Беларускі фальклор (англ. folklore — народныя веды, народная мудрасць) — сукупнасць розных відаў народнага мастацтва беларусаў, такіх як вусна-паэтычная творчасць, народная музыка, танцы, разнастайныя віды прыкладнога мастацтва, народны тэатр. Пераважна ўжываецца для абазначэння мастацтва слова — вусна-паэтычнай творчасці.
Разам з тым фальклор разумеецца не толькі як сукупнасць жанраў вуснай народнай творчасці, але і як сістэма поглядаў на навакольны свет, традыцыйная духоўная культура ў цэлым у шматлікіх яе выяўленнях. Таму фальклор знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад міфалогіі, абраднасці, мовы і г. д., а самі фальклорныя жанры разглядаюцца не толькі ў мастацкім аспекце, але і як функцыянальны складнік народнага жыцця.
На працягу многіх стагоддзяў фальклор жыў у асяроддзі сваіх стваральнікаў, чуйна рэагуючы на ўсе змены, што несла з сабой гістарычнае развіццё і ў быце, і ў светапоглядзе, і ў сацыяльных стасунках. Фальклор — мастацкі летапіс народа, але гэта толькі адна, прычым не самая галоўная яго функцыя. Ён — захавальнік працоўнага вопыту, які перадаваўся з пакалення ў пакаленне, і ў той жа час узбуджальнік творчай энергіі, новых ідэй і нават пэўных тэхнічных рашэнняў, якія з цягам часу рэалізоўваліся ў адпаведных умовах. Вусна-паэтычная творчасць замацоўвала многія маральна-этычныя нормы, якія рэгулявалі адносіны людзей у грамадстве і ў сям’і. Дзякуючы гэтым нормам чалавек доўгі час жыў у суладдзі з прыродай, абагаўляў і абараняў яе, ахоўваючы тым самым сваё асяроддзе існавання. Сямейная абрадавая паэзія, шматлікія прыказкі і прымаўкі і многія іншыя творы былі накіраваны на ўмацаванне сям’і і сямейных адносін, на выхаванне новых пакаленняў у адпаведнасці з высокімі нормамі і патрабаваннямі народнай маралі. Тая ж мараль патрабавала ад людзей справядлівасці, праўдзівасці, працавітасці і многіх іншых якасцей, якія адносяцца да агульначалавечых каштоўнасцей. Але фальклор найперш — з’ява мастацтва, дзе ўсё багацце ідэй выяўляецца праз мастацкія вобразы.
Сваю важную ўласцівасць — задавальненне эстэтычных патрэб народа — фальклор не страціў да нашага часу. Галоўная асаблівасць фальклору выцякае са спосабу яго існавання. Перадача і захаванне тэкстаў магчымыя толькі пры непасрэднай камунікацыі людзей. Захоўваць і перадаваць тэкст без яго перыядычнага ўзнаўлення нельга. Падключэнне пісьмовасці ўносіць свае карэктывы ў бытаванне фальклору. Фальклорны тэкст — гэта заўсёды адносна ўстойлівая камбінацыя элементаў традыцыі, якая ўзнікае пры кожным новым выкананні. Амаль заўсёды маюць месца пэўныя адрозненні, аднак важна не разыходжанне варыянтаў, а іх супадзенне, агульная сэнсавая аснова. Падобнае вар’іраванне неабходнае для жыцця здольнасці саміх фальклорных тэкстаў.
Жанравая сістэма Жанравая сістэма фальклору абумоўлена структурамі міфалагічнага мышлення, сітуацыяй рэлігійнага абраду ці рытуалізаванага быту. Вызначальныя прыкметы жанру знаходзяцца не толькі ў сістэме паэтыкі ці структуры тэкстаў, а ў значнай ступені ў кантэкстна-сітуатыўных умовах іх бытавання. З цягам часу шэраг жанраў аддаляецца (не парываючы цалкам) ад абрадава-міфалагічнага кантэксту і пачынае развівацца ўжо па законах самой вуснай творчасці, што, у сваю чаргу, прыводзіць да фарміравання яе ўласнай жанравай прасторы. Аднак адбываецца гэта не заўсёды і не цалкам. Так, сувязь з рытуальна-магічнымі гульнямі характэрна для шэрагу песенных тэкстаў, інструментальнай музыкі, празаічных жанраў. Наогул, нават адарваўшыся ад абрадавай стыхіі, народная песня захоўвае з ёй жывую сувязь.
У сістэме жанраў выразна вылучаюцца апавядальныя жанры, песенная лірыка, абрадавая паэзія, так званыя малыя жанры, народны тэатр, дзіцячы фальклор, інструментальная музыка, народныя танцы. Прынята вылучаць эпічны, лірычны і драматычны роды з адпаведнай жанравай класіфікацыяй. У эпічны род уключаны дзве групы — славесная і славесна-музычная. У першую ўваходзяць жанры: прыказкі, прымаўкі, загадкі, сказы, паданні, легенды, казкі, анекдоты, былічкі, у другую — эпічная песня-сказ, эпічная песня.
