Басара́бы (рум. Basarabilor) — дынастыя ўладароў Валахіі ад заснавання на пачатку XIV стагоддзя да сярэдзіны XVII стагоддзя. Прозвішча паходзіць ад родапачынальніка — Басараба, асобы цюркскага, магчыма, кіпчацкага паходжання.

У XV стагоддзі дынастыя Басарабаў падзялілася на дзве канкуруючыя галіны — старэйшая звалася Данешці (ад заснавальніка Дана I), а малодшая — Дракулешці (ад Улада II Дракулы). Пераход у спадчыну стальца з гадамі станавіўся ўсё больш хаатычным, бо ўлада перадавалася не ад бацькі да сына, а легітымавалася баярскім саветам (хоць гэтыя выбары часта мелі фармальны характар). Манаполію Басарабаў на ўладарства ў Валахіі перапыніў у 1592 годзе Аляксандр IV Злы з дынастыі Мушатаў, якія традыцыйна ўладарылі ў Малдове. На пачатку XVII стагоддзя некалькі разоў валашскі сталец займалі прадстаўнікі Магілаў і Краявеску, апошнія лічылі сябе спадчыннікамі згаслай лініі Басарабаў-Данешці. Пазней прэтэнзіі Краявеску на належнасць да старэйшай галіны Басарабаў перанялі ў спадчыну роднасныя ім Брынкавяну. Апошнім з нашчадкаў Улада II на валашскім стальцы быў Міхня III у 1659 годзе.

Імя Басарабаў парадаксальна замацавалася як назва за вобласцю Бесарабіяй, якая гістарычна ўваходзіла ў склад Малдаўскага княства і ўладалі ёй не Басарабы, а Мушаты.

Гл. таксама Спіс кіраўнікоў Валахіі

Спасылкі

Радаводнае дрэва дому Басарабаў

Катэгорыя:Цюркскія дынастыі Катэгорыя:Гаспадары валашскія