Лявон Баро́ўскі або Леан Бароўскі (; , Пінскі павет — , Вільня) — літаратуразнавец, філолаг, гісторык і тэарэтык літаратуры, педагог і публіцыст; адзін з вядомых прафесараў Віленскага ўніверсітэта 1820-х гадоў, калі Адам Міцкевіч і яго аднагодкі атрымлівалі ў Вільні адукацыю; член таварыства шубраўцаў (з псеўданімам Pergrubius).

Біяграфія Нарадзіўся 27 мая 1784 года ў Пінскім павеце Берасцейскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

Скончыў гімназію ў Паставах. Вучыўся ў Віленскім універсітэце, адначасова працаваў там сакратаром (1801—1807). У 1803 годзе атрымаў навуковую ступень кандыдата філасофіі. У 1807—1811 гадах выкладаў рыторыку і паэтыку ў Свіслацкай гімназіі.

У 1814 годзе, пасля смерці прафесара Эўсэбіюша Славацкага, пачаў выкладаць рыторыку, паэзію, філасофскую граматыку ў Віленскім універсітэце. У 1816 годзе атрымаў ступень магістра філасофіі, з 1821 года — экстраардынарны прафесар, з 1823 года — ардынарны прафесар.

Бліскучы лектар, першым пачаў вучыць на семінарах аналізу літаратуры. Аказаў значны ўплыў на Адама Міцкевіча, быў адным з першых прыхільнікаў яго паэзіі і першым назваў геніям. Лекцыі Л. Бароўскага слухалі і іншыя будучыя пісьменнікі, у тым ліку Сімонас Даўкантас, Сімонас Станявічус, Юльюш Славацкі.

Пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэта (1832), у 1833 годзе прызначаны прафесарам гамілетыкі ў рымска-каталіцкую Віленскую духоўную акадэмію і да 1842 года выкладаў там гамілетыку і польскую літаратуру, пакуль Акадэмія не была пераведзена з Вільні ў Санкт-Пецярбург. Доўгі час служыў цэнзарам польскіх выданняў.

Памёр 4 красавіка 1846 года ў Вільні. Пахаваны ў Вільні на Бернардынскіх могілках. На тыльным баку надмагілля ў выглядзе скалы ў 1900 годзе была змешчана шыльда з тэкстам на польскай мове, дзе Леан Бароўскі названы першым, хто распазнаў у Адама Міцкевіча нацыянальнага генія, і тым, хто сфарміраваў самых выдатных польскіх паэтаў і празаікаў XIX стагоддзя. Помнік упрыгожаны таксама вершаванай эпітафіяй Марыі Канапніцкай.

Дзейнасць Выгадаваны на літаратурных густах XVIII стагоддзя, Леан Бароўскі лічыцца адным з заснавальнікаў рамантызму ў польскай літаратуры; спрабаваў узгадняць яго з класіцызмам. Быў знаёмы з творамі класічных літаратур. Перакладаў з латыні, французскай, англійскай на польскую мову. Сярод перакладаў Бароўскага — камедыі Мальера «Скупы» і «Жанчыны філосафы», фрагменты твораў Шэкспіра, Мільтана, Байрана. Пасля Бароўскага застаўся ў рукапісе пераклад «Дон Кіхота» з іспанскага арыгінала. Выдаў паэму «Манахамахія» Ігнацыя Красіцкага са сваімі навуковымі каментарамі.

У 1815—1826 гадах супрацоўнічаў з часопісам «Dziennik Wileński», дзе публікавалася адна з галоўных прац Леана Бароўскага «Заўвагі пра паэзію і рыторыку з пункту гледжання іх падабенства і адрознення» (). Аўтар прац па педагогіцы, біяграфіі Эўсэбіюша Славацкага, сачыненняў «Uwagi nad poezją i wymową» (1820); «Retoryka» (1824); «O poznawaniu zdolności umysłowych w młodzieży» (1826).

Крыніцы

Літаратура Kasperavičienė Audronė, Surwiło Jerzy. Przechadzki po Wilnie. Zarzecze. Cmentarz Bernardyński. — Wilno: Efekt, 1997. — С. 49—50. — 132 с. Конан У. М. Бароўскі Лявон // Мысліцелі i асветнікі Беларусі. Энцыклапедычны даведнік / гал. рэд. Б. I. Сачанка. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 1995. — С. 364—366. — 672 с. — 6000 экз. — ISBN 985-11-0016-1.

Algis Kalėda. Leonas Borovskis // Visuotinė lietuvių enciklopedija, T. III (Beketeriai-Chakasai). — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2003. — 371 p.

Спасылкі

Катэгорыя:Выкладчыкі Свіслацкай гімназіі Катэгорыя:Выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Выкладчыкі Віленскай духоўнай акадэміі Катэгорыя:Філаматы Катэгорыя:Цэнзары Расійскай імперыі