Фёдар Сапон (нар. ) — беларускі футбаліст, нападнік.
Клубная кар’ера З 2011 года пачаў выступаць за дубль футбольнага клуба «Мінск». У 2012 годзе быў пераведзены ў склад фарм-клуба «Мінск-2». З 14 галамі стаў найлепшым бамбардзірам клуба ў сезоне, і на наступны год разам з камандай гуляў ужо ў Першай лізе. За два гады здолеў забіць 12 галоў у другім па рангу дывізіёне.
Па заканчэнні сезона 2014 «Мінск-2» быў расфарміраваны, і ў студзені 2015 года Фёдар быў пераведзены ў асноўную каманду «Мінска». 20 красавіка 2015 года дэбютаваў у Вышэйшай лізе, выйшаўшы на замену на 80-й хвіліне матча супраць брэсцкага «Дынама» (0:1).
У жніўні 2015 года праходзіў прагляд у чэшскім клубе «Усці-над-Лабем», але не падышоў і неўзабаве на правах арэнды стаў іграком «Бярозы-2010». У студзені 2016 года «Бяроза-2010» спыніла існаванне, і Фёдар адправіўся на прагляд у юрмальскі «Спартак», аднак кантракт з латвійскім клубам не быў падпісаны. У выніку, папоўніў склад мінскага «Тарпеда».
У сезоне 2016 з 9 галамі стаў найлепшым бамбардзірам «Тарпеда» ў Першай лізе. У сезоне 2017 стаў радзей з’яўляцца на полі. Пасля атрымання «Тарпеда» месца ў Вышэйшай лізе ў сакавіку 2018 года па пагадненні бакоў пакінуў каманду і неўзабаве далучыўся да «Смаргоні». Па заканчэнні сезона 2018 пакінуў смаргонскую каманду.
У красавіку 2020 года далучыўся да мікашэвіцкага «Граніта», дзе гуляў да верасня, пасля чаго завяршыў кар’еру.
Статыстыка выступленняў СезонДывізіёнКлубКраінаМатчыГалы 2011 дубль Мінск 20 3 2012 Д3 Мінск-2 31 14 2013 Д2 Мінск-2 23 4 2014 Д2 Мінск-2 24 8 2015 (1) Д1 Мінск 3 0 2015 (2) Д2 Бяроза-2010 10 0 2016 Д2 Тарпеда 24 9 2017 Д2 Тарпеда 20 3 2018 Д2 Смаргонь 20 2 2020 Д2 Граніт 15 0
Грамадзянская пазіцыя Пасля жорсткага разгону акцый пратэстаў, выкліканых масавымі фальсіфікацыямі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, разам з 92 іншымі беларускімі футбалістамі выступіў з асуджэннем гвалту ў Беларусі.
Крыніцы
Катэгорыя:Футбалісты Беларусі Катэгорыя:Ігракі ФК Мінск Катэгорыя:Ігракі ФК Мінск-2 Катэгорыя:Ігракі ФК Бяроза-2010 Катэгорыя:Ігракі ФК Тарпеда Мінск Катэгорыя:Ігракі ФК Смаргонь Катэгорыя:Ігракі ФК Граніт Мікашэвічы