Вясёлка, або ра́дуга, — атмасферная аптычная і метэаралагічная з’ява, якая назіраецца звычайна пасля дажджу або перад ім. Яна выглядае як дуга або акружнасць, складзеная з колераў спектра. Вясёлка, выкліканая сонечнымі прамянямі, заўсёды з’яўляецца ў раздзеле неба прама насупраць сонца. Вясёлкі могуць быць поўнымі акружнасцямі; тым не менш, назіральнік бачыць толькі дугу, сфарміраваную з асветленых кропель над зямлёй, па цэнтры на лініі ад сонца да вока назіральніка.
У адзіночнай вясёлцы колеры ў дузе размешчаны з чырвонага ў знешняй частцы да фіялетавага ва ўнутранай. Гэта выклікана тым, што святло праламляецца пры ўваходзе ў кроплю вады, а затым адбіваецца ўнутры на задняй частцы кроплі і зноў праламляецца пры выхадзе з яе. У падвойнай вясёлцы другая дуга бачная звонку першаснай дугі, і парадак яе колераў мяняецца месцамі — з чырвоным на ўнутраным баку дугі і фіялетавым звонку. Калі Сонца падымаецца вышэй 42 градусаў над гарызонтам, акружнасць магчымага з’яўлення вясёлкі аказваецца ніжэй узроўню зямлі, і назіральнік, які знаходзіцца на яе паверхні, убачыць вясёлку не можа.
Вясёлкі назіраюцца таксама ў пырсках вадаспадаў, фантанаў. У Беларусі бываюць у любую пару года, акрамя зімы, найчасцей у маі і жніўні.
Фізіка вясёлкі
Вясёлка ўзнікае з-за таго, што сонечнае святло праламляецца і адбіваецца кропелькамі вады (дажджу ці туману), якія знаходзяцца ў атмасферы. Гэтыя кропелькі па-рознаму адхіляюць святло розных колераў: паказчык пераламлення вады для даўгахвалевага (чырвонага) святла меншы, чым для караткахвалевага (фіялетавага), таму слабей за ўсё адхіляецца чырвонае святло — на 137° 30', а мацней за ўсё фіялетавае — на 139° 20'. У выніку белае святло раскладаецца ў спектр (адбываецца дысперсія святла). Назіральнік, які стаіць спінай да крыніцы святла, бачыць рознакаляровае свячэнне, якое выходзіць з прасторы па канцэнтрычных акружнасцях (дугах).
Часцей за ўсё назіраецца першасная вясёлка, пры якой са святлом адбываецца адно ўнутранае адбіццё. Ход прамянёў паказаны на малюнку справа ўверсе. У першаснай вясёлцы чырвоны колер знаходзіцца звонку дугі, яе вуглавы радыус складае 40-42°.
Часам можна ўбачыць яшчэ адну, менш яркую вясёлку вакол першай. Гэта другасная вясёлка, якая ўтворана святлом, адбітым у кроплях два разы. У другаснай вясёлцы «перавернуты» парадак колераў — звонку знаходзіцца фіялетавы, а ўнутры чырвоны. Вуглавы радыус другаснай вясёлкі 50-53°. Неба паміж дзвюма вясёлкамі звычайна прыкметна больш цёмнае, гэтую вобласць называюць паласой Аляксандра.
З’яўленне вясёлкі трэцяга парадку ў натуральных умовах здараецца надзвычай рэдка, аднак у лабараторных умовах магчыма атрымліваць вясёлкі значна больш высокіх парадкаў.
Святло першаснай вясёлкі палярызаванае на 96 % ўздоўж напрамку дугі, другаснай вясёлкі — на 90 %.
Цікавыя факты У Беларусі выдаецца часопіс «Вясёлка», які дапамагае выхоўваць дзяцей.
Гл. таксама
Глорыя
Крыніцы
Катэгорыя:Атмасферныя аптычныя з’явы