Лі́рнік — дзве драўляныя скульптуры беларускага скульптара Аляксандра Грубэ (1894—1980), створаныя ў 1925 і 1972 гадах.
«Лірнік» 1925 года
Першы варыянт скульптуры «Лірнік» быў створаны ў 1925 годзе. Захоўваўся ў Беларускім Дзяржаўным музеі, не захаваўся. Вышыня скульптуры складала 83 смКаталог. Сучаснае Беларускае мастацтва. М.Шчакацiхiн. В.Ластоўскi Менск, 1929. Належыць да лепшых работ Грубэ таго часу
Характэрны ўзор імпрэсіяністычнай скульптуры з элементамі эмацыйнай стылізацыі, дзе гэтак тыповая для Беларусі постаць жабрака-лірніка як бы выхаплена з яго звычайнага атачэння і ператворана мастаком у цалкам эмацыйнай вобраз. Вызначаецца псіхалагічнай глыбінёй і дакладнасцю датычна адчутага вобраза, правільна разгаданым мастаком нацыянальным пачаткам, эпічная шырыня якога яядзе ў глыбіню стагоддзяў, асацыіруючыся з былінна-песенным характарам народнай творчасці. «Лірнік» Грубэ — носьбіт духоўнага багацця народа, ахоўнік яго традыцый, выказнік адчаю і нянавісці, што набываліся стагоддзямі.
Выразаная з суцэльнага кавалка дрэва без папярэдніх эскізаў фігура старога лірніка як бы вырастае з цяжкай масы матэрыялу, па паверхні якога скульптар пакідае ўмоўна акрэсленую дэталь даўнейшага музычнага інструмента і вялікія выразныя рукі старога. Увага гледача канцэнтруецца на падоўжным сухім твары, буйныя, быццам застылыя формы якога асацыятыўна пераклікаюцца з грубаватай формай народнай скульптуры. У «Лірніку» Грубэ застаецца ў рамках канёнкаўскіх уяўленняў аб народнай скульптуры, якая спалучае ў сабе стрыманую гармонію скульптурных аб'ёмаў з якасцю і выразнасцю кампазіцыі. Звяртанне да традыцый беларускай народнай разьбы па дрэве ў «Лірніку» выглядае натуральна і арганічна. У няроўнай паверхні скульптуры ўмела выкарыстаны фармальныя магчымасці дрэва ў арганічным зліцці формы і матэрыялу, з наданнем форме амаль што маляўнічага, а не скульптурнага характару, выяўленага ў дробных пераходах святла і цені.
«Лірнік» 1972 года
Другі варыянт скульптуры створаны ў 1972 годзе. З'яўляецца часткай збору Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў Мінску. Памер скульптуры — 100 × 77 × 65 см.
Літаратура
Каталог. Сучаснае Беларускае мастацтва. М.Шчакацiхiн. В.Ластоўскi Менск, 1929 Катэгорыя:Творы Аляксандра Грубэ Катэгорыя:Скульптуры Беларусі XX стагоддзя Катэгорыя:драўляныя скульптуры Катэгорыя:Страчаныя творы Катэгорыя:Экспанаты Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь