Мастацтва Старажытнага Рыма стала адным з важных этапаў у развіцці сусветнай культуры.

Агульныя рысы. Перыядызацыя 3 V ст. да н. э. Рым паступова падпарадкоўвае сабе ўвесь Апенінскі паўвостраў, а ў III—II стст. да н. э. заваёўвае Грэцыю, Усходняе і Паўднёвае Міжземнамор’е. 3 гэтага часу пачынаецца рост магутнасці дзяржавы. Аб'яднанне Італіі пад уладай Рыма стварыла спрыяльныя ўмовы для развіцця рабаўласніцкай эканомікі, сельскай гаспадаркі. Аднак няспынныя ваенныя дзеянні і прыток , ваеннапалонных давалі танную рабочую сілу, што садзейнічала працвітанню дзяржавы, росквіту яе магутнасці. Але менавіта гэта праз некаторы час стала прычынай падзення рэспублікі і ўзнікнення імперыі.

Культуру Рыма падзяляюць на два перыяды: рэспубліканскі (V—I стст. да н. э.) і імператарскі (I ст. да н. э. — V ст. н. э.). Кожны з іх адрозніваецца шэрагам асаблівасцей, народжаных перш за ўсё формай дзяржаўнай улады. Разам з тым паміж імі існуе відавочная пераемнасць. Закладзеныя ў часы ранняй рэспублікі асновы дойлідства, выяўленчага мастацтва, заснаваныя на здабытках культур грэкаў і этрускаў, краін усходу, будуць развівацца і абагачацца, пераўтвараючыся ў дасягненні ўласна рымскай цывілізацыі.

У канцы I ст. да н. э. Рымская дзяржава ў выніку бесперапыннай барацьбы паміж прадстаўнікамі асобных саслоўяў, грамадзянскіх войн і паўстанняў рабоў прыйшла да ваеннай дыктатуры (Сулы, Пампея, Цэзара) і ператварылася з рэспублікі ў імперыю. Афіцыйным напрамкам мастацтва гэтага часу стаў так званы аўгустоўскі класіцызм. Такая назва ўзнікла ад імя першага Імператара Рыма Актавіяна Аўгуста. Гэты напрамак мастацтва характарызуецца ідэалізацыяй, імкненнем да ўслаўлення вярхоўнай улады. Рысы аўгустоўскага класіцызму, набыўшы статус афіцыйнага стылю, у нязначных адрозненнях вызначалі культуру імператарскага Рыма да першых дзесяцігоддзяў нашай эры.

III стагоддзе — перыяд жорсткіх войн, паўстанняў у гісторыі Рыма. Рабаўласніцкія адносіны зжываюць сябе. У грамадстве назіраецца расслаенне на патрыцыяў і свабодных арандатараў (калонаў), што сведчыць аб пачатку працэсу фарміравання новых феадальных адносін. Менавіта гэта і прыводзіць імперыю да распаду. У сярэдзіне III ст. н. э. на тэрыторыю дзяржавы з поўначы нападаюць варвары, з усходу наступаюць персы. Вялікая антычная імперыя гіне пад ударамі знешніх ворагаў і пад уплывам унутраных супярэчнасцей. У гэты час адбываюцца змены і ў рэлігіі. Хрысціянства, якое ўзнікла яшчэ ў I ст. н. э. як неафіцыйная рэлігія, з 313 г. становіцца легальным у дзяржаве, што нясе змены ва ўсіх галінах культуры.

Развіццё старажытнарымскага мастацтва спынілася з распадам імперыі. Тым не менш яго высокія дасягненні адыгралі вызначальную ролю для далейшага развіцця культуры як Еўропы, так і Бліжняга Усходу. Непасрэдным пераемнікам рымскіх мастацкіх традыцый стала Візантыя. Захаваныя помнікі антычнасці натэрыторыі Еўропы паўплывалі на творчасць сярэдневяковых майстроў, прыўнеслі ўжо ў раманскую культуру важныя гарманічныя вобразныя настроі.