Замовы
Да ліку найбольш архаічных фальклорных жанраў адносяцца замовы — рытмічна арганізаваныя творы формульнага характару, якім надавалася сіла магічнага ўздзеяння для дасягнення розных практычных мэтаў. Гэтыя тэксты дэманструюць уласцівую традыцыйнаму светаразуменню сістэму камунікавання чалавека з усім сусветам. З іншага боку, няма больш прагматычнага жанру народнай творчасці, замова — дзейсны інструмент уздзеяння на навакольную рэчаіснасць. Утылітарная накіраванасць замоў ляжыць у аснове іх класіфікацыі. Замовы выкарыстоўваюцца ў гаспадарчай, асабістай, сацыяльнай сферах, практычна ва ўсіх выпадках жыцця. Адсюль іх падзел на прамысловыя (гаспадарчыя), лекавыя, любоўныя і сацыяльна-побытавыя.
У наш час у вясковым асяродку замовы (пераважна лекавыя) працягваюць бытаваць, не страціўшы свайго функцыянальнага прызначэння. Функцыянальнасць фальклору абумоўлівае наяўнасць у ім фальклорна-этнаграфічных комплексаў — каляднага, масленічнага, траецкага, купальскага, вясельнага, народнай медыцыны, ветэрынарыі, метэаралогіі, у якіх аб’ядноўваюцца творы розных жанраў, складаючы адзінае ўтварэнне, падпарадкаванае адзінай мэце. Таму абрадавая паэзія павінна разглядацца як сістэма гэтых комплексаў, у якіх можна вылучыць і элегічныя, і жартоўныя, і віншавальныя песні, і карагоды, і прыгаворы, замовы, іншыя жанравыя ўтварэнні.
Абрадавы фальклор
Абрадавы фальклор — сукупнасць розных жанраў народнай творчасці (песні, танцы, музыка), якія суправаджалі традыцыйныя рытуалы беларусаў; падзяляецца на каляндарна- і сямейна-абрадавы фальклор.
Каляндарна-абрадавы фальклор
Фальклор каляндарна-абрадавы — комплекс славесных, песенных, гульнёвых і іншых жанраў, звязаных з рытуаламі каляндарнага цыкла, што былі неад’емнай часткай жыцця і гаспадарчай дзейнасці земляроба на працягу года. Каляндарна-абрадавы фальклор беларусаў канцэнтруецца ў асноўным вакол старажытных аграрных святаў і генетычна ўзыходзіць да эпохі славянскай і нават індаеўрапейскай агульнасці. Назіранні за астранамічнымі з’явамі, зменамі ў прыродзе, феналагічнымі цыкламі раслін і фізіялагічнымі цыкламі жыцця яшчэ ў пракаветныя часы склаліся ў цэльную міфалагічную карціну свету, што знайшло сваё адлюстраванне ў каляндарна-абрадавым фальклоры. З дапамогай рытуалаў і абрадавых песень, якія мелі заклінальна-магічны характар, чалавек імкнуўся ўплываць на Сусвет з мэтай забеспячэння аптымальнага жыццяладу (ураджаю, здароўя, працягу роду). З развіццём грамадства каляндарна-абрадавая паэзія пачала адлюстроўваць працоўную дзейнасць селяніна, сацыяльны падзел грамадства, маральна-этычныя ўяўленні народа, паэтычнае сузіранне свету.
Кожная пара года мела адпаведныя рытуалы, звычаі, песеннае суправаджэнне. Агульнымі ў іх былі аграрная аснова, мэтавая ўстаноўка, паасобныя матывы. Усе абрадава-песенныя комплексы прасякнуты клопатам пра будучыню сялянскага двара і сям’і: своечасова засеяць ніву, вырасціць і сабраць ураджай, уратаваць яго ад стыхіі, а статак — ад паморку і звяроў. Уключае больш за 25 песенных разнавіднасцей і ў залежнасці ад сезонных перыядаў падзяляецца на веснавы, летні, восеньскі і зімовы цыклы.
Зіма: калядныя (з імі змыкаюцца піліпаўскія і песні рытуальных ігрышчаў — «Яшчара», «Жаніцьбы Цярэшкі», якая складае адметнасць падзвінскіх Калядаў). Піліпаўскія песні спявалі ў час попрадак на працягу перадвелікоднага шасцітыднёвага Піліпаўскага посту (з 28 лістапада па 6 студзеня н. ст.). На попрадках праллі-песенніцы ўздымалі шмат важных праблем, што тычыліся жыцця сям’і, роду, вясковай супольнасці і вырашаліся яны на падставе кодэкса народнай маралі і этыкі. Асноўны сэнс калядак і шчадровак заключаўся ў пажаданні гаспадарам шчасця, здароўя, добрага ўраджаю напярэдадні Новага года. Вясна: масленічныя (што знаходзяцца на мяжы зімы і вясны), загукальныя, юраўскія, велікодныя, мікольскія, русальныя, траецкія (сёмушныя), песні абрадавых карагодаў «Пахаванне стралы» і «Ваджэнне куста». Валачобныя песні складаюць спецыфіку і нацыянальную адметнасць беларускай каляндарнай песеннасці. З эпічным размахам яны падаюць як касмалагічныя матывы стварэння свету, так і цэлы гаспадарчы год селяніна-земляроба. Цэнтральны вобраз юраўскіх песень — святы Юр’я, да якога звяртаюцца са сваімі жыццёвымі гаспадарчымі патрэбамі, просячы яго выпускаць расу «на цёплае лета, на буйное жыта». Лета: купальскія і пятроўскія, жніўныя. Купалле з яго семантыкай кульмінацыйнай вітальнасці і росквіту суправаджаецца ў беларусаў песенным багаццем, а таксама шэрагам балад з міфалагічнымі матывамі. У матывах і вобразах жніўных песень закадзіраваны цэлы пласт светапоглядных, сацыякультурных, псіхалагічных з’яў, праяўленняў стасункаў чалавека з прыродай, асэнсаваных паэтычна. Восень: ільняныя, талочныя (апошнія бытавалі і ў межах летне-асенняга сезону). Спявалі восенню ў час працы ўключна да Пакроў. У восеньскіх песнях пануе тэма замужжа, развітання дзяўчыны з родным домам.
