Лясная — рака ў Камянецкім і Брэсцкім раёнах Беларусі, правы прыток Буга. Даўжыня 85 км. Вадазбор 2650 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 13 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,2 ‰. На рацэ горад Каменец.
Гідраграфія Утвараецца ад зліцця рэк Правая Лясная і Левая Лясная за 1 км на ўсход ад вёскі Вугляны Камянецкага раёна, вусце за 0,5 км на захад ад вёскі Церабунь Брэсцкага раёна. Працякае па Высокаўскай раўніне і нізіне Брэсцкага Палесся.
Даліна шырынёй 2—4 км, схілы да 20 м (месцамі да 30 м), перасечаныя лагчынамі, ярамі, асушальнымі каналамі. Пойма двухбаковая, шырынёй 0,2—0,6 км (найбольш 1 км), лугавая, радзей — парослая хмызняком. Рэчышча звілістае, месцамі моцназвілістае. Шырыня ракі ў межань 20—30 м. Берагі вышынёй 1—1,5 м (месцамі 3—4 м), адкрытыя, пад хмызняком. У басейне ракі возера Смуга.
Асноўныя прытокі Справа: Старышоўка, Крывуля, Плеса, Тачыя, Сташоўка, Лютая. Злева: Беразавец, Градаўка, Курніца.
Гаспадарка На рацэ знаходзіцца горад Камянец, каля вёскі Цюхінічы размешчана плаціна.
Выкарыстоўваецца як прыёмнік меліярацыйных сістэм. У пойме ракі ўведзена ў строй ветраная электрастанцыя ВЭС СП БелТрансОйл.
Водзяцца шчупак, лешч, гусцяра, верхаводка, карась залаты і сярэбраны, язь, плотка, краснапёрка, пячкур, лінь, мянтуз, акунь, ёрш.
Гідралагічны рэжым Рэжым ракі вывучаецца з 1928 г. на гідралагічных пастах у горадзе Камянец і вёсцы Цюхінічы Брэсцкага раёна.
Максімальны ўзровень вясновага разводдзя ў канцы 2‑й дэкады сакавіка, сярэдняя вышыня над самай нізкай межанню 1,5 м, максімум 2,1 м (1958). На перыяд вясновага разводдзя прыпадае 43 % гадавога сцёку. Пойма ў час разводдзя затапляецца вадой на глыбіню 0,3–0,8 м тэрмінам да трох тыдняў.
Замярзае ў 3‑й дэкадзе снежня, ускрыццё ў сярэдзіне сакавіка. Вясновы крыгаход працягваецца 6 сутак.
Літаратура
Спасылкі
Сайт ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»
Катэгорыя:Прытокі Буга Катэгорыя:Рэкі Камянецкага раёна Катэгорыя:Рэкі Брэсцкага раёна