Архітэктура

Вядучую і аб'ядноўваючую ролю ў рымскім мастацтве перыяду рэспублікі адыгрывала архітэктура. Будаўніцтва ў асноўным канцэнтравалася ў сталіцы дзяржавы — Рыме, узнікненне якога адносяць да VIII ст. да н.э. Горад фарміраваўся ў межах трох пагоркаў — Капітолія, Палаціна і Квірынала, паміж якімі знаходзілася раўнінная мясцовасць. Менавіта тут склаўся яго цэнтр, галоўная плошча — форум, які аб'ядноўваў у сабе грамадскія, культавыя, прадстаўнічыя і гандлёвыя функцыі. На ім размяшчаліся не толькі будынкі сената, суда, архіва, храмы, але і статуі, трыумфальныя слупы і аркі ў гонар славутых грамадзян, імператараў, важных падзей. Першы варыянт форума склаўся да II ст. да н.э. (форум Раманум), але выгляд яго неаднаразова мяняўся, паколькі ў перыяд ад рэспублікі да імперыі тут узводзіліся асобныя будынкі, новыя коммлексы. Асабліва вялікая іх колькасць узнікла ў эпоху імперыі (форумы Цэзара, Аўгуста, Веспасіяна, Нервы і Траяна), што прывяло да асіметрычнай планіроўкі, у адрозненне, напрыклад, ад Афінскага акропаля, дзе ўсё было гарманізавана і падпарадкавана адзінай задуме ансамбля.

Аснову дасягненняў рымскай архітэктуры трэба шукаць у мастацкай спадчыне грэкаў. Менавіта ад іх рымскія дойліды ўзялі архітраўную (бэлечную) канструкцыю, значна яе ўдасканаліўшы. Не апошнюю ролю адыграла таксама і архітэктура этрускаў, ў якой былі, у прыватнасці, запазычаны скляпеністая і арачная канструкцыі. Яны дазвалялі перакрываць у будынках вялікую ўнутраную прастору. Рымскія архітэктары ўдасканалілі асобныя тыпы будынкаў, вынайшлі новыя, раней невядомыя: амфітэатры, тэрмы, трыумфальныя аркі і слупы, акведукі, масты, дарогі. Яны адкрылі і новы будаўнічы матэрыял — бетон, выкарыстанне якога дазваляла вырашаць разнастайныя складаныя будаўнічыя задачы. У склад бетону уваходзілі вапнавы раствор, шчэбень, а ў якасці напаўняльніка — пуцалана (пясок вулканічнага паходжання). Гэты трывалы матэрыял спрасціў кладку масіўных нясучых канструкцый, забяспечыў гнуткасць і пластычнасць іх форм, дазваляў узводзіць вялікія крытыя будынкі, масты і акведукі з аркамі.

Аб характары рымскай архітэктуры перыяду рэспублікі можна меркаваць па ўмацаваннях Рыма. Першыя гарадскія сцены былі ўзведзены яшчэ пры этрускіх царах у канцы VII — пачатку VI ст. да н.э., а больш познія, так званыя , — у 378—352 гг. да н.э., Аўрэліянавыя — у 272 г. да н.э. Яны ўяўлялі сабой магутныя збудаванні, выкладзеныя з каменных блокаў, у тоўшчы якіх рытмічна чаргаваліся прызматычныя, часткова выступаючыя вежы, знаходзіліся ўязныя брамы з арачнымі завяршэннямі.

