Касцёл Узвышэння Святога Крыжа — помнік архітэктуры ранняга барока ў Быстрыцы Астравецкага раёна. Пабудаваны ў сярэдзіне XVI ст. загадам караля Жыгімонта Старога. У 1760 годзе перабудаваны ў стылі ракако.
Гісторыя Першы касцёл канонікаў рэгулярных у Быстрыцы, адзін з першых у ВКЛ, заснаваў у 1390 годзе кароль Ягайла і запісаў яму фундуш. У канцы XIV — пачатку XVI ст. пры касцёле дзейнічаў кляштар белых аўгусцінаў.
У 1523 годзе фундацыяй караля Жыгімонта Старога быў пабудавана, напэўна, новы будынак касцёла. У 1760 годзе перабудаваны Ёганам Крыштафам Глаўбіцам.
У 1865 годзе Быстрыцкі Крыжаўзвіжанскі касцёл перадалі пад праваслаўную царкву. Як праваслаўная царква ён функцыянаваў больш за 50 гадоў. У 1918—1926 гадах будынак вернуты каталікам і рэканструяваны па першапачатковым прызначэнні.
Архітэктура Аднанефны дзвюхвежавы з пяціграннай апсідай (да яе з поўначы прыбудавана сакрысція) мураваны храм мае сіметрычна-восевую падоўжаную кампазіцыю. У сілуэце будынку дамінуюць дзве чатырох’ярусныя вежы галоўнага фасада, лёгкія і струменістыя па архітэктурнай трактоўцы (вязкі пілястраў, скразная аркатура веж, высокія нішы). Вежы аб’яднаны трохвугольным шчытом, за якім схаваны двухсхільны (вальмавы над апсідай) дах. Вертыкальнасць фасаду з увагнута-пукатымі хвалістымі плоскасцямі сцен і карнізнымі паясамі падкрэслівае гарызантальная рустоўка цокаля. Бакавыя фасады і апсіда вырашаныя плоскасна, сіметрычна расчлянёны парамі арачных акон і тонкімі падвойнымі лапаткамі ў прасценках, апяразаны прафіляваным антаблементам. Зала касцёлу перакрытая цыліндрычным на папружных арках скляпеннем, якое пераходзіць у конху апсіды, сакрысція — цыліндрычным з распалубкамі. Скляпенні дэкарыраваны арнаментальнай размалёўкай XIX ст. Сцены крапаваны падвойнымі канеліраванымі пілястрамі, завершаны моцным прафіляваным антаблементам. Пластыка-дэкаратыўны акцэнт інтэр'еру — галоўны алтар, разгорнуты па гранях апсіды і падзелены крапаваным антаблементам на два ярусы. Складаная калонна-пілястравая кампазіцыя першага ярусу, выкананая з карычневага стуку і з пазалотай на капітэлях, фланкіраваная дзвюма драўлянымі скульптурамі апосталаў. У адным барочна-ракайльным стылі зробленыя і два меншыя па маштабе кулісныя алтары. Над уваходам хоры абмежаваныя крывалінейным філёнгавым парапетам.
Помнік рэспубліканскага значэння.
Літаратура
Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 254—255.
Спасылкі
Катэгорыя:Быстрыца (Астравецкі раён) Катэгорыя:Касцёлы Гродзенскай дыяцэзіі Катэгорыя:Касцёлы Астравецкага раёна