Сямейна-абрадавы фальклор Фальклор сямейна-абрадавы — адзін з важнейшых відаў народнай творчасці беларусаў, які мае сваю сістэму жанраў, непарыўна звязаных з пэўнымі рытуаламі сямейнага цыкла. Гэта вынік арганічнага ўзаемадзеяння вялікай колькасці рознастадыяльных і рознахарактарных кампанентаў, у якіх адбіліся як сацыяльна-прававыя стасункі (структура сям’і, рэлігійнасць, маральна-этычныя нормы, асаблівасці традыцыйнай матэрыяльнай культуры), так і ўласна мастацкае бачанне рэальнасцяў акаляючага свету і чалавека ў ім. Сямейна-абрадавы фальклор генетычна звязаны з культам продкаў і анімістычнымі вераваннямі. Яго дамінантнай функцыяй была утылітарна-магічная, якая мусіла забяспечыць чалавеку аптымальную жыццёвую долю як на «гэтым», так і на «тым» свеце. Адпаведна з трыма асноўнымі рытуаламі, вылучаюць радзінны, вясельны і пахавальны (галашэнні) фальклор.
У час хрэсьбін найбольш старажытнымі з’яўляюцца заклінальныя песні і велічальныя хрэсьбінныя. Заклінальныя песні мелі на мэце з дапамогай звышнатуральных сіл забяспечыць здароўе і шчасце парадзіхі і нованароджанага. У гэтых песнях нярэдка галоўнай дзеючай асобай была бабка, якая выконвала ролю пасрэдніцы паміж таямнічымі сіламі прыроды або Богам, заклікала іх даць дзіцяці добрую долю.
Надзвычайным багаццем вылучаецца паэзія беларускага вяселля, важнейшае месца ў якім займалі песні. Усе этапы вяселля: Сватанне — Запоіны — Заручыны — Суборная субота, або Дзявочнік — Каравай — Пасад нявесты і жаніха — Выпраўленне маладых да шлюбу — Шлюб — застольныя ўрачыстасці — Пярэзвы суправаджаліся песнямі, якія выконваліся ў пэўным парадку, адлюстроўвалі абрадавыя дзеянні, традыцыйна рэгламентавалі ролі ўдзельнікаў шлюбнай урачыстасці і інш. У вясельнай паэзіі вылучаюцца велічальныя, лірычныя, цырыманіяльна-рытуальныя, сатырычна-гумарыстычныя песні, прыпеўкі і інш. Песні, зычэнні, тосты разам з іншымі рытуальнымі дзеяннямі павінны былі магічна спрыяць шчасцю маладых, іх дабрабыту, росту сям’і, ураджаю на палях, прыплоду ў хлявах.
Галашэнні — імправізаваныя творы, у якіх выкарыстоўваліся традыцыйныя народныя формулы, мастацкія прыёмы і сродкі для аплаквання памерлых.
Празаічныя жанры Празаічныя жанры фальклору падзяляюцца на казкавыя і няказкавыя (легенды, паданні, былічкі і інш.).
Казкі Казка — адзін з асноўных відаў вуснай народнай прозы. Ад іншых вусных аповядаў, што паведамляюцца з інфарматыўнымі мэтамі, казку адрознівае арыентацыя на выдумку — іх расказваюць для забавы і павучання. Вылучаюць тры асноўныя разнавіднасці казак: пра жывёл, чарадзейныя, сацыяльна-бытавыя.
Найбольш старажытнымі з’яўляюцца чарадзейныя казкі, матывы і сюжэты якіх могуць быць патлумачаны ў святле рытуальна-міфалагічнай семантыкі. Але, як непраўдзівая проза, казка магла скласціся толькі ў часы разлажэння першабытнаабшчыннага ладу, калі найбольш архаічныя пласты міфалогіі ўжо рабіліся матэрыялам для мастацкай выдумкі. Разам з тым казкі адлюстроўваюць спецыфіку міфалагічнага мыслення і светаўспрымання.