Праславя́нская мова — рэканструяваная, пісьмова незасведчаная прамова (мова-продак) усіх моў славянскай галіны, індаеўрапейскай сям'і моў. Прадстаўляе сабою славянскае маўленне ў перыяд V—ІХ стст. н.э. Як і для большасці іншых прамоў, ніякіх пісьмовых помнікаў праславянскай мовы не знойдзена. Сама мова аднаўляецца дзякуючы з прыцягненнем вядомых славянскіх і іншых індаеўрапейскіх моў.
Імклівае развіццё мовы звязваецца з пашырэннем арэалу ўжывання мовы. Ужо ў пачатку гэтага перыяду мова пачала распадацца на дыялекты, але агульнае моўнае адзінства і ўзаемазразумеласць сярод носьбітаў мовы захоўвалася да Х ст. або нават пазней. У гэты час у праславянскай мове развіваецца мноства гукавых змен, часта раўнамерных па ўсім арэале мовы. Таму, строга кажучы, праславянская мова не адпавядае традыцыйнаму азначэнню протамовы, як найпазнейшай аднавімай агульнай мовы-продка, унутры якой няма раздзялення на дыялекты. Увесь перыяд гэтага дыялектна падзеленага моўнага адзінства ў праславянскай мове разглядаецца як агульнаславя́нскі.
Эпоху існавання праславянскае мовы ўмоўна дзеляць на тры перыяды: ранні (дыялектныя адрозненні вельмі нязначныя або наогул адсутнічаюць), сярэдні (дыялектныя адрозненні ад невялікіх да ўмераных) і позні (славянскія гаворкі значна адрозніваюцца). Позні перыяд праславянскае мовы часам згадваецца як сярэднеагульнаславянскі. Мова, апісаная ў гэтым артыкуле, у асноўным адпавядае маўленню VII—VIII стст. і таксама не засведчана пісьмова, але да яе ў пэўнай ступені блізкі дыялект грэчаскай Македоніі ІХ ст. (гл. стараславянская мова).
Гісторыя Праславянская мова ўтварылася ў выніку распаду праіндаеўрапейскае мовы. Акрамя гэтага, існуюць тэорыі, якія прапаноўваюць аб'яднанне славянскай і балцкай галін унутры індаеўрапейскай сям'і (гл. балта-славянскія мовы) і, адпаведна, падразумяваюць паходжанне прабалцкай і праславянскай моў у выніку вылучэння з праіндаеўрапейскай мовы прабалцкае мовы, якая пазней распалася на прабалцкую і праславянскую мовы. У другой палове І тыс. н.э., разам з імклівым ростам славянамоўнага арэала, пачаўся працэс распаду праславянскае мовы на асобныя мовы.
У сучасным мовазнаўстве няма згоды наконт перыядызацыі праславянскае мовы або тэрмінаў для апісання гэтых перыядаў. У гэтым артыкуле выкарыстоўваецца наступная схема развіцця праславянскае мовы:
Даславянскі (каля 1500 г. да н.э. — 300 г. н.э.). Доўгі, стабільны перыяд паступовага развіцця, які, сярод іншага, характарызуецца, значнымі фаналагічнымі зменамі ў сістэме прасодыі (тон, націск, рэгістр); Раннеславянскі (каля 300—600 гг. н.э.). Перыяд існавання аднастайнага маўлення, падчас якога пачалі развівацца працяглыя змены ў фанетыцы і фаналогіі. Для гэтага перыяду не аднаўляюцца дыялектныя адрозненні, што дазваляе лічыць маўленне гэтага часу агульным продкам славянскіх моў; Сярэднепраславянскі (прыкладна 600—800 гг. н.э.). Этап, калі ўжо можна распазнаць найранейшыя дыялектныя адрозненні. Славянамоўны арэал пашыраецца. Працягваюцца змены ў фанетыцы і фаналогіі. Незважаючы на існаванне нязначных дыялектных адрозненняў, большасць гукавых змен заставаліся аднастайнымі і паслядоўнымі; да канца гэтага перыяду зычныя і галосныя ў асноўным супадалі з падобнымі гукамі сучасных славянскіх моў. З гэтае прычыны, рэканструяваныя праславянскія формы ў навуковых працах і этымалагічных слоўніках, як правіла, адпавядаюць гэтаму перыяду; Познепраславянскі (800—1000 гг., у Кіеўскай Русі, імаверна, — да сярэдзіны ХІІ ст.). Апошняя стадыя функцыянавання ўсяго славянамоўнага арэала як адзінай мовы. Гукавыя змены, як правіла, пашыраліся па ўсім арэале, але часта з прыкметнымі дыялектнымі адрозненнямі.