Будаўніцтва дарог, акведукаў, мастоў было выклікана практычнымі патрэбамі: развіццём гандлю, ваеннай палітыкай рэспублікі. Самая старажытная з іх — Апіева дарога (312 да н.э., ад імя дзяржаўнага цэнзара Апія Клаўдзія), пракладзеная паміж Рымам і Венузіяй, даўжынёй 350 км. Яна ўяўляла складанае інжынернае збудаванне, якое ўключала аркі, масты, падпорныя сцены. Дарожнае палатно складалася з тоўстых слаёў бетону, шчэбеню, каменных пліт. У часы імператарскага Рыма ўзвялі яшчэ некалькі дарог — Лацінскую, Фламініевую, Касіеву, Клаўдзіеву, Саляную, Аўрэліеву. Для забеспячэння горада вадой была створана сетка акведукаў. Асобныя ніткі некаторых з іх працягнуліся на дзясяткі кіламетраў.

Раннія рымскія масты і акведукі (1-ая пал. II ст. да н.э.) звычайна былі шматарачныя. Гэта было абумоўлена недасканаласцю будаўнічай тэхнікі — найбольшая шырыня пралёта магла складаць толькі 6 м. Пазней былі асвоены прыёмы, дзякуючы якім шырыня перакрываемага пралёта магла дасягаць 10 м і болей. Прыкладам могуць служыць масты Цэсція і Фабрыцыя, якія яб'ядналі берагі Тыбра. Пралёты захаванага моста Фабрыцыя складаюць ужо 24,5 м.

Паступова ў архітэктуру рэспубліканскага Рыма пачынаюць пранікаць элементы грэчаскага мастацтва. Вытанчанасць, раскоша і практыцызм, мэтазгоднасць — рысы, якія адрозніваюць вялікую колькасць будынкаў рымскіх архітэктараў. Яны сведчаць аб аб'яднанні грэчаскіх і этрускіх будаўнічых прыёмаў. Асноўным элементам, запазычаным з Грэцыі, быў ордар. Але рымляне адводзяць ямухутчэй дэкаратыўную ролю, паколькі канструкцыю будынка ўтвараюць арка, слуп і сцяна.

У эпоху рэспублікі галоўнымі тыпамі храма былі псеўдаперыптар з уваходам у будынак з аднаго боку і круглы храм-ратонда. Гэтыя два тыпы храмаў склаліся паступова ў выніку аб'яднання мясцовых, але ў большай частцы — этрускіх і грэчаскіх традыцый. Прыкладамі з'яўляюцца круглыя храмы Весты, узведзеныя ў II—I стст. да н.э. у Цівалі} каля Рыма, на форуме Раманум і Храм Геркулеса на беразе Тыбра, на так званым форуме Боарыум — Бычыным рынку. Там выкарыстаны карынфскі ордар, які ўжо ў той час быў адным з распаўсюджаных. Варыянт храма-псеўдаперыптара прадстаўляе храм Фартуны Вірыліс (I ст. да н.э.) на форуме Боарыум у Рыме, упрыгожаны іанічнымі калонамі.

У II ст. — першай палове I ст. да н.э. склаліся важнейшыя тыпы рымскіх грамадскіх збудаванняў. Базіліка, што звычайна прымыкала да форума і прызначалася для дзелавых сустрэч, гандлёвых здзелак, судовых пасяджэнняў, уяўляла сабой вялікую прамавугольную ў плане залу, цэнтральная частка якой абносілася калонамі. Гэта стварала магчымасць кругавога абходу па перыметры.

У адной тарцовай сцяне знаходзіўся ўваход, насупраць якога размяшчалася ўзвышэнне — трыбунал. 3 часам для базілікі стала характэрна трохнефавая структура з аб'ёмамі, утворанымі двума радамі слупоў. Сцены сярэдняга нефа ўзвышаліся над дахамі бакавых, у іх для асвятлення праразалі аконныя праёмы. Такое кампазіцыйна-прасторавае рашэнне перайшло пазней у хрысціянскае храмавае будаўніцтва і стала называцца базілікальным.

