Спаса-Праабражэнская царква — праваслаўная царква ў в. Дзікушкі Лідскага раёна.
Гісторыя Лічыцца, што ў 1442 г. прыход у Дзікушках ужо існаваў. Газета «Литовские епархиальные ведомости» пісала, што Скуміны пабудавалі тут царкву ў 1598 г.. Аднак паводле адных дакументаў Дзікушская царква фундацыі Скумінаў-Тышкевічаў, паводле іншых — фундацыя Мялешкаў. Магчыма справа ў тым, што гэта была ўжо другая драўляная царква на гэтым месцы — першую фундавалі Скуміны-Тышкевічы, а другую — Мялешкі.
З актаў візітаў бачна, што пры канцы XVIII ст. царква была «драўляная, на падмурку, добра пабудаваная, з склепам, гонтай крытая, з па-мастацку зробленымі крыжамі, з дзвюмя вежамі на якіх жалезныя пазалочаныя крыжы, пасярэдзіне фацыята з жалезным пазалочаным крыжам, па баках два бляшаныя вазоны, па сярэдзіне купал з жалезным пазалочаным крыжам, на гэтым крыжы чатыры меншыя пазалочаныя крыжы. Усе гэтыя крыжы з бляшанымі падстаўкамі-ножкамі. Могілкі агароджаны плотам з старой парушанай званіцай на слупах, саломай крытай, з трыма званамі і сігнатуркай …. Хоры ўпрыгожаны балясамі і гзымсамі. Столь з дошкі, падлога з цэглы. Лаўкі з абодвух бакоў сталярнай работы, з правага боку сакрысціі, дзверы на жалезных завесах з унутраным замком. Два вялікія акны з белага шкла, апраўленага ў дрэва. Прастол з шуфлядамі, дзе знаходзяцца царкоўныя рэчы. Амбон пафарбаваны, сніцарскай работы, пры амбоне, перад вялікім алтаром, пафарбаваныя балясіны стрыжнямі жалезнымі падпёртыя, з дзверцамі на падвойных жалезных завесах з пакрывалам гарусавым чырвоным, пры якіх спавядальня сталярнай работы. … Царква мае восем калон …».
Мелася капліца «пры плябаніі старая, гонтай крытая, з малым купалам і крыжам жалезным. Уваход у яе праз бабінец, падвойныя дзверы на завесах жалезных з зашчапкамі, прабоямі і замком унутраным …». Ранейшая капліца была ў вёсцы Макары. Па класіфікацыі беларускага гісторыка Д. Лісейчыкава, плябань адносілася да багатых, бо акрамя вялікай колькасці пабудоў (нават свой бровар і лазня) мела ажно 7 прыгонных сямей, якія адпрацоўвалі паншчыну: мужчыны 3 дні ў тыдзень, а жанчыны — 2 дні ўзімку і 4 падчас уборкі ўраджаю.
У першай палове XIX ст. драўляная царква прыйшла ў заняпад. У 1825 годзе святар Баброўскі, канонік Брэсцкага капітула паведамляў: «Дзікушская царква з-за сваёй старасці пагражае разваліцца, а таму лепей было б яе апячатаць», і таму было вырашана «звярнуцца да яснавяльможнага пана калятара ці да ўладальніка маёнтка, на зямлі якога знаходзіцца царква, каб замест старой … пачаў мураваць у Дзікушках новую царкву».
Пасля скасавання уніі ў Дзікушскі прыход Літоўскай епархіі, на месца, дзе раней працаваў святар Канеўскі, будучы мітрапаліт Іосіф Сямашка ўладкаваў свайго бацьку, таксама Іосіфа Сямашку, які страціў месца святара ў Кіеўскай губерні. Пасля таго, як Сямашка-бацька прыняў праваслаўе, ён быў высвечаны ў 1840 г. у Жыровічах на званне саборнага протаіерэя і ўзнагароджаны залатым наперсным крыжам. Сямашка-бацька разам з жонкай пераехаў на Лідчыну, у Дзікушках яны пражылі 15 гадоў. Сын-мітрапаліт наведваў іх адзін-два разы ў год.
