Царква Святой Ганны — праваслаўны храм у горадзе Стоўбцах Мінскай вобласці. Цэнтр Стаўбцоўскага благачыння. Знаходзіцца ў цэнтры горада, па адрасе: вуліца Савецкая, 6.
Гісторыя Пабудавана як касцёл у 1825 годзе з цэглы па фундацыі ўладальніка маёнтку князя Адама Чартарыйскага. Абнесена бутавай агароджай з двух’яруснай брамай-званіцай.
Архітэктура
Помнік архітэктуры класіцызму з рысамі барока. Вырашаная цэльным прамавугольным у плане аб’ёмам пад двухсхільным дахам. Галоўны фасад завершаны двух’ярусным фігурным франтонам з увагнутымі бакавымі гранямі і цэнтральнай арачнай нішай, фланкіраванай дзвюма парамі пілястраў. Яркім дэкаратыўным элементам фасаду з’яўляецца рама, размешчаная над цэнтральным уваходам і вырашаная паслядоўна ўпісанымі геаметрычнымі фігурамі — квадрата з раскрапаванымі вугламі і квадрата з васьмівугольнікам. Бакавыя аконныя праёмы фасаду акаймоўваюць простыя ліштвы з несапраўднымі замковымі камянямі і архівольтамі. Фасады рытмічна расчлянёныя арачнымі аконнымі праёмамі ў пластычных ліштвах і пілястрамі дарычнага ордара ў прасценках, апяразаныя спрошчаным антаблементам.
Інтэр’ер Унутры малітоўная зала перакрытая люстравым скляпеннем з падугамі; сцены апяразаны антаблементам, крапаваныя пілястрамі. Над уваходам зробленыя хоры, падтрыманыя чатырма драўлянымі калонкамі. Алтарная частка вылучаная іканастасам чатырох’яруснай сямічасткавай кампазіцыі, расчлянёным канеліраванымі пілястрамі. Завяршаюць кампазіцыю пяць фігурных франтонаў з бакавымі валютамі. Арнаментальна-дэкаратыўны акцэнт іканастаса — разная царскія вароты. Абразы іканастаса размежаваныя на два ярусы антаблементам з трыгліфным фрызам.
Літаратура — С. 235—236
Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
Спасылкі
Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Стаўбцоўскага раёна Катэгорыя:Славутасці Стоўбцаў Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі класіцызм Катэгорыя:1825 год у Беларусі Катэгорыя:Храмы Маладзечанскай епархіі Катэгорыя:Храмы Святой Ганны