буйны жывёлагадоўчы комплекс.
У 1971 годзе ў вёсцы жыло 53 сям’і (238 чалавек), з іх 12 польскіх, 32 беларускія, 3 польска-беларускія (галава сям’і — паляк), 5 беларуска-польскіх (галава сям’і — беларус) і адна руска-польская (глава сям’і — рускі). Колькасна нацыянальны склад выглядаў наступным чынам: 68 палякаў, 166 беларусаў і 4 рускія. У 10 сем’ях (19 чалавек) мовай хатніх зносін была польская, у 15 сем’ях (84 чалавекі) — беларуская, але іх члены ў той ці іншай ступені ведалі польскую мову і ўмелі ёю карыстацца; у 28 сем’ях (135 чалавек) карысталіся толькі беларускай мовай, польскую мову ў іх не ведалі зусім.
Таксама ў 1971 годзе ў будынку былога дзіцячага дома адкрылі ўчастковую бальніцу, пазней ператварылі яе ў урачэбную амбулаторыю, якая была закрыта ў 2014 годзе.
Насельніцтва 1926 — 6 гаспадарак, 37 жыхароў 1971 — 53 гаспадаркі, 238 жыхароў 1997 — 40 гаспадарак, 76 жыхароў 2018 — 18 гаспадарак, 29 жыхароў
Славутасці У вёсцы дзейнічае касцёл. Таксама на вясковых могілках знаходзіцца міжваенная драўляная каталіцкая капліца.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Валосавіцкі сельсавет (Лепельскі раён) Катэгорыя:Населеныя пункты Лепельскага раёна