Вячаслаў Леанідавіч Насевіч () — беларускі гісторык, генеалог, археолаг, архівіст. Спецыяліст па гістарычнай і архіўнай інфарматыцы, ранняй палітычнай гісторыі ВКЛ. Кандыдат гістарычных навук (1991).

Біяграфія Скончыў у 1982 годзе факультэт журналістыкі БДУ па спецыяльнасці «Журналістыка».

У 1983—1993 гадах працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР: лабарант, навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі зон новабудоўляў, аддзела археалогіі сярэдневяковага перыяду; навуковы супрацоўнік аддзела спецыяльных гістарычных навук.

У 1991 годзе саіскальнік на кафедры археалогіі гістарычнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Папуляцыйна-дэмаграфічныя працэсы ў эпоху ніжняга і сярэдняга палеаліту (Досвед камп’ютарнага мадэлявання)».

У 1993—1997 гадах у Камітэце па архівах і справаводству Рэспублікі Беларусь: загадчык аддзела дзяржаўнай геральдычнай службы, загадчык аддзела геральдыкі і генеалогіі. У 1998—2020 гадах дырэктар Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі. У 1994—2020 гадах выкладаў на гістарычным факультэце БДУ, у 1998 і 2000 гадах на гістарычным факультэце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Член Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (2007).

У 1993—2007 гадах член Асацыяцыі «Гісторыя і камп’ютар» краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

У жніўні 2020 года падпісаў зварот беларускіх навукоўцаў супраць гвалту.

Навуковая дзейнасць Асноўныя кірункі навуковай дзейнасці: гісторыя Беларусі ў перыяд феадалізму, найперш праблема ўтварэння і тэрытарыяльнага фарміравання Вялікага Княства Літоўскага; з дапаможных гістарычных дысцыплін: гістарычная геаграфія і картаграфія, генеалогія, гістарычная дэмаграфія, гістарычная і архіўная інфарматыка.

Аўтар каля 350 прац (на сярэдзіну 2003), між іншым, 2 навукова-папулярныя манаграфіі, 182 энцыклапедычныя артыкулы і 47 гістарычных карт для «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» і «Беларускай энцыклапедыі», 6 гістарычных карт для «Нацыянальнага атласа Беларусі» і інш. Асноўныя распрацоўкі ў галіне гістарычнай інфарматыкі — імітацыйная мадэль папуляцыйна-дэмаграфічных працэсаў у старажытным грамадстве (1987—1990), структура генеалагічнай базы даных «Радавод» для Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (1993—1994), гістарычная геаінфармацыйная сістэма «Губернія» і сеціўная пляцоўка «Архівы Беларусі» (з 1998), мадэль-рэканструкцыя жыццёвага цыклу традыцыйнай сялянскай гаспадаркі (з 1993).

Узнагароды Лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» (2020) за выданне «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі».

Бібліяграфія Беларусы: станаўленне этнасу і нацыянальная ідэя. — Смаленск, 2015. Традиционная белорусская деревня в европейской перспективе. — Минск, 2004. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мінск, 1993. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12-18 стагоддзяў. — Мінск, 1993. Удзел у калектыўных працах Гістарычны атлас Беларусі. — Мінск, 2020. Вялікі гістарычны атлас Беларусі: у 4 т. Т. 1. — Мінск, 2020. Вялікі гістарычны атлас Беларусі: у 4 т. — Мінск, 2009—2018 (прэмія «За духоўнае адраджэнне», 2020) Вялікія князі Вялікага Княства Літоўскага: [для сярэдняга і старэйшага школьнага ў зросту]. — Мінск, 2017. Беларусь. Свой посад меж народами [Электронный ресурс]: Беларусь в международных отношениях в XVIII веке. — Минск, 2011. Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 2: Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага. Мінск, — 2008. Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя: у 3 т. — Мінск, 2007—2010. Нацыянальны атлас Беларусі. — Мінск, 2002. Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. — Мінск, 1996—2004. Нарысы гісторыі Беларусі: у 2 ч. Ч. 1. — Мінск, 1994. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Мінск, 1993—2003.

Крыніцы

Літаратура

 — С. 166.

Спасылкі https://nasevich.net/ — персанальны сайт Вячаслава Насевіча

Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі Катэгорыя:Архівісты Беларусі Катэгорыя:Генеалогі Беларусі Катэгорыя:Археолагі Беларусі Катэгорыя:Даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага