Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла — колішні парафіяльны рымска-каталіцкі касцёл у Бабруйску. Рэнесансная святыня, пабудаваная ў 1630-я гады, неаднаразова цярпела ад пажараў і канчаткова згарэла 15 снежня 1885 года.Маліноўскі В. …Толькі касцёл // Наша вера. — 2012. — № 3 (61). Ад касцёла захаваўся падмурак, над якім пазней быў надбудаваны двухпавярховы будынак.Езуіцкі, ці святых Пятра і Паўла? Чаму мы блытаем бабруйскія касцёлы? // 1387.io. — 19 жніўня 2024.

Не варта блытаць гэты парафіяльны касцёл з былым езуіцкім касцёлам Святога Станіслава Косткі, які быў узведзены побач у XVIII стагоддзі і рэшткі якога захаваліся на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці.Як сёння выглядае знутры былы езуіцкі касцёл у Бабруйску? Распавядае і паказвае блогер Validol // Будзьма беларусамі!. — 2 сакавіка 2023.

Гісторыя

Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла быў старажытным парафіяльным касцёлам Бабруйска. Святыня была пабудаваная ў 1630-я гады. У 1648 і 1655 гадах яна цярпела ад пажараў падчас казацкіх нападаў, але пасля гэтага аднаўлялася.

У старэйшай літаратуры заснаванне мураванага касцёла пад тытулам Святых Апосталаў Пятра і Паўла датавалася 1615 годам і звязвалася з бабруйскім старостам Пятром Трызнам, які надаў святыні маёнткі Горбацэвічы, Рывін і Устайла і пасяліў пры ёй езуітаў. Пасля скасавання ордэна езуітаў у 1773 годзе парафія перайшла да свецкага духавенства.Żyskar F. J. Nasze kościoły: opis ilustrowany wszystkich kościołów i parafji znajdujących się na obszarach dawnej Polski i ziemiach przyległych. T. 2: Djecezja mińska. Z. 15: Dekanat ihumeński, Dekanat bobrujski. — Warszawa — Petersburg, 1914. — S. 251—252.

Паводле апісання пачатку XX стагоддзя, сцены парафіяльнага касцёла былі аздоблены роспісам al fresco; у святыні знаходзіўся абраз Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, які шанаваўся як цудатворны, а таксама партрэты караля Жыгімонта III Вазы і фундатара Пятра Трызны.

У ліпені 1859 года касцёл зноў пацярпеў ад пажару, выкліканага ўдарам маланкі ў касцёльную вежу. Пасля гэтага храм адрамантавалі, аднак пажар 15 снежня 1885 года нанёс яму непапраўную шкоду. У апісанні 1914 года пажар 1885 года звязваўся з неасцярожнасцю арганіста; адзначалася, што пасля пажару засталася толькі частка муроў і згарэлыя дахі.

Пасля пажару рэшткі касцёла перадалі вайсковаму ведамству. Праз некалькі гадоў сцены разабралі да падваконняў, а ў пачатку XX стагоддзя на падмурку ўзвялі двухпавярховы будынак казармы. У міжваенны час у ім размяшчалася аптэкарскае сховішча, у савецкі час — вайсковая школа кухараў № 168. Падмурак былога касцёла знаходзіцца справа ад былога езуіцкага касцёла, калі стаяць тварам да ўваходу ў яго; старая частка муравання яшчэ праглядаецца ў пазнейшым будынку.

Пасля пажару ўратаваныя касцёльныя рэчы перанеслі ў суседнюю двухпавярховую плябанію. Адзін з яе пакояў быў прыстасаваны пад капліцу, якая змяшчала каля 70 чалавек. Паколькі з 1810 года землі з парафіяльным касцёлам і плябаніяй апынуліся ў межах Бабруйскай крэпасці, каталіцкая супольнасць пачала дамагацца месца для будаўніцтва новай святыні ў іншай частцы горада.

У 1895 годзе на Слуцкім фарштаце, па вуліцы Разенмаркаўскай, пачалося будаўніцтва новага драўлянага касцёла і плябаніі. Богаслужэнні ў ім пачаліся ў 1896 годзе. Пасля пажару 1901 года на гэтым месцы быў закладзены мураваны касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Адрозненне ад езуіцкага касцёла

У крыніцах і даведніках сустракаецца атаясамліванне касцёла Святых Апосталаў Пятра і Паўла з былым езуіцкім касцёлам. Аднак Маліноўскі асобна называе парафіяльны касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла, які згарэў у 1885 годзе, і былы езуіцкі касцёл 1747 года, прыстасаваны ў 1810 годзе пад артылерыйскі цэйхгаўз.

Былы езуіцкі касцёл таксама апісваецца як асобная святыня, узведзеная побач з парафіяльным касцёлам Святых Апосталаў Пятра і Паўла і асвечаная ў гонар Святога Станіслава Косткі.

Галерэя

Гл. таксама

Касцёл Святога Станіслава Косткі і калегіум езуітаў (Бабруйск) Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Бабруйск) Бабруйская езуіцкая рэзідэнцыя

Крыніцы

Літаратура Малiноўскi В. Л. I будуць расчынены брамы : гісторыя касцёлаў Бабруйска. — Мінск : Про Хрысто, 2008. — 112 с., л. фат. — ISBN 978-985-6628-99-9. Żyskar F. J. Nasze kościoły: opis ilustrowany wszystkich kościołów i parafji znajdujących się na obszarach dawnej Polski i ziemiach przyległych. T. 2: Djecezja mińska. Z. 15: Dekanat ihumeński, Dekanat bobrujski. — Warszawa — Petersburg, 1914.

Спасылкі

Катэгорыя:Колішнія касцёлы Магілёўскай вобласці Катэгорыя:Касцёлы Бабруйска Бабруйск Катэгорыя:XVII стагоддзе ў Бабруйску