Мураваная Праабражэнская царква, пра неабходнасць якой пісалася яшчэ ў 1825 г., была пабудавана мясцовым абшарнікам Рафаілам Грабоўскім як уніяцкая і асвечана ў 1840 г. Гэтая царква, адразу пасля заканчэння будаўнічых работ, часова была пакрытая саломай. 26 красавіка 1842 г. загарэлася карчма, размешчаная каля царквы. Пажар хутка перакінуўся на саламяны дах храма, у якім якраз ішло набажэнства. Усе драўляныя часткі царквы згарэлі, выратавалі толькі царкоўнае начынне. На ўзнаўленне і ўпрыгожанне Дзікушскай царквы настаяцель Сямашка зрабіў значныя ахвяраванні. Ён набыў 130 пудоў ліставога жалеза і пабудаваў новы бляшаны дах, збудаваў мураваную званіцу і мураваную агароджу вакол царквы. Акрамя таго, быў уладкаваны іканастас, на двух ярусах якога стаялі абразы апосталаў, прарокаў, Спаса, Тайнай вячэры, а абраз Бога Айца быў прымацаваны да столі над прастолам.
Ад Скуміных-Тышкевічаў у прытворы царквы яшчэ ў ХІХ ст., у раме, знаходзілася перанесеная са старой драўлянай царквы, пабітая мармуровая пліта памерам 3х1,5 аршыны (1 аршын = 0,711 м) і таўшчынёй у 0,5 аршына. На гэтай пліце меўся стараславянскі надпіс, тэст якога яшчэ ў XIX ст. занатаваў мясцовы настаўнік. У цэнтры верхняй часткі пліты, вырабленай з чорнага мармуру, мелася выява чэрапа і перакрыжаваных касцей, па кутах пліты выявы гербаў «Корчак» і «Корсак». Надмагілле багата аздобленае раслінным арнаментам і ў цэлым выканана на вельмі высокім мастацкім узроўні. Менавіта пра гэтае надмагіле пісаў Яўстах Тышкевіч у кнізе «Надмагіллі сям’і Тышкевічаў». Да нашага часу захавалася толькі ніжняя частка надмагілля, якая захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры ў Мінску. Надпіс на надмагіллі, па сутнасці, прадстаўляе разгорнутую біяграфію нябожчыцы з апісаннем рыс яе характаруДзяніс Лісейчыкаў. Надмагільныя камяні з «рускімі» надпісамі XVI—XVII стст. каля вёскі Малькавічы :
.
Яшчэ ў канцы ХІХ ст. у царкоўнай рызніцы захоўвалася рукапіснае з кінаварру Евангелле. Дата напісання ў самім рукапісе не ўказана, але на срэбнай дошчачцы вокладкі пастаўлены 1587 г.
Архітэктура Помнік архітэктуры ампіру. Вырашана прамавугольным у плане аб’ёмам пад 2-схільным дахам з карнізам на дэнтыкулах. Фасад аформлены 2-калонным порцікам у руставаных антах дарычнага ордэра. Над трохвугольным франтонам узнята цыбулепадобная галоўка. Бакавыя плоскасныя фасады рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Побач сярод бутавай агароджы пастаўлена мураваная 4-гранная шатровая званіца з арачнымі прасветамі.
Літаратура Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4. Лаўрэш Леанід. Прыход у Дзікушках // Лідскі летапісец № 1(73)-2016. C. 15-29. // на pawet.net Спіс вернікаў Дзікушскай царквы, 1829 г. // Лідскі Летапісец 3(75)-2016. С. 26-40. // на pawet.net Лаўрэш Леанід. Неаунія ў Дзікушскай царкве Лідскага павета ў 1925 г. // Гадавік Цэнтра Беларускіх Студыяў. Варшава, 2019. № 5. С. 78-90. // на pawet.net
Спасылкі
Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Лідскага раёна Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі ампір Катэгорыя:З’явіліся ў 1840 годзе Катэгорыя:Дзікушкі Катэгорыя:Храмы Лідскай епархіі Катэгорыя:1840 год у Беларусі