У гэтым артыкуле апісваецца ў першую чаргу сярэднепраславянскі перыяд мовы. Таксама ахопліваецца познепраславянскі перыяд у выпадку, калі значныя змены больш-менш аднолькава закранулі ўвесь славянамоўны арэал. Асобныя дыялектныя змены ў выпадку іх існавання на тым ці іншым адрэзку гісторыі мовы пазначаныя адпаведным чынам.
Лінгвістычная характарыстыка Фанетыка, фаналогія Ніжэй прыведзены гукавы лад, які рэканструюецца для сярэднепраславянскае мовы. Для запісу выкарыстоўваецца ўласны фанетычны запіс, прыняты ў славістыцы, які не супадае з IPA.
Галосныя
Графы «галосныя задняга рада» і «галосныя сярэдняга рада» могуць таксама разумецца як неагубленыя задняга рада і агубленыя задняга рада адпаведна. Тым не менш, агубленне галосных задняга рада было ўласцівым толькі для галосных *y ды *u. Агубленне іншых галосных насіла факультатыўны характар. Галосныя, пазначаныя як доўгія і кароткія, адрознівалі таксама паказчык якасці. Агулам, даўжыня галосных у праславянскай мове мела наступнае развіццё. Некаторыя лінгвісты пазбягаюць выкарыстання тэрмінаў кароткі і доўгі галосны, выкарыстоўваючы замест іх тэрміны слабы і напружаны.
Раннеславянскі перыяд — істотнае значэнне проціпастаўлення галосных паводле іх даўжыні, пра што сведчаць, напрыклад, грэчаскія транскрыпцыі славянскіх лексем або раннія славянскія запазычанні ў фіна-ўгорскіх мовах; Сярэднепраславянскі перыяд — даўжыня галоснага захоўвае сваё значэнне. Верагодна, сэнсаадрознівальныя функцыі выконвала якасць (гл. вышэй); Познепраславянскі перыяд — розны лёс развіцця доўгіх і кароткіх галосных, у выніку чаго першапачаткова кароткія галосныя набываюць кароткія адпаведнікі і наадварот (напрыклад, доўгі *o або кароткі *a). Кароткія галосныя верхняга ўздыму *ь/ĭ, *ъ/ŭ былі страчаныя або перайшлі ў галосныя сярэдняга ўздыму, што, такім чынам, пакінула іх доўгія пары *i, *y, *u без кароткіх адпаведнікаў. У выніку, якасць галоснага стала асноўным адрозненнем паміж галоснымі, тады як даўжыня стала абумоўлівацца націскам або іншымі рысамі і страціла сэнсаадрознівальную ролю.
Для праславянскае мовы рэканструюецца наступны лад галосных гукаў:
+ Кароткія Пяр.рада Сяр.рада Зад.радаВерх.ўздыму ь/ĭ ъ/ŭСяр.ўздыму e o Ніжн.ўздыму+ Доўгія Пяр.рада Сяр.рада Зад.радаВерх.ўздыму i y uСяр.ўздыму ěВерх.ўздыму a+ Насавыя (доўгія) Пяр.рада Сяр.рада Зад.радаВерх.ўздымуСяр.ўздыму ę ǫНіжн.ўздыму + Плаўныя дыфтонгі Пяр.рада Сяр.рада Зад.радаВерх.ўздыму ьl/ĭl, ьr/ĭr ъl/ŭl, ъr/ŭrСяр.ўздыму el, er ol, orВерх.ўздыму
Зычныя
Для сярэднепраславянскае мовы аднаўляецца наступны набор зычных гукаў:
+ЛабіяльныяПярэднеязычныяПалатальныяВелярныяНасавыя m n ňВыбухныя p b t d ť ď k gАфрыкаты c dz č (dž)Фрыкатывы s z š, ś ž xДрыжачыя r řЛатэральныя l ľАпраксіманты v j
*c пазначае глухую альвеалярную афрыкату [t͡s], *dz — яе звонкі аналаг [d͡z]; *š, *ž — постальвеалярныя [ʃ] і [ʒ] адпаведна; *č, *dž — постальвеалярныя афрыкаты [t͡ʃ] і [d͡ʒ] адпаведна, пры гэтым апошняя ўзнікала толькі ў сцячэнні зычных *ždž і ў наступным ва ўсіх славянскіх мовах развілася ў *ž; Вымаўленне *ť, *ď дакладна невядомае, але мяркуецца, што яны ўяўлялі сабою гемінаты (падвоеныя зычныя). Магчыма, яны мелі характар палаталізаваных зубных [tʲː dʲː] або палатальных [cː ɟː] як у сучаснай македонскай мове; *v, хутчэй за ўсё, уяўляў сабою лабіяльны апраксімант [ʋ]. Магчыма, яго алафонам у пэўных пазіцыях быў білабіяльны [w] (як у сучаснай славенскай мове); *l уяўляў сабою [l]. Верагодна, у многіх дыялектах ён мог набываць моцнае велярызаванае вымаўленне перад галоснымі задняга рада — [ɫ]; Санорныя *ľ *ň, хутчэй за ўсё, былі палаталізаванымі — [lʲ nʲ], або палатальнымі — [ʎ ɲ]; Вымаўленне *ř дакладна не ўстаноўлена, але, магчыма, ён быў блізкі да палаталізаванага дрыжачага [rʲ]. Гэты зычны ў якасці асобнай фанемы захаваўся толькі ў чэшскай, але існаваў таксама ў старажытных форм польскае мовы. У сучаснай польскай мове гэты гук зліўся з [ʒ] (запісваецца як ż), але польскае [ʒ] на месцы *ř дагэтуль захоўвае гістарычнае напісанне rz (напрыклад, straż, może, także, але orzeł, rzeka, krzak). У іншых мовах, у тым ліку ва ўсходнеславянскіх, *ř зліўся *r або дысіміляваўся ў *rj; *ś уяўляў сабою [sʲ] або, магчыма, [ɕ]. Гэты зычны зліўся з *š у заходнеславянскіх, з *s — у іншых дыялектах.
Нязначная палаталізацыя, верагодна, магла існаваць для ўсіх зычных у становішчы перад галоснымі пярэдняга рада. Разам з гэтым, страчаны ер (*ь/ĭ, гл. вышэй) у большасці слоў заходнеславянскіх і ўсходнеславянскіх моў перайшоў у палаталізацыю зычнага, што стаяў перад ерам.
Прасодыя
Як і праіндаеўрапейская мова, кожнае слова праславянскае мовы мела націскны склад. Націск мог падаць на любы склад слова і меў фанематычнае значэнне. Націск мог быць рухомым: пры скланенні слова ў залежнасці ад ягонага канчатка націск мог мець сталую фіксаваную пазіцыю або перамяшчацца на іншыя склады.
Галосны мог мець музычны націск. У сярэднепраславянскай мове ўсе націскныя доўгія галосныя, насавыя і плаўныя дыфтонгі мелі адрозненне паводле двух тонаў, вядомых як акутны і цыркумфлексны: першы ўяўляў сабою ўзыходную інтанацыю, другі — сыходную. Кароткія галосныя (*e *o *ь/ĭ ъ/ŭ) не мелі тонавага адрознення і заўсёды вымаўлялілся з сыходнаю інтанацыяй. Ненаціскныя галосныя не мелі танальных адрозненняў, але маглі проціпастаўляцца паводле сваёй даўжыні. Падобныя прасадычныя абмежаванні дагэтуль захоўваюцца ў славенскай мове.
У познепраславянскі перыяд адбыўся шэраг змен у гэтых галінах прасодыі. Так, доўгія галосныя з акутным націскам, як правіла, скараціліся, пераўтварыўшыся такім чынам у кароткія галосныя з узыходнаю інтанацыяй. Некаторыя кароткія галосныя падоўжылся, у выніку чаго ўтварыліся новыя доўгія галосныя з сыходнаю інтанацыяй. Развіўся новы тып націску, вядомы як новаакутны, які ўзнікаў у выніку пераходу націску на папярэдні склад; гэтая інавацыя ўзнікла ў часы дыялектнага раздзялення праславянскае мовы і скарачэння галосных з акутным і цыркумфлексным націскамі (гл. вышэй). Таму няясна, ці быў у развіцці якога-небудзь праславянскага дыялекта такі перыяд, калі тры фанетычна розныя тыпы націску суіснавалі адначасова. Тым не менш, у сукупнасці гэтыя змены істотна паўплывалі на размеркаванне тонаў і даўжыні галосных. Гэта прывяло да таго, што у канцы познепраславянскага перыяду амаль любы галосны мог быць кароткім або доўгім, а амаль любы націскны галосны — мець сыходны або ўзыходны тон.
Большая частка складоў у сярэднепраславянскай мове былі адкрытымі. Існавалі таксама закрытыя склады, але яны маглі сканчвацца толькі на плаўныя (*l або *r, утвараючы такім чынам плаўны дыфтонг) або мець кароткі папярэдні галосны. Дапускаліся таксама сцячэнні зычных, але толькі ў пачатку складу. Такія скапленні ўтваралі склад з наступным гукам і поўнасцю былі часткаю складу (напрыклад, -stv- у слове *bogatĭstvo «багацце» з'яўлялася часткаю складу -stvo).
У пачатку познепраславянскага перыяду ўсе або амаль усе склады ператварыліся ў адкрытыя ў выніку змяненняў у плаўных дыфтонгах. У прыватнасці, склады з плаўнымі дыфтонгамі, што пачыналіся на o або e, перайшлі ў адкрытыя (напрыклад, *tort > *trot, *trat або *torot). Выключэннем з гэтае заканамернасці сталі паўночныя лехіцкія мовы (кашубская, палабская і славінская), дзе не назіраецца мэтатэзы, але адбылося падаўжэнне складоў (напрыклад, пр.-слав. *gord > кашуб. gard, палабск. gord «горад»). У заходнеславянскіх і паўднёваславянскіх плаўныя дыфтонгі, што пачыналіся з ĭ або ŭ таксама ператварыліся ў адкрытыя склады, пры гэтым наступны плаўны ператвараўся ў складовы санорны (у палатальны — пасля ĭ, непалатальны — пасля ŭ). Урэшце, гэта прывяло да знікнення закрытых складоў у гэтых мовах. Паўднёваславянскія і чэшска-славацкія мовы, як правіла, захавалі складовыя санорныя, аднак лехіцкія (напрыклад, польская) развілі ў гэтых пазіцыях спалучэнні тыпу VC або CV (дзе C — зычны, V — галосны). Ва ўсходнеславянскіх мовах, у сваю чаргу, плаўныя дыфтонгі з ĭ ды ŭ, магчыма, таксама ператварыліся ў складовыя санорныя, але, як лічыцца, праз некаторы час гэтая ўласцівасць была страчана.
Марфалогія, сінтаксіс