Другім тыпам рымскага будынка былі тэрмы — прыватныя, а затым грамадскія збудаванні, у якіх аб'ядналіся функцыі лазняў і грэчаскіх палестраў. Яны служылі таксама. для сустрэч, дыспутаў, гутарак. У іх склад уваходзілі памяшканні рознага прызначэння, цэнтральным з якіх, як правіла, быў ападзітэрый (раздзявальня). Акрамя гэ-тага меліся фрыгідарый (халодная лазня), тэпідарый (цёплая лазня), кальдарый (гарачая лазня). Ацяпленне тэрмаў ажыццяўлялася гарачым паветрам, якое падавалася па каналах пад падлогай і ў сценах, часам нават у столі.

Вынаходніцтва бетону паўплывала на характар тэатральнай архітэктуры. Першапачаткова гэта былі прыступкава прыўзнятыя і аб'яднаныя ў адзіны аб'ём месцы для гледачоў «кавеа» з роўнай па вышыні сцэнай («скенай»). Вылучалася паўкруглая «архестра», дзе цяпер размяшчаліся ганаровыя гледачы. Праскеніум, які толькі эпізадычна выкарыстоўваўся ў грэчаскім тэатры, стаў галоўнай ігравой пляцоўкай, падобнай сучаснай сцэне. Па сутнасці, былі закладзены канцэпцыі новай структуры як самога тэатральнага будынка, так і суадносінаў глядач — акцёр, якія атрымалі развіццё ў тэатральным мастацтве Новага часу. Менавіта такі выгляд меў тэатр Марцэла ў Рыме (44—17 гг. да н.э.), які ўмяшчаў некалькі тысяч гледачоў. Захаваліся рэшткі паўцыліндрычнага аб'ёму будынка, які ўяўляе сабой двух'ярусную аркаду, дзе слупы і аркі спалучаюцца з прыстаўленымі паўкалонамі і антаблементамі тасканскага і іанічнага ордэраў. Менавіта такі прыём знайшоў далейшае развіццё ў архітэктуры Калізея.

Узводзіліся таксама невялікія, часам крытыя, будынкі («адэоны»), прызначаныя для выступленняў музыкантаў (, I ст. да н.э.), цыркі для конных спаборніцтваў ( ў Рыме, 221 г. да н.э.). Аднак найбольш вядомымі сталі відовішчныя збудаванні чыста рымскага тыпу — амфітэатры, якія сфарміраваліся, відаць, са спалучэння пляцоўкі для дзействаў і двух кавеа, размешчаных люстэркава (, I ст. да н.э.).

thumb|Лоўрэнс Альма-Тадэма. «Інтэр'ер дома Гая Марцыя»

Своеасаблівасць рымскай архітэктуры адлюстравалася таксама ў прыватным жыллёвым будаўніцтве. Арыстакратыя, заможныя асобы ўзводзілі галоўным чынам аднапавярховыя асабнякі (домусы), якія складаліся з афіцыйных парадных і гаспадарчых памяшканняў. Цэнтрамі жылых дамоў былі атрыі (унутраныя двары, перакрытыя дахамі з адтулінамі ў цэнтры для асвятлення і сцёку дажджавой вады) і перыстылі (адкрытыя двары прыватнай часткі дома, абкружаныя па перыметры каланадай, з басейнам, фантанам і кветнікам). Падзел жылля на парадныя і афіцыйныя памяшканні вызначыў сістэму роспісаў інтэрераў і ўвогуле характар тагачаснага манументальнага жывапісу.

Аб характары дойлідства аўгустоўскага перыяду можна меркаваць па храме ў Німе (Паўднёвая Францыя, пач. I ст. н.э.). Ён належыць да тыпу псеўдаперыптэра з развітой унутранай прасторай і вызначаецца гарманічнымі прапорцыямі, пышнасцю аздаблення. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічаў выкарыстаны карынфскі ордэр. Будынак пастаўлены на высокі подыум, яго фасад падкрэслены глыбокім портыкам і лесвіцай, якая да яго вядзе. У адрозненне ад храма Фартуны Вірыліс на форуме Боарыўм у Рыме цэла храма ў Німе больш выцягнутая і блізкая да залатога